Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

Сустрэча кіраўнікоў урадаў краін ЦЕІ пройдзе ў Мінску 12 снежня

Палітыка 07.12.2017 | 13:25
Фота з архіва
Фота з архіва

7 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сустрэча кіраўнікоў урадаў краін Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы пройдзе ў Мінску 12 снежня. Аб гэтым паведаміў сёння на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле інфармацыі на сёння, на высокім урадавым узроўні ў мерапрыемстве будуць удзельнічаць Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Харватыя, Македонія, Малдова, Сербія, Славакія і Славенія. Ад шэрага краін яшчэ чакаецца пацвярджальная інфармацыя.

Асноўная тэма саміту - роля краін ЦЕІ ў пашырэнні сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці розных інтэграцыйных працэсаў у Вялікай Еўропе, умацаванне прагматычнага эканамічнага супрацоўніцтва паміж рознымі інтэграцыйнымі структурамі, аб'яднанне намаганняў у процістаянні новым пагрозам стабільнасці ў рэгіёне.

Будзе прыняты план дзеянняў ЦЕІ на 2018-2020 гады. Гэта асноўны дакумент арганізацыі, ён вызначае напрамкі праектнай дзейнасці на перспектыву для краін-членаў. У ходзе сустрэчы старшынства ў ЦЕІ будзе перададзена ад Беларусі Харватыі.

Што датычыцца беларускага старшынства ў ЦЕІ, то яно было вельмі паспяховым, адзначыў Дзмітрый Мірончык. "Гэта пацвярджаюць нашы партнёры, ды і па ўласных адчуваннях нашы рэзультаты вельмі пазітыўныя", - сказаў ён.

У рамках беларускага старшынства ў Мінску ў чэрвені прайшла сустрэча міністраў замежных спраў краін - членаў ЦЕІ. Паспяховай была міністэрская канферэнцыя па навуцы, прысвечаная развіццю біятэхналогій і фармацэўтыцы. Гэты фармат і раней існаваў у ЦЕІ, але пасля шматгадовага перапынку ён быў адноўлены Беларуссю і стаў вельмі запатрабаваным. Упершыню ў гісторыі ЦЕІ Беларусь у рамках свайго старшынства правяла сустрэчу кіраўнікоў гандлёва-прамысловых палат краін - членаў арганізацыі.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://blr.belta.by/politics/view/sustrecha-kiraunikou-uradau-krain-tsei-projdze-u-minsku-12-snezhnja-64440-2017/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2017 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА