Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

Кабякоў і Йылдырым абмяркуюць у Мінску беларуска-турэцкія адносіны

Палітыка 13.02.2018 | 14:52
Андрэй Кабякоў. Фота з архіва
Андрэй Кабякоў. Фота з архіва

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перагаворы прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова з прэм'ер-міністрам Турцыі Біналі Йылдырымам пройдуць 14 лютага ў Мінску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.

Перагаворы адбудуцца ў вузкім і пашыраным складах. Па іх выніках плануецца падпісанне шэрага дакументаў, у прыватнасці, пагаднення паміж урадамі Беларусі і Турцыі аб узаемным садзейнічанні ажыццяўленню і абароне інвестыцый, міжурадавага пагаднення аб міжнароднай змешанай перавозцы тавараў. Рыхтуецца да падпісання план мерапрыемстваў па рэалізацыі мемарандума аб узаемаразуменні па пытаннях тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Беларусі і Турэцкім інстытутам стандартаў.

З удзелам прэм'ер-міністраў 15 лютага пройдзе Беларуска-турэцкі дзелавы форум. Прадстаўнікі суб'ектаў гаспадарання Беларусі і Турцыі абмяркуюць перспектывы эканамічнага супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, уключаючы машынабудаванне, хімічную прамысловасць, тэкстыльную галіну, дрэваапрацоўку, лагістыку, інфармацыйныя тэхналогіі. Чакаецца, што ў форуме прымуць удзел не менш як 200 чалавек.

Тавараабарот Беларусі і Турцыі ў 2017 годзе склаў $942,2 млн. Асноўныя крыніцы экспарту ў Турцыю - калійныя ўгнаенні, стальныя паўфабрыкаты, прадукты нафтахіміі, сінтэтычныя валокны і ніці, сельскагаспадарчыя тавары. Асноўныя пазіцыі турэцкага імпарту - сельскагаспадарчыя тавары, вырабы лёгкай прамысловасці, сінтэтычныя ніці, кампаненты для сельскагаспадарчай тэхнікі. Па выніках 9 месяцаў 2017 года аб'ём турэцкіх інвестыцый у эканоміку Беларусі склаў $40,4 млн. На тэрыторыі рэспублікі працуюць каля 300 суб'ектаў гаспадарання з турэцкім капіталам.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Турцыяй устаноўлены 25 сакавіка 1992 года. У абедзвюх краінах адкрыты пасольствы, у Стамбуле дзейнічае генеральнае консульства Беларусі.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://blr.belta.by/politics/view/kabjakou-i-jyldyrym-abmjarkujuts-u-minsku-belaruska-turetskija-adnosiny-66175-2018/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2018 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА