Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

Дабрачынная дапамога ўдзельнікаў акцыі "Нашы дзеці" перавысіла Br1,1 млн

Грамадства 11.01.2018 | 13:24
Фота з архіва
Фота з архіва

11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзельнікі навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" перадалі ў дзіцячыя дамы матэрыяльную дапамогу, абсталяванне і падарункі на Br1 млн 180 тыс. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Раіса Сідарэнка адзначыла, што гэта сума значна перавышае памер дапамогі, аказанай у папярэднія гады. "Рэспубліканскія органы перадалі ў дзіцячыя ўстановы матэрыяльную дапамогу, абсталяванне і падарункі ў памеры Br1 млн 180 тыс., што на Br260 тыс. больш, чым у папярэднюю акцыю, і ў два разы больш, чым у перыяд акцыі 2015 года. У гэтай суме не ўлічаны падарункі Прэзідэнта, якія былі дадаткова накіраваны ва ўстановы спецыяльнай адукацыі, - гэта 2,5 тыс. развіваючых гульняў, такая ж колькасць салодкіх падарункаў", - канстатавала яна.

Намеснік міністра звярнула ўвагу, што акрамя гэтага ў рамках акцыі "Нашы дзеці" ў дзіцячы анкалагічны цэнтр было накіравана Br96 тыс. "У гэтым годзе зусім нечакана для нас з'явілася ініцыятыва прадпрымальнікаў, якія ў якасці спонсарскай дапамогі сабралі Br96 тыс. і накіравалі гэтыя грошы ў анкалагічны цэнтр для дзяцей. Калі з'яўляюцца такія ініцыятывы, мы разумеем, што акцыя "Нашы дзеці" - адна з самых важных і патрэбных у нашай краіне", - сказала Раіса Сідарэнка.

На рэспубліканскім узроўні ў навагодняй дабрачыннай акцыі прынялі ўдзел больш як 14 тыс. дзяцей. Гэта былі не толькі дзеці-сіроты, але і адораныя дзеці, дзеці са шматдзетных сем'яў, наогул тыя, хто патрабуе асаблівай увагі, у тым ліку і з боку дзяржавы.

У Беларусі завяршылася навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці". Кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведвалі дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем'і, дзіцячыя бальніцы, аказвалі ім дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем, уручалі падарункі. Акцыя прайшла пад патранатам Прэзідэнта з 11 снежня 2017 года па 10 студзеня 2018-га.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://blr.belta.by/society/view/dabrachynnaja-dapamoga-udzelnikau-aktsyi-nashy-dzetsi-peravysila-br11-mln-65243-2018/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2018 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА