Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 ліпеня 2016, 15:29

Заканадаўства ў сферы вымушанай міграцыі карэкціруецца ў Беларусі

25 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях вымушанай міграцыі", які раней быў прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Палажэнні закона накіраваны на аптымізацыю працэдур прадастаўлення статусу бежанца, дадатковай абароны і прыстанішча ў Беларусі, а таксама актуалізацыю міграцыйнага заканадаўства з улікам практыкі яго прымянення і патрабаванняў міжнародных дагавораў, удзельніцай якіх з'яўляецца Беларусь.

У прыватнасці, прадугледжваецца ўдасканаленне парадку прадастаўлення прыстанішча. Уводзіцца адзіная працэдура прыёму і разгляду хадайніцтва аб прадастаўленні статусу бежанца, дадатковай абароны і прыстанішча ў Рэспубліцы Беларусь, у выніку чаго будзе скарочаны тэрмін разгляду заяў замежных грамадзян, якія выказалі жаданне скарыстацца абаронай Беларусі. Як правіла, ён не будзе перавышаць паўгода.

Замежныя грамадзяне, якім прадастаўлена прыстанішча ў Беларусі, надзяляюцца такімі ж правамі, як і тыя, якім прадастаўлены статус бежанца.

Таксама ў адпаведнасці з законам органы пагранічнай службы надзяляюцца паўнамоцтвамі па прыёме ад замежных грамадзян, якія знаходзяцца ў пункце пропуску праз Дзяржаўную граніцу і не маюць дзеючых дакументаў для ўезду ў Беларусь, хадайніцтваў аб прадастаўленні статусу бежанца, дадатковай абароны і прыстанішча ў Беларусі.

Акрамя таго, законам з 1 кастрычніка 2017 года змяняецца з адных сутак да трох гадзін тэрмін, на працягу якога арганізацыі, суб'екты аграэкатурызму і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прадастаўляюць жылыя памяшканні для пражывання замежных грамадзян, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, абавязаны інфармаваць органы ўнутраных спраў аб такіх іншаземцах. Гэта змяненне накіравана на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, выяўленне асоб, якім забаронены ўезд у Беларусь, а таксама тых, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку.

За выключэннем асобных палажэнняў закон уступае ў сілу з 1 ліпеня 2017 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі