Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 верасня 2017, 15:55

Аб гасцініцах, транспарце і харчаванні: Шорац далажыў Лукашэнку, як Мінск рыхтуецца да Еўрагульняў

7 верасня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Работа па падрыхтоўцы да правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе ў Мінску наладжана па ўсіх напрамках. Аб гэтым старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац далажыў сёння Прэзідэнту Беларусі, прэзідэнту Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандру Лукашэнку на пашыраным пасяджэнні Выканкама НАК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Андрэя Шорца, асноўныя спартыўныя аб'екты, якія будуюцца ў Мінску, плануецца здаць у адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы. Так, Цэнтр мастацкай гімнастыкі будзе ўведзены ў эксплуатацыю 8 сакавіка 2018 года, інтэрнат студэнцкай вёскі - да студзеня 2019-га, спарткомплекс па вул. Філімонава - у лютым 2018-га, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр спорту - 1 верасня 2018 года. "Усе яны знаходзяцца пад кантролем", - сказаў мэр.

Старшыня Мінгарвыканкама далажыў, што распрацоўваецца комплексны план транспартнага абслугоўвання, у якім улічаны ўсе патрэбнасці па набыцці транспартных сродкаў для абслугоўвання ўдзельнікаў і гасцей Еўрапейскіх гульняў. Ён падкрэсліў, што кожны аўтобус і аўтамабіль будуць выкарыстоўвацца з максімальнай эфектыўнасцю.

У беларускай сталіцы працуюць 50 гасцініц, яны гатовы прыняць каля 11,4 тыс. гасцей. Да пачатку 2019 года лічбу плануецца павялічыць да 12,7 тыс. "Будзе падпісаны мемарандум з усімі аператарамі сродкаў размяшчэння. Ён прадугледжвае, што мы не дапусцім павелічэння кошту пражывання, што будзе сфарміраваны на 1 студзеня 2019 года. Гэта датычыцца як дзяржаўнага, так і прыватнага сектара", - звярнуў увагу Андрэй Шорац.

Акрамя таго, балельшчыкаў і валанцёраў размесцяць у інтэрнаты, санаторыі і дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, якія знаходзяцца ў Мінску і недалёка ад яго. Пры гэтым абавязкова будзе арганізавана дастаўка грамадзян да месца спаборніцтваў. Яшчэ падмогай стануць кватэры, якія турысты арандуюць пасутачна. Паводле афіцыйных даных, такіх сродкаў размяшчэння ў Мінску каля 1 тыс.

"Адно з самых складаных, з нашага пункту гледжання, мерапрыемстваў - арганізацыя сістэмы харчавання, якая прадугледжвае адначасова ў адным павільёне харчаванне амаль трох тысяч удзельнікаў гульняў і валанцёраў, - адзначыў старшыня Мінгарвыканкама. - Мы вядзём перагаворы з пяццю аператарамі. Да лістапада падвядзём вынікі і выберам таго, які дазволіць выкарыстоўваць нашы вытворчыя базы, спецыялістаў і прадукты, зможа арганізаваць харчаванне ў кругласутачным рэжыме".

Гарадскія ўлады таксама маюць намер умацаваць матэрыяльную базу медыцынскіх устаноў, гэта будзе падмогай не толькі ў час правядзення спаборніцтваў, але і ў далейшай рабоце лячэбных устаноў.

"У цэлым работа па ўсіх напрамках арганізавана. Упэўнены, што мы ўсе задачы, якія ставяцца перад намі, выканаем", - рэзюмаваў Андрэй Шорац.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі