Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 ліпеня 2018, 13:18

У Акадэміі кіравання з 1 верасня не патрэбных у кіраванні людзей вучыцца не павінна - Лукашэнка

24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі з 1 верасня не патрэбных у кіраванні людзей вучыцца не павінна. Такое патрабаванне кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка агучыў сёння, заслухоўваючы даклад аб выкананні даручэнняў па ўдасканаленні дзейнасці ВНУ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт нагадаў, што да верасня яму павінны ўнесці прапановы па ўдасканаленні вучэбнага працэсу ў акадэміі: якіх людзей будуць адпраўляць на падрыхтоўку і перападрыхтоўку ў гэту ВНУ, якія патрабаванні будуць выстаўляцца да выкладчыкаў, як зменіцца метадычная база. "Што зроблена на сённяшні дзень і што нам неабходна яшчэ зрабіць, якая патрэбна вам дапамога і падтрымка? Часу для разварушвання няма. З 1 верасня ў Акадэміі кіравання не патрэбных у кіраванні людзей быць не павінна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Назначаючы новага рэктара, мы дамаўляліся, што істотна абновім работу Акадэміі кіравання па ўсіх напрамках. Трэба зрабіць так, каб кожны чалавек, які пройдзе падрыхтоўку, перападрыхтоўку, атрымае адукацыю, павысіць кваліфікацыю, быў запатрабаваны. Нам не патрэбны людзі, якія проста пройдуцца па акадэміі, атрымаюць дыплом і не будуць запатрабаваны ў органах кіравання. Вось гэта галоўнае", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

За выкананне гэтых патрабаванняў будзе вельмі сур'ёзнае патрабаванне, папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. "Вы самі разумееце, што гэта адзіная навучальная ўстанова пры Прэзідэнце. Там павінны быць падрыхтаваны кваліфікаваныя, талковыя, выхаваныя людзі, адданыя нашай дзяржаве і народу. Няхай гэта нават моцна прагучыць, але гэта так", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе прысутнічалі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, міністр адукацыі Ігар Карпенка і рэктар Акадэміі кіравання Генадзь Пальчык.

Як далажыў кіраўнік ВНУ, у акадэміі прынялі ўжо меры па ўдасканаленні вучэбнага працэсу. Так, аптымізавана структура дзяржаўнага заказу і колькасць слухачоў. "Прайшло скарачэнне колькасці апарату, які прымаецца па бюджэтнай форме навучання. Больш таго, мы аптымізавалі і спецыяльнасці, зняўшы тыя, што дубліруюць падрыхтоўку ў іншых універсітэтах нашай краіны", - расказаў Генадзь Пальчык. У акадэміі таксама перапрацавалі вучэбныя планы і праграмы з улікам іх магчымай аптымізацыі па тэрмінах навучання. Паралельна з гэтым былі распрацаваны і актуалізаваны праграмы павышэння кваліфікацыі.

Размова таксама ішла аб дзённай форме атрымання адукацыі першай ступені. У новым навучальным годзе ў лік студэнтаў залічана 100 абітурыентаў на спецыяльнасці "дзяржаўнае кіраванне і права", "дзяржаўнае кіраванне і эканоміка", "кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі". Пры гэтым прахадныя балы склалі 343, 336 і 341 адпаведна. Плануецца, што ў будучым годзе абітурыентам акрамя цэнтралізаванага тэсціравання неабходна будзе праходзіць і гутарку. На думку рэктара ВНУ, гэта дапаможа адбіраць найбольш зацікаўленых у навучанні маладых людзей. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў гэта ўкараненне, але папярэдзіў, што ўсё павінна быць чыста і празрыста.

З агульнай колькасці першакурснікаў іншагароднія складаюць 84 працэнты. Прэзідэнт адзначыў гэты паказчык і дадаў, што студэнты з рэгіёнаў краіны ведаюць не толькі жыццё ў сталіцы, але і ў іншых гарадах і малых населеных пунктах.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе студэнты Акадэміі кіравання павінны стаць выключнымі выпускнікамі, паколькі ім трэба будзе ў будучым фарміраваць кіраўніцкі склад краіны.

Асобная ўвага была ўдзелена матэрыяльна-тэхнічнай базе ВНУ. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў прывесці ў парадак інтэрнаты і сталовыя акадэміі, пры гэтым падкрэсліў, што гэту работу неабходна правесці ва ўсіх універсітэтах краіны.

На прыкладзе аптымізацыі Акадэміі кіравання неабходна ўдасканаліць вучэбныя працэсы ў кожнай ВНУ, звярнуў увагу Прэзідэнт. Яго адназначнае патрабаванне: нідзе не павінна быць нічога лішняга, а да падрыхтоўкі кадраў трэба падыходзіць без фармалізму.

У Акадэміі кіравання сёння навучаюцца амаль 8,5 тыс. чалавек, з іх на першай ступені вышэйшай адукацыі - больш як 2,1 тыс., на другой ступені - 480, па адукацыйных праграмах падрыхтоўкі - 176, па праграмах перападрыхтоўкі - звыш 1,6 тыс., павышаюць кваліфікацыю амаль 3,9 тыс. чалавек. У акадэміі прадстаўлена паслявузаўская адукацыя, якую атрымліваюць 96 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі