Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

Заявы аб запатрабаванасці СНД трэба падмацоўваць канкрэтнымі крокамі ў эканамічнай сферы - Лукашэнка

Прэзідэнт 11.10.2017 | 16:04
Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

11 кастрычніка, Сочы /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Заявы аб запатрабаванасці СНД трэба падмацаваць канкрэтнымі дзеяннямі, перш за ўсё ў эканамічнай сферы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Сочы ў вузкім складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што мінуў год з дня прыняцця ў Бішкеку рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў аб адаптацыі СНД да сучасных рэалій. Дакумент змяшчае дакладныя ўстаноўкі па развіцці і ўмацаванні Садружнасці. Лідары ўсіх краін пагадзіліся з неабходнасцю захавання арганізацыі. "Але мы па-ранейшаму топчамся на месцы. Заяву аб запатрабаванасці Садружнасці трэба падмацаваць канкрэтнымі дзеяннямі", - заклікаў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што мэта практычна кожнага рэгіянальнага аб'яднання - узаемная адкрытасць рынкаў і роўныя ўмовы гаспадарання. "Мы маем для гэтага добрую аснову - дагавор аб зоне свабоднага гандлю. Ён прадугледжвае, што адным з наступных крокаў павінна стаць забеспячэнне роўных умоў доступу да дзяржзакупак. У мінулым годзе пяццю дзяржавамі падпісаны пратакол аб правілах і працэдурах рэгулявання дзяржзакупак. Ідзе работа па яго рэалізацыі. Пад гэтым дакументам няма подпісаў асобных кіраўнікоў дзяржаў: Казахстана, Малдовы і Украіны. А гэта значыць, што мы зноў будзем мець выключэнні, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - З аднаго боку, заяўляем аб адкрытасці ў гандлі, з іншага - не дапускаем адзін аднаго да закупак у дзяржсектары, які фарміруе значную долю рынку".

Асобнае пытанне - стварэнне зоны свабоднага гандлю паслугамі. "Усе добра ведаюць, як ідзе работа над адпаведным пагадненнем. Збіраюцца эксперты, бяруць стары тэкст, мяняюць месцамі абзацы і накіроўваюць дакумент на разгляд. Праз два-тры месяцы сітуацыя паўтараецца. І так гадамі. У праекта каардынатара няма, а Выканкам, шчыра кажучы, з гэтай роляй не справіўся", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў звярнуць асаблівую ўвагу на гэтыя праблемы, паколькі менавіта гандаль і эканоміка з'яўляюцца фундаментам любых адносін. "Рэальны рух па двух напрамках, якія я абазначыў, удыхне ў арганізацыю жыццё. У адваротным выпадку СНД так і будзе заставацца ў сферы добрых намераў. Трэба даць неабходныя даручэнні нашым кабінетам міністраў, каб узнятыя тэмы былі разгледжаны", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://blr.belta.by/president/view/zajavy-ab-zapatrabavanastsi-snd-treba-padmatsouvats-kankretnymi-krokami-u-ekanamichnaj-sfery-lukashenka-62719-2017/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2016 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА