Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 верасня 2017, 17:27

"Вы - на пярэднім краі" - Лукашэнка патрабуе ад кіраўніцтва раёнаў вырашэння сацыяльных пытанняў

14 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад кіраўніцтва раёнаў вырашэння сацыяльных пытанняў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, узгадняючы назначэнне новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Шырокія паўнамоцтвы, але і асаблівае запатрабаванне

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што патрабаванні да кіраўнікоў выканкамаў раённага ўзроўню пастаянна ўзрастаюць і адначасова з гэтым яны атрымліваюць усё больш шырокія правы. Прыклад таго - уборачная кампанія гэтага года.

"Адзінае, па-народнаму скажу, - вы не павінны працаваць з губернатарамі і з іншымі па прынцыпе "ён - начальнік, а вы - дурань". Гэтага быць не павінна. Вы фактычна людзі, назначаемыя Прэзідэнтам. Ніхто не можа вас ні адхіліць ад пасады, ні нейкімі іншымі пытаннямі займацца без дазволу Прэзідэнта. Гэта значыць вы маеце салідныя індульгенцыі, саліднае прыкрыццё з боку Прэзідэнта, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Але, вядома, і запатрабаванне з вас будзе асаблівае. Умейце гэту магчымасць выкарыстаць для таго, каб недзе запярэчыць, выказаць сваё меркаванне, калі вы бачыце, што трэба так, а не інакш зрабіць".

"Вы павінны быць не маўклівымі выканаўцамі, хоць выканальніцкая дысцыпліна вельмі важна. Вы кіраўнікі важнейшых звёнаў нашай дзяржавы. Ад таго, як будзеце працаваць вы, будзе залежаць узровень дысцыпліны і дабрабыту нашай дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што менавіта кіраўнікі раёнаў знаходзяцца на пярэднім краі, непасрэдна ўзаемадзейнічаюць з грамадзянамі на месцах і з'яўляюцца галоўнымі прадстаўнікамі Прэзідэнта ў тым ці іншым раёне. "Я вас прашу, каб вы, разумеючы гэта, дастойна дзейнічалі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Усе мы сёння начальнікі, а заўтра - простыя людзі"

"Не сячыце з-за пляча. Час заўсёды няпросты. Але цяпер тым больш, калі трэба вызначаць, з кім працаваць. Я прыхільнік таго, каб вы заўсёды далі шанц чалавеку, калі ён хоча працаваць. Не - значыць, не зацягвайце час. Падбірайце сабе людзей, з якімі вы можаце рэалізоўваць задачы, што стаяць перад вамі", - параіў Прэзідэнт.

Разам з тым ён яшчэ раз падкрэсліў неабходнасць быць вельмі акуратнымі ў вырашэнні пытанняў, якія закранаюць жыцці і лёсы людзей. "Усе мы сёння начальнікі, а заўтра - простыя людзі. Сто працэнтаў - ад вас да Прэзідэнта - усе мы некалі будзем простымі людзьмі. Трэба разумець і паважаць людзей, з якімі мы працуем. Але дысцыпліна і запатрабаванне - гэта пытанне нумар адзін. Таму што гэтага ў нас у краіне якраз не хапае", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пра занятасць

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніхто не адмяняў патрабаванне дэкрэта нумар 3, які ў народзе назвалі "дэкрэтам аб дармаедах". "Гэта будзе ваш дакумент. Вы на месцы павінны вызначыць, хто ў вас не працуе, а павінен працаваць, і прымусіць іх усіх працаваць. У гэтым будзе асноўная сутнасць дакумента. Не з Мінска трэба кіраваць гэтымі працэсамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы павінны з імі (тымі, каго датычацца нормы дэкрэта. - Заўвага БЕЛТА) разабрацца. Вось і ўсё вырашэнне пытання. Тады яны не будуць хадзіць і крычаць "гвалт". Некаму трэба дапамагчы, некага трэба за руку прывесці на работу, кагосьці перапрафіляваць, навучыць новым спецыяльнасцям, а кагосьці проста нахіліць, - адзначыў беларускі лідар. - Вы ведаеце, што гэта за беспрацоўныя, што гэта за кантынгент, я таксама ведаю, помню яшчэ з савецкіх часоў. Таму занятасць - пытанне вельмі важнае. Людзям трэба прапаноўваць работу, ствараць рабочыя месцы".

Пра зарплаты

Прэзідэнт нагадаў аб задачы па павелічэнні сярэдняй заработнай платы да Br1 тыс. "Калі мы гэтага ўзроўню дасягнём, мы можам спакойна любому чалавеку з 10 мільёнаў сказаць: мы вам дапамаглі, каб вы маглі паесці і сям'ю накарміць, ну а далей ужо напружвайцеся і працуйце самі. Мы, вядома, не будзем убаку, будзем дапамагаць, падтрымліваць. Але гэта важнейшае пытанне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пра цэны

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на неабходнасці кантролю сітуацыі ў сферы цэнаўтварэння. "Вы павінны бачыць - няхай гэта людзі будуць вас інфармаваць, кантралёры вашы, падключыце прафсаюзы (яны вельмі эфектыўна гэта робяць). Яны вам падкажуць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы папярэдзьце ўсіх, хто ў вас займаецца продажамі, а потым, атрымаўшы інфармацыю, праверце і зніміце камусьці галаву, калі ён неабгрунтавана задзірае цэны", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

У цэлым Прэзідэнт параіў акуратна падысці да гэтага пытання. "Зрабіце так, каб прадпрыемствы не згарнулі сваю работу. Але ў той жа час вы павінны бачыць, што ў нас сёння няма падстаў для росту цэн. Наадварот, інфляцыя скарачаецца. Хаця б застацца на гэтым узроўні, які мы маем. Гэта таксама ваша пытанне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта тое, што хвалюе нашых людзей - заработная плата, цэнаўтварэнне і работа. Але галоўнае - гэта работа - даць чалавеку магчымасць працаваць і зарабіць", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Пра інструментарый у кіраванні раёнам

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што кіраўніку раёна проста неабходны інструментарый у выглядзе дапаможных арганізацый, дзякуючы якім яны змогуць эфектыўна ажыццяўляць тыя ці іншыя рашэнні. "Я не бачу раёна без "Сельгастэхнікі" (магутная рамонтная база), "Сельгасхіміі", "Райагразабеспячэння" (які забяспечваў запчасткамі і іншымі паслугамі) і нафтабазы. Калі недзе не аднавілі, трэба тэрмінова завяршыць гэтыя працэсы. Мы будзем удзяляць гэтаму сур'ёзную ўвагу, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - І потым, што за старшыня райвыканкама, калі ў яго няма невялікай кампаніі, якая можа ажыццявіць якую-небудзь будоўлю? Гэта будаўнічыя ПМК. Яны ў нас ужо былі. І мы іх практычна ва ўсіх раёнах аднавілі. А вось як яны працуюць - гэта пытанне".

"Гэта значыць вы - гаспадары. У вас павінен быць пад рукамі інструмент, якім вы, кіруючы, зможаце вырашаць пытанні ў сваім раёне і, можа, аказваць паслугі і ў іншых раёнах, зарабляючы нейкую капейку", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама асобна пракаменціраваў сітуацыю ў большасці раёнаў, кіраўнікоў якіх ён узгадніў на адпаведныя пасады.

Лоеўскі

Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым раёне вельмі прыгожыя мясціны і асабіста ён любіць гэты гарадок, лічыць, што гэта месца, дзе зручна жыць людзям. "Я планую пабываць у Лоеве, і мы ўжо там канкрэтна абмяркуем некаторыя пытанні яго развіцця, хоць у свой час мы нямала зрабілі для развіцця гэтага гарадка. Гэта проста цудоўнае месца ў Беларусі, адно з найпрыгажэйшых", - сказаў ён.

Буда-Кашалёўскі

Кіраўнік дзяржавы плануе прыехаць з рабочай паездкай і ў гэты раён. "Неяк усё не атрымлівалася, але калі нават не ў гэтым, то ў будучым годзе абавязкова - гэта адзін з першых раёнаў, які я проста абавязаны наведаць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што ў райцэнтры праведзены ўжо салідныя работы, і даручыў прадоўжыць пачатае. "Трэба горад прывесці ў нармальны выгляд і прынцыпова заняцца вытворчасцю, асабліва сельскай гаспадаркай. Раён добры, але ён павінен быць не ў хвасце і нават не ў сярэдзіне", - падкрэсліў беларускі лідар.

Светлагорскі

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся станам спраў у раёне, і ў прыватнасці рэалізацыяй маштабнага праекта па будаўніцтве завода па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ "Светлагорскі ЦКК", адкрыццё якога запланавана на 7 лістапада.

Прэзідэнт падкрэсліў асаблівую значнасць гэтага прадпрыемства для эканомікі раёна. "Гэта ў вас зніме ўсе праблемы, зусім іншае жыццё для Светлагорска. Я, вядома ж, проста абавязаны прыехаць у гэты час, адкрыць гэта прадпрыемства і паглядзець, як яно будзе працаваць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён даручыў новаму кіраўніку раёна ўнікнуць у існуючыя праблемныя моманты і далажыць аб шляхах іх вырашэння.

Барысаўскі

Паводле слоў Прэзідэнта, стан спраў у Барысаўскім раёне ўплывае непасрэдна на сітуацыю ў Мінскай вобласці ў цэлым. "Разумееце сваю адказнасць у сувязі з гэтым. Орша - гэта пілотны праект. Можа, таму што я лепш ведаю гэты рэгіён у цэлым і гэты рэгіён для нас найбольш складаны. Мы таму за яго ўзяліся. Паралельна даручана ўраду, усёй краіне заняцца Барысаўскім рэгіёнам, Баранавіцкім. Можа, Маладзечна... Надышоў час гэтымі рэгіёнамі займацца. Таму хацелася б, каб вы пачалі сваю работу з гэтага, - даручыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта, вядома ж, не Орша з тымі праблемамі, якія там ёсць, але і ў Барысаве іх нямала. Чымсьці вы нават падобныя".

Чэрвеньскі і Крычаўскі

"Гэтыя раёны - і Чэрвеньскі, і Крычаўскі - вельмі важныя, асабліва Крычаў у сувязі з тым, што там усё ж такі ўзровень прамысловасці высокі. Чэрвень прасцей тым, што няма такіх вялікіх праблем. Але яны ўсюды і заўсёды ёсць", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што Чэрвень знаходзіцца блізка да Мінска. "Упэўнены, што прыток насельніцтва туды (у Чэрвеньскі раён. - Заўвага БЕЛТА) будзе ўзрастаць у сувязі з тым, што мы звужаем будаўніцтва жылля ў Мінску. І людзі адчулі схільнасць да вёскі, да прыроды. Гэта датычыцца і Барысава, і вас, і Смалявіч, і Смілавіч. Звярніце на гэта ўвагу - павінен быць парадак", - сказаў Прэзідэнт.

Пастскрыптум ад кіраўніка дзяржавы

"Трэба пачынаць працаваць сістэмна, акуратна. Можа, не ўсіх вас адразу ўспрымуць у раёне. Набярыцеся цярпення, не трэба хадзіць напралом. У нас людзі талковыя, разумныя, і, калі яны будуць бачыць, што добры кіраўнік, яны заўсёды зразумеюць і падтрымаюць. Я жадаю вам усялякіх поспехаў", - даў наказ Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на назначэнне Андрэя Гарбачова старшынёй Буда-Кашалёўскага райвыканкама, Веранікі Байковай - старшынёй Лоеўскага райвыканкама, Віктара Палуянава - старшынёй Акцябрскага райвыканкама, Дзмітрыя Алейнікава - старшынёй Светлагорскага райвыканкама, Генадзя Дзенгалёва - старшынёй Барысаўскага райвыканкама, Мікалая Карповіча - старшынёй Старадарожскага райвыканкама, Віталя Казлова - старшынёй Чэрвеньскага райвыканкама, Дзмітрыя Бачкова - старшынёй Крычаўскага райвыканкама.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі