Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

Нацбанк аб сітуацыі з Trade 12: банкі садзейнічаюць у вяртанні грошай беларусам

Грамадства 09.08.2018 | 19:55
Фота з архіва
Фота з архіва

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк у сувязі з масавым паступленнем зваротаў грамадзян пракаменціраваў сітуацыю з замежнай арганізацыяй Global Fin Services Limited (гандлёвая марка Trade 12). Звароты звязаны з тым, што грамадзяне спрабуюць аспрэчыць пераводы грошай з картак беларускіх банкаў на карысць Trade 12, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.

Нацбанк інфармаваў Асацыяцыю беларускіх банкаў аб узнікаючых у трымальнікаў картак складанасцях пры аспрэчванні аперацый на карысць Trade 12. Гэта было зроблена для таго, каб АББ разам з банкамі разгледзела магчымасці садзейнічання ў апратэставанні. Нацбанк таксама накіраваў пісьмы ў адрас МПС Mastercard і Visa з просьбай аказаць садзейнічанне ў гэтай сітуацыі.

Асацыяцыя беларускіх банкаў паведаміла, што аспрэчванне аперацый магчыма ў адпаведнасці з правіламі МПС Mastercard і Visa, але толькі па прычынах, вызначаных гэтымі правіламі. Пры гэтым для кожнай з прычын правілы МПС устанаўліваюць абавязковыя ўмовы, пры адсутнасці якіх банк-эмітэнт не мае права ініцыіраваць аспрэчванне аперацыі.

МПС Mastercard паведаміла, што апратэставанне інвестаперацый і вяртанне па іх грошай магчымы, калі трымальнік карткі свядома не ажыццяўляў/не аўтарызаваў пералічэнне грошай на рахункі кампаніі. Калі ён гэта зрабіў, то паслуга лічыцца прадастаўленай. Адпаведна, такія аперацыі не апратэстоўваюцца з абгрунтаваннем "паслуга не прадастаўлена". Пры гэтым, каб не дапусціць далейшае негатыўнае развіццё сітуацыі, МПС Mastercard прынята рашэнне аб блакіраванні пераводаў пры выкарыстанні картак беларускіх банкаў у адрас Trade 12.

МПС Visa звярнула ўвагу на тое, што банкі - эмітэнты картак могуць апратэстоўваць аперацыі, калі гандляры бінарнымі апцыёнамі або інвестыцыйнымі паслугамі ствараюць трымальнікам картак перашкоды для вываду грошай. Працэдуру апратэставання могуць ініцыіраваць толькі банкі - удзельнікі МПС Visa. Пры гэтым пытанне аб кампенсаванні разглядаецца ў кожным канкрэтным выпадку індывідуальна банкам і яго кліентам.

Асацыяцыя беларускіх банкаў праінфармавала Нацыянальны банк, што заявы кліентаў аб апратэставанні аперацый, якія паступаюць у банкі-эмітэнты, разглядаюцца імі па правілах МПС Mastercard і Visa ў індывідуальным парадку. Пры гэтым банкі аказваюць магчымае садзейнічанне сваім кліентам у вяртанні грашовых сродкаў па аспрэчваемых аперацыях.

Заканадаўства Беларусі не забараняе атрыманне беларускімі грамадзянамі адпаведных фінансавых паслуг, якія прадастаўляюцца замежнымі юрыдычнымі асобамі. Разам з тым у Нацбанку нагадалі, што пры прыняцці рашэння аб плацяжах па такіх паслугах грамадзяне павінны самастойна аналізаваць ступень фінансавых рызык.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://blr.belta.by/society/view/natsbank-ab-situatsyi-z-trade-12-banki-sadzejnichajuts-u-vjartanni-groshaj-belarusam-71035-2018/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2018 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА