Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

ЕАЭС павінен сам даказаць сваю прыцягальнасць для трэціх дзяржаў - Лукашэнка

Прэзідэнт 14.05.2018 | 18:30

14 мая, Сочы /Кар. БЕЛТА/. Еўразійскі эканамічны саюз павінен сам даказаць сваю прыцягальнасць для трэціх дзяржаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Сочы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы ў якасці паспяховага этапу сумеснай работы краін у ЕАЭС адзначыў распрацаваны праект палажэння аб статусе дзяржавы-наглядальніка. "Але нельга рабіць неабдуманых крокаў, асабліва калі краіны не гатовы да ўстанаўлення больш цесных кантактаў з нашай арганізацыяй. ЕАЭС павінен сам даказаць сваю прыцягальнасць для трэціх дзяржаў", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь падтрымлівае прыняты лічбавы парадак дня Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года. "Гатовы ўдзельнічаць у ініцыятывах у сферы лічбавага гандлю, электроннай лагістыкі і лічбавых транспартных калідораў. Неабходна стварыць сумесныя тэхнічныя і прававыя ўмовы, якія даюць магчымасць аб'ядноўваць нашы нацыянальныя сістэмы ў інтэграцыйныя лічбавыя платформы", - сказаў ён.

Дагаворна-прававая база ЕАЭС пастаянна ўдасканальваецца. Так, завершана ўзгадненне праекта пагаднення аб міжнародных дагаворах з трэцімі дзяржавамі, арганізацыямі і інтэграцыйнымі аб'яднаннямі. "Важна, каб гэты дакумент не стаў сухой інструкцыяй, а надаў новы імпульс перагаворным працэсам з нашымі партнёрамі - як падкрэсліў Прэзідэнт Казахстана, патрэбнымі для нас партнёрамі. Я ў гэтым плане яго падтрымліваю", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Акрамя таго, ствараецца некалькі спецыяльных галіновых органаў саюза. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба зрабіць усё, каб іх работа была арыентавана на вырашэнне канкрэтных праблем і яны змаглі ўнесці важкі ўклад у стварэнне агульнага рынку без выключэнняў і абмежаванняў.

"Наш інтэграцыйны праект будзе развівацца толькі пры выкананні чатырох асноўных свабод, якія замацаваны ў Дагаворы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Вельмі важна цаніць і выконваць дасягнутыя дамоўленасці, вырашаць самыя складаныя праблемы, апіраючыся на намі ж створаныя правілы, паважаць адзін аднаго, як гэта прынята ў саюзнікаў і дзелавых партнёраў. Беларусь настроена менавіта на такі стыль далейшых адносін", - заявіў Прэзідэнт.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://blr.belta.by/president/view/eaes-pavinen-sam-dakazats-svaju-prytsjagalnasts-dlja-tretsih-dzjarzhau-lukashenka-68839-2018/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2018 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА