Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

Памочнікі дэпутатаў і экс-кандыдат у прэзідэнты вылучаны на мясцовых выбарах па Мінску

Палітыка 12.01.2018 | 13:39
Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Памочнікі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, кіраўнікі кінатэатраў і экс-кандыдат у прэзідэнты вылучыліся на мясцовых выбарах па Мінску, паведаміла сёння журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Мінску балаціруюцца два дырэктары кінатэатраў - "Салют" і "Камсамолец", два памочнікі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, чатыры студэнты ВНУ і два адвакаты", - расказала Лідзія Ярмошына.

Акрамя таго, сярод тых, хто падаў дакументы на вылучэнне, экс-кандыдат на апошніх прэзідэнцкіх выбарах, прарэктар па вучэбнай рабоце БНТУ, генеральны дырэктар ААТ "Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі", дырэктар УП "Універмаг "Беларусь", генеральны дырэктар Нацыянальнага аэрапорта Мінск, галоўны ўрач 36-й паліклінікі, дырэктар ААТ "Галантэя", старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, дырэктар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, першы прарэктар МІТСО, генеральны дырэктар страхавой кампаніі "Белдзяржстрах".

Ёсць таксама адзін грамадзянін Беларусі, які, паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, актыўна ўдзельнічае ва ўсіх выбарчых кампаніях, асабліва прэзідэнцкіх, але статус кандыдата пакуль не атрымаў. "Нядаўна ён падаў заяву ў адрас маёй калегі Элы Памфілавай (старшыні ЦВК Расіі. - Заўвага БЕЛТА) аб рэгістрацыі яго кандыдатам у прэзідэнты Расійскай Федэрацыі", - адзначыла кіраўнік беларускага Цэнтрвыбаркама.

Мясцовыя выбары пройдуць у Беларусі 18 лютага, прагаласаваць датэрмінова можна будзе з 13 па 17 лютага. Кандыдатамі ў дэпутаты вылучаны 22,7 тыс. чалавек. Цяпер пададзеныя на вылучэнне дакументы праходзяць праверку ў мясцовых выбаркамах, на падставе гэтага будуць прымацца рашэнні аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Гэты этап выбарчай кампаніі прадоўжыцца па 18 студзеня. Адразу пасля рэгістрацыі кандыдаты могуць пачаць агітацыю - выступаць у СМІ, праводзіць мітынгі і пікеты, знаёміць выбаршчыкаў са сваімі праграмамі. Агітацыя прадоўжыцца па 17 лютага ўключна, у асноўны дзень выбараў яна забаронена.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://blr.belta.by/politics/view/pamochniki-deputatau-i-eks-kandydat-u-prezidenty-vyluchany-na-mjastsovyh-vybarah-pa-minsku-65279-2018/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2018 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА