Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

Музей фартыфікацыі і ўзбраення плануецца стварыць у V форце Брэсцкай крэпасці

Культура 11.08.2017 | 10:17
V форт Брэсцкай крэпасці. Фота з архіва
V форт Брэсцкай крэпасці. Фота з архіва

11 жніўня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Музей фартыфікацыі і ўзбраення плануецца стварыць у перспектыве на тэрыторыі V форта Брэсцкай крэпасці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык філіяла "Пяты фронт" мемарыяльнага комплексу Аляксандр Каркатадзэ.

Цяпер распрацоўваецца канцэпцыя пастаяннай экспазіцыі. Ідэя ў тым, каб расказаць аб гісторыі Брэст-Літоўскай крэпасці як аб унікальным фартыфікацыйным збудаванні, паказаць, як выглядаў V форт у канцы XIX - пачатку ХХ стагоддзяў. У прыватнасці, плануецца стварыць інтэр'еры жылых казематаў, сістэму вентыляцыі, у капанірах устанавіць макеты зброі, у профілі абарончага вала абсталяваць стралковыя і артылерыйскія пазіцыі. Таксама былую моц крэпасці наглядна прадэманструюць рарытэтныя фатаграфіі, планы і чарцяжы.

"Штогод "Пяты фронт" Брэсцкай крэпасці наведваюць больш як 14 тыс. турыстаў, амаль 250 экскурсійных груп. Пастаянная экспазіцыя зрабіла б яго адным з самых наведвальных музеяў Брэсцкай крэпасці", - упэўнены Аляксандр Каркатадзэ. Ён дадаў, што рэалізацыя праекта патрабуе немалых фінансавых укладанняў. Адным з варыянтаў ажыццяўлення ідэі з'яўляецца прыцягненне сродкаў Саюзнай дзяржавы.

V форт уваходзіў у лік абарончых аб'ектаў Брэст-Літоўскай крэпасці другой лініі. Ён пабудаваны ў 1879-1880 гадах і ў царскі час неаднаразова рэканструяваўся. Бастыён быў узведзены з цэглы, абнесены земляным валам і запоўненым вадой ровам. У яго тыльнай частцы была пабудавана казарма для гарнізона. У франтальнай частцы знаходзіўся пярэдні капанір, ад якога да казармы вёў цэнтральны падземны калідор, які звязвае паміж сабой розныя пабудовы форта.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://blr.belta.by/culture/view/muzej-fartyfikatsyi-i-uzbraennja-planuetstsa-stvaryts-u-v-fortse-brestskaj-krepastsi-60850-2017/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2016 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА