Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

БЧ правядзе фестываль "Тэатральная восень" 20-21 кастрычніка ў Брэсце

Культура 12.10.2017 | 14:54

12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская чыгунка правядзе фестываль тэатральнага мастацтва "Тэатральная восень" 20-21 кастрычніка ў Брэсце, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры БЧ.

Фестываль прымеркаваны да 155-годдзя Беларускай чыгункі. Ён пройдзе на базе культурна-спартыўнага цэнтра (КСЦ) Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Тэатральныя калектывы аматарскай мастацкай творчасці арганізацый беларускай магістралі прадставяць аднаактовыя або шматактовыя спектаклі, тэатралізаваныя кампазіцыі замежных і айчынных аўтараў.

Адкрыецца фестываль 20 кастрычніка спектаклем народнага тэатра Брэсцкага КСЦ "У кожнага свая зорка" аўтара Валянціна Краснагорава. Народны тэатр "Сінтэз" Віцебскага КСЦ прадставіць спектакль "Стомлены д'ябал" Сяргея Кавалёва. Гледачы ўбачаць два спектаклі Мінскага КСЦ, сярод якіх "Прынцэса на гарошыне" Ганса Хрысціяна Андэрсена ў выкананні ўзорнага тэатра лялек сталічнага Палаца культуры і спорту, і спектакль народнага тэатра Аршанскага ДКЧ "Жаночая размова" паводле апавяданняў Валянціна Распуціна. Завершыцца першы фестывальны дзень спектаклем Дзмітрыя Пятрова-Пір'яна народнага тэатра "Золак" Магілёўскага КСЦ.

Праграма другога дня фестывалю будзе прадстаўлена спектаклем Сяргея Бялова "Цешча напракат" народнага тэатра Брэсцкага КСЦ, некалькімі мініяцюрамі Баранавіцкага КСЦ і спектаклем Алены Шпаленковай "Мемуары горада" тэатра-студыі "Класік" Гомельскага КСЦ.

Па выніках фестывалю тэатральныя калектывы будуць узнагароджаны памятнымі падарункамі і дыпломамі па намінацыях: "За арыгінальнасць рэжысуры", "За лепшае сцэнічнае ўзаемадзеянне ў акцёрскім калектыве", "Лепшае сцэнічнае рашэнне твораў нацыянальнай драматургіі", "Лепшая сцэнаграфія", "Лепшая мужчынская роля", "Лепшая жаночая роля", "Лепшая мужчынская роля другога плана", "Лепшая жаночая роля другога плана", "Паспяховы дэбют". У час фестывалю прадугледжана правядзенне творчага круглага стала кіраўнікоў тэатральных калектываў і членаў журы.

У падраздзяленнях культуры Беларускай чыгункі працуюць 44 калектывы аматарскай мастацкай творчасці. Усяго ў іх займаюцца больш за 1,2 тыс. чалавек.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://blr.belta.by/culture/view/bch-pravjadze-festyval-teatralnaja-vosen-20-21-kastrychnika-u-brestse-62768-2017/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2016 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА