Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 жніўня 2019, 12:51

"Такія форумы - гонар для любой краіны" - Лукашэнка пацікавіўся фінансавым бокам II Еўрапейскіх гульняў

27 жніўня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся фінансавымі вынікамі праведзеных у чэрвені ІІ Еўрапейскіх гульняў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што правядзенне такіх форумаў з'яўляецца гонарам для любой краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я вам даручаў, калі ў нас пачыналіся, і мы рыхтаваліся да Еўрапейскіх гульняў, узяць на кантроль фінансавы бок справы. Вы ж разумееце, што гэта сур'ёзнае пытанне. Гэта мільёны долараў, якія мы патрацілі на правядзенне гэтых гульняў. І вельмі важна для любога прадпрымальніцтва або бізнесу, наколькі мы змаглі кампенсаваць гэтыя затраты, наколькі можна падлічыць іх", - сказаў Прэзідэнт на сустрэчы з першым віцэ-прэм'ерам Аляксандрам Турчыным і віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Дворнікам.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэтым пытаннем былі вельмі занепакоены некаторыя грамадзяне. "Гэта ў асноўным так званая апазіцыя (ім, што ні зрабі, усё дрэнна). Яны заклапочаны, што мы не кампенсавалі, не перакрылі тыя траты, якія былі ажыццёўлены напярэдадні і ў час правядзення гэтых гульняў. Яны зусім забываюць, што такое імідж Беларусі, што такое турыстычны прыток у час гульняў, асабліва пасля гульняў, а ён павялічваецца, які даход, які прыбытак прынеслі гэтыя гульні нашым кампаніям - грамадскаму харчаванню, музеям, артыстам", - адзначыў беларускі лідар.

"Мяне цікавіць фінансавы бок справы - што мы ў выніку гульняў атрымалі, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Пры гэтым хачу падкрэсліць: такія форумы - гэта гонар для любой краіны, таму за іх і змагаюцца, і не кожнаму аддаюць такія форумы".

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь заўсёды будзе на высокім узроўні праводзіць такія буйныя міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы. Больш таго, такія падзеі яшчэ і аб'ядноўваюць нацыю, асабліва калі свае спартсмены добра выступаюць. "І на Еўрапейскіх гульнях малайцы, выступілі дастойна. А яшчэ больш дастойна выступілі нядаўна на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ, заняўшы першае месца, - сказаў Прэзідэнт. - Малайцы! Проста малайцы! І я для сябе адзначыў, што цяпер буду хадзіць пастаянна на іх спаборніцтвы, таму што яны дастойна на гэта адказваюць, у адрозненне ад некаторых нашых прадстаўнікоў масавых і народных відаў спорту".

"Гэта вельмі важна. Для развіцця спартыўнага руху, важна для кансалідацыі нашых людзей. Ну і, у рэшце рэшт, мы павінны ганарыцца, што мы можам прыняць і правесці такія мерапрыемствы. Гэта каштуе нямала грошай, але ацаніць гэта цяжка. Таму паспрабуем палічыць, што мы затрацілі, што атрымалі - там, дзе можна падлічыць", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі