Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

Фармгаліна Беларусі прэзентавана на міжнародным бізнес-форуме ў Таджыкістане

Эканоміка 16.05.2018 | 15:31

16 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фармацэўтычная галіна Беларусі прэзентавана на міжнародным бізнес-форуме "Беларусь - Таджыкістан - Афганістан". Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства аховы здароўя са спасылкай на начальніка аддзела знешніх сувязей міністэрства Анатоля Грушкоўскага, паведамляе БЕЛТА.

У час візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі дэлегацыя Міністэрства аховы здароўя на чале з міністрам аховы здароўя Валерыем Малашкам знаходзіцца ў Душанбэ. Тут праходзяць вялікія мерапрыемствы, прысвечаныя Беларусі. Сярод іх другі міжнародны бізнес-форум "Беларусь - Таджыкістан - Афганістан", у ходзе якога генеральны дырэктар кіруючай кампаніі холдынга "Белфармпрам" Валерый Шаўчук выступіў з прэзентацыяй фармацэўтычнай галіны Беларусі. Прайшлі перагаворы з буйнейшымі таджыкскімі і афганскімі фармацэўтычнымі кампаніямі.

Раней Валерый Малашка і міністр аховы здароўя і сацыяльнай абароны насельніцтва Таджыкістана Насім Хаджа Алімзада на сустрэчы абмеркавалі такія пытанні, як абмен вопытам у галіне аховы здароўя, лячэнне таджыкскіх грамадзян у вядучых РНПЦ Беларусі, навучанне студэнтаў у беларускіх ВНУ, пастаўкі лякарстваў на таджыкскі рынак.

У час візіту зроблены рэальныя крокі для паглыблення супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Так, падпісаны пагадненні паміж Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і Міністэрствам аховы здароўя і сацыяльнай абароны насельніцтва Таджыкістана, Беларускім дзяржаўным медуніверсітэтам і Таджыкскім дзяржаўным медуніверсітэтам.

У сталіцы Таджыкістана Душанбэ 15 мая афіцыйна адкрылася Нацыянальная выстаўка Беларусі, на якой прадстаўлены вядучыя фармацэўтычныя арганізацыі, вытворцы медыцынскага абсталявання і ўстановы аховы здароўя.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://blr.belta.by/economics/view/farmgalina-belarusi-prezentavana-na-mizhnarodnym-biznes-forume-u-tadzhykistane-68902-2018/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2018 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА