Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

У Грэцыі пасля моцных пажараў рэарганізавана ведамства па барацьбе з надзвычайнымі сітуацыямі

У свеце 09.08.2018 | 17:03
Алексіс Цыпрас. Фота AP
Алексіс Цыпрас. Фота AP

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас аб'явіў аб скасаванні Генеральнага сакратарыята па грамадзянскай абароне, замест якога будзе дзейнічаць Нацыянальная служба па барацьбе з надзвычайнымі сітуацыямі, паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы.

Рашэнне было прынята пасля таго, як краіна сутыкнулася з моцнымі пажарамі, якія прывялі да гібелі дзясяткаў чалавек. Для таго каб прадухіліць такія катастрофы ў будучым і выпрацаваць надзейную сістэму рэагавання на выпадак надзвычайных сітуацый, урад правёў рэарганізацыю сістэмы грамадзянскай абароны.

Да гэтага Генеральны сакратарыят па грамадзянскай абароне, які ўваходзіў у склад Міністэрства ўнутраных спраў Грэцыі, адказваў за падрыхтоўку і каардынацыю дзеянняў па папярэджанні і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў, а таксама эвакуацыю грамадзян. Замест сакратарыята ў структуры МУС будзе створана Нацыянальная служба па барацьбе з надзвычайнымі сітуацыямі.

Мадэрнізаваны орган будзе ўключаць у сябе пастаянны навуковы савет са спецыялістаў усіх навукова-даследчых інстытутаў і ўстаноў краіны, якія ўдзельнічаюць у барацьбе са стыхійнымі бедствамі. Акрамя таго, будзе сфарміраваны пастаянна дзеючы аперацыйны штаб з прадстаўнікоў пажарнай брыгады, хуткай дапамогі, берагавой аховы, паліцыі, грэчаскага аддзялення таварыства Чырвонага Крыжа, арганізацый добраахвотнікаў, генеральных штабоў розных відаў узброеных сіл, лясной службы, тэхнічных службаў і дырэкцый Міністэрства інфраструктуры і транспарту.

Алексіс Цыпрас таксама паведаміў, што ўрад ужо выдзеліў з бюджэту 500 млн еўра на паляпшэнне мер абароны Грэцыі ад стыхійных бедстваў.

З пачатку ліпеня ў Грэцыі стаяла вельмі гарачае надвор'е: слупок тэрмометра падымаўся да 38-40 градусаў па Цэльсіі. У панядзелак, 23 ліпеня, вакол Афін узнікла адразу некалькі буйных ачагоў лясных пажараў: паблізу горада Кінета за 50 км на захад ад Афін, ва ўсходняй частцы Атыкі і ў раёне мястэчка Каламас. Найбольш значны ўрон быў нанесены курортнаму населенаму пункту Маты, які быў амаль цалкам знішчаны агнём.

Да гэтага часу колькасць загінулых у выніку стыхійнага бедства дасягнула 93 чалавек.

Ёсць версіі, што прычынай узгарання акрамя гарачыні маглі стаць наўмысныя падпалы, тэхнічная няспраўнасць кабеля грэчаскай электрычнай карпарацыі і халатнасць пры спальванні травы.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://blr.belta.by/world/view/u-gretsyi-paslja-motsnyh-pazharau-rearganizavana-vedamstva-pa-baratsbe-z-nadzvychajnymi-situatsyjami-71025-2018/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2018 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА