Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

Беларускі фільм "Тум-Пабі-Дум" выходзіць у пракат з 25 студзеня

Культура 12.01.2018 | 16:01
Кадр з трэйлера "Тум-Пабі-Дум"
Кадр з трэйлера "Тум-Пабі-Дум"

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мастацкі фільм "Тум-Пабі-Дум" вытворчасці "Беларусьфільм" рэжысёра Вячаслава Нікіфарава выходзіць у пракат з 25 студзеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на кінастудыі.

Папярэдні графік пракату ўключае паказы ў кінатэатрах Мінска, Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей з 25 студзеня па 28 лютага, аднак інфармацыя будзе ўдакладняцца.

"Тум-Пабі-Дум" - гэта добрае кіно для сямейнага прагляду пра выхаванца дзіцячага дома. Дзесяцігадовы Сан Саныч вырашае знайсці бацькоў для сябе і сваёй падапечнай Алесі. Ён дае аб'яву ў інтэрнэце: "Маладое дзіця шукае сям'ю ў мэтах уладкавання асабістага жыцця". У выніку хлопчык вымушаны гуляць па дарослых законах, што ставіць яго перад сур'ёзным маральным выбарам.

Паводле задумы рэжысёра, дзіця ў карціне размаўляе з дарослымі на іх мове, выкарыстоўваючы іх маральныя стэрэатыпы, лексіку. Гэта дасць магчымасць дарослым іншымі вачамі паглядзець як на сваіх дзяцей, так і на сябе саміх.

Сцэнарый фільма напісалі Дзмітрый Міхлееў, Вячаслаў Нікіфараў. У ролях: Арцём Венгеровіч, Павел Харланчук, Дар'я Кірэева, Валерыя Арланава, Сяргей Чэкерэс, Вольга Клебановіч, Аляксей Шадзько.

Вячаслаў Нікіфараў - кінарэжысёр, акцёр, сцэнарыст, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1986). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларускай ССР (1978), расійскай кінапрэміі "Залаты арол" (2016).-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://blr.belta.by/culture/view/belaruski-film-tum-pabi-dum-vyhodzits-u-prakat-z-25-studzenja-65288-2018/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2018 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА