Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

Рэжысёрскі конкурс ідэй для спектакляў аб'яўлены ў Беларусі

Культура 12.10.2017 | 15:09

12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Конкурсны адбор рэжысёрскіх эксплікацый (распрацовак задум будучых спектакляў) праходзіць з 9 кастрычніка па 1 снежня ў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве культуры.

Конкурс прызначаны выяўляць і падтрымліваць таленавітых рэжысёраў і іх творчыя эксперыменты ў галіне тэатральнага мастацтва з мэтай далейшага стварэння пастановак. Да ўдзелу запрашаюцца не толькі беларусы, але і іншаземцы, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне, - прафесійныя рэжысёры тэатраў, студэнты па спецыяльнасцях "рэжысура тэатра (драматычны тэатр)", "народная творчасць (тэатральная)", іншыя творчыя, педагагічныя работнікі, работнікі культуры з вопытам пастаноўкі спектакляў. Абмежаванне па ўзросце - да 45 гадоў.

Творчае выкананне эксплікацыі павінна ілюстраваць галоўную ідэю будучага спектакля, змяшчаць драматургічны аналіз п'есы ці іншай літаратурнай першакрыніцы (калі такая ёсць), характарыстыкі персанажаў, вызначэнне стылю і жанру пастаноўкі, асаблівасці акцёрскага выканання, распрацоўку рашэння спектакля ў часе і прасторы. Арыенціровачны кошт стварэння пастаноўкі не павінен перавышаць Br20 тыс.

Сцэнічнымі пляцоўкамі для правядзення конкурсу стануць Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Нацыянальны акадэмічны драмтэатр імя М. Горкага, Нацыянальны акадэмічны драмтэатр імя Якуба Коласа, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, заслужаны калектыў Беларусі Тэатр-студыя кінаакцёра РУП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў.

Арганізатарамі конкурсу з'яўляюцца Міністэрства культуры, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларускі саюз тэатральных дзеячаў і ўсе вышэйпералічаныя тэатральна-відовішчныя арганізацыі.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://blr.belta.by/culture/view/rezhyserski-konkurs-idej-dlja-spektakljau-abjauleny-u-belarusi-62765-2017/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2017 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА