Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
31 ліпеня 2018, 11:47

Уборачная, мяса-малочны комплекс і дарогі - Лукашэнка прыняў з дакладам губернатара Мінскай вобласці

31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння з дакладам старшыню Мінскага аблвыканкама Анатоля Ісачанку. У час сустрэчы абмяркоўваўся ход уборачнай кампаніі ў рэгіёне, развіццё мяса-малочнага комплексу і дарожнага будаўніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У першую чаргу кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як праходзіць уборачная кампанія ў рэгіёне, паколькі вынікі Мінскай вобласці могуць расказаць аб сітуацыі ў краіне ў цэлым.

"Мінск - усё ж такі гэта паказальны рэгіён: ён знаходзіцца ў розных кліматычных умовах. Поўдзень ужо, напэўна, палавіну ўбраў, поўнач яшчэ, можа, толькі пачала ўборку - там ужо працэнтаў 15-20. Розныя кліматычныя ўмовы даюць сярэднія ўражанні па краіне наогул", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на збор збожжавых. "Што мы будзем мець? Зразумела, што збожжавыя не будуць настолькі ўраджайныя, як у мінулым, асабліва на поўдні. Дарэчы, на ўсходзе і поўначы, напэўна і ў Мінскай вобласці, якраз сітуацыя іншая: дзе дажджы ішлі, там вельмі добрыя палі, добры ўраджай, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Думаю, нам трэба спадзявацца ў гэтым годзе - усё ж такі кукурузны год - на тое, што мы мільён тон кукурузы, а можа, і больш, збяром і тым самым ліквідуем недабор па збожжы".

У час сустрэчы абмяркоўвалася развіццё мяса-малочнага комплексу ў Мінскай вобласці, праблематыка дарожнага будаўніцтва, а таксама іншыя актуальныя для рэгіёна пытанні.

Як расказаў журналістам па выніках сустрэчы Анатоль Ісачанка, яго даклад датычыўся ў цэлым сацыяльна-эканамічнага развіцця даверанага яму рэгіёна, існуючых праблемных пытанняў. "Усе пытанні абмеркаваны. Былі атрыманы адказы, дадзены даручэнні", - адзначыў ён. Паводле слоў губернатара, асобна абмяркоўвалася развіццё Барысаўскага і Маладзечанскага раёнаў. "Такая ж увага, якая сёння ўдзяляецца Оршы, будзе ўдзелена Барысаву і Маладзечну", - дадаў Анатоль Ісачанка.

Што датычыцца дарожнага будаўніцтва, размова ішла аб аснашчэнні прадпрыемстваў неабходнай тэхнікай, умацаванні іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. "Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне прапрацаваць пытанне аб пастаўцы лізінгавай тэхнікі так, як яна пастаўляецца арганізацыям сельскай і лясной гаспадаркі", - сказаў старшыня Мінаблвыканкама.

Закраналіся ў час сустрэчы і пытанні арганізацыі пасажырскіх перавозак у Мінскай вобласці. "Тут трэба зрабіць усё, каб гэта было камфортна для людзей, каб да кожнай вёскі хадзіў аўтобус, каб было зручна і танна. Гэта самая галоўная задача", - падкрэсліў субяседнік.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі