Версія для друку:
+
Карцінкі
Друк
Навіны Беларусі

Атлас фартоў крэпасці Брэст-Літоўск рассакрэціў матэрыялы 100-гадовай даўнасці

Культура 10.01.2018 | 17:00
Фота "Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці"
Фота "Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці"

10 студзеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Атлас фартоў крэпасці Брэст-Літоўск рассакрэціў матэрыялы стагадовай даўнасці, паведамілі БЕЛТА ў мясцовым дабрачынным фондзе "Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці".

Аснову навукова-папулярнага выдання "Атлас крепости Брест-Литовск: Том 3. Фортовый период (1876-1915)" склалі ўнікальныя матэрыялы, якія амаль сотню гадоў праляжалі пад грыфам "Сакрэтна" ў буйнейшых ваенных архівах Масквы і Санкт-Пецярбурга, ваенным архіве Польшчы. Большасць матэрыялаў публікуецца ўпершыню. Яны былі сабраны ў перыяд работы над іншым праектам фонду - "Інвентарызацыя і дакументацыя фартоў і ўмацаванняў крэпасці Брэст-Літоўск". У выніку трохгадовых архіўных і палявых даследаванняў супрацоўнікі фонду апрацавалі больш за 10 тыс. спраў, выявілі 226 аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, атрымалі 128 чарцяжоў, карт і больш за 500 прафесійных фатаграфій.

Кніга пераважна складаецца з візуальнага матэрыялу, які адлюстроўвае гісторыю фартовага перыяду крэпасці Брэст-Літоўск і яе ўмацаванняў. Гэта карты, схемы, чарцяжы, старыя і сучасныя фатаграфіі стратэгічных фартыфікацыйных аб'ектаў. У атласе прадстаўлены дэталі будаўніцтва крэпасці, аснашчэнне яе артылерыяй і абсталяваннем, расказваецца пра ўплыў многіх асоб на яе развіццё. Візуальны рад суправаджае тлумачальны тэкст. Так, у выданні можна азнаёміцца з картамі праектаў і планаў крэпасці, казарм і фартоў, уключаючы дэталёвыя чарцяжы, здымкамі інжынераў, будаўнікоў і ваеннаслужачых.

Кніга мае практычны інтарэс для гісторыкаў, краязнаўцаў, спецыялістаў па ахове спадчыны, урбаністаў, архітэктараў, музейных работнікаў, выдаўцоў, спецыялістаў па турызме, а таксама бібліятэк, навуковых і навучальных устаноў.

Атлас выйшаў абмежаваным тыражом, а таму яго распрацоўшчыкі вырашылі выдаць дадатковы тыраж кнігі пры дапамозе краўндфандынгавай платформы Ulej.by. Частку выручаных сродкаў плануецца накіраваць на выданне дзвюх іншых кніг: "Том I. История возникновения города Берестье" і "Том II. История крепости Брест-Литовск". Праект ажыццяўляецца пры фінансавай падтрымцы Пасольскага фонду захавання культурнай спадчыны (ЗША), атэля "Эрмітаж" пры ўдзеле заснавальнікаў Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці.-0-

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://blr.belta.by/culture/view/atlas-fartou-krepastsi-brest-litousk-rassakretsiu-materyjaly-100-gadovaj-daunastsi-65213-2018/
БЕЛТА - Навiны Беларусi, © Аўтарскае права належыць БЕЛТА, 1999-2018 г. 
Гіперспасылка на крыніцу абавязковая. Умовы выкарыстання матэрыялаў.
Тэхнiчнае забеспячэнне - БЕЛТА