Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 лістапада 2015, 12:47

Высокіх дзяржаўных узнагарод удастоены ваеннаслужачыя, будаўнікі і выкладчыкі Беларусі

27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўдастоіў высокіх дзяржаўных узнагарод работнікаў розных сфер дзейнасці за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне аўтарытэту дзяржавы на міжнароднай арэне, развіццё будаўнічай галіны, лёгкай прамысловасці і сельскай гаспадаркі, дасягненні ў навуковай і педагагічнай дзейнасці, сферы аховы здароўя, культуры і спорту. Адпаведны ўказ кіраўнік дзяржавы падпісаў 26 лістапада. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Ордэнам "За службу Радзіме" II ступені ўзнагароджаны начальнік Ваеннай акадэміі Беларусі генерал-маёр Сяргей Бобрыкаў.

Сярод удастоеных ордэна "За службу Радзіме" III ступені камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі проціпаветранай абароны Узброеных Сіл генерал-маёр Алег Двігалеў і намеснік камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл генерал-маёр Андрэй Некрашэвіч.

Старшы інструктар-метадыст сацыяльнай установы "Інвацэнтр" грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў" Барыс Бачкоўскі і дырэктар будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства "Будаўнічае ўпраўленне нумар 21 адкрытага акцыянернага таварыства "Мінскпрамбуд" Павел Кіршын - сярод удастоеных ордэнам Пашаны.

Ордэна Францыска Скарыны ўдастоены прафесар кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Іван Канус.

Шэраг ваеннаслужачых, супрацоўнікаў міліцыі, пагранічнай службы ўзнагароджаны медалямі "За адзнаку ў воінскай службе", "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку", "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы".

Сярод адзначаных медалём "За працоўныя заслугі" Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Ірландыі (па сумяшчальніцтве) Сяргей Алейнік.

Медалём Францыска Скарыны сярод іншых узнагароджаны загадчыца кафедры рускай і замежнай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Таццяна Аўтуховіч, дырэктар Інстытута меліярацыі Мікалай Вахонін.

Сярод удастоеных ганаровых званняў акцёр драматычнага тэатра і кіно Яўген Крыжаноўскі, яму прысвоена званне "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь", і мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін, якому прысвоена званне "Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь".

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Беларусі работнікам розных сфер дзейнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі