Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 жніўня 2017, 09:40

Рэспубліканскаму цэнтру медтэхналогій выдзеляць $125 млн на мадэрнізацыю сістэмы аховы здароўя

22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 жніўня падпісаў распараджэнне нумар 135рп, накіраванае на рэалізацыю Пагаднення аб пазыцы паміж Беларуссю і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Распараджэнне прадугледжвае прадастаўленне сродкаў пазыкі на суму $125 млн Рэспубліканскаму навукова-практычнаму цэнтру медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя (арганізацыя, адказная за рэалізацыю пагаднення), а таксама вызваленне гэтай установы ад платы за карыстанне сродкамі.

Пагадненне аб пазыцы паміж Беларуссю і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця было падпісана 25 лістапада 2016 года і ратыфікавана 10 красавіка 2017 года. Дакументам прадугледжваецца рэалізацыя праекта "Мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь" (перыяд выканання па 31 мая 2022 года). Плануецца стварэнне цэнтралізаванай інтэграванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя, распрацоўка і ўкараненне сістэмы падтрымкі клінічных рашэнняў на аснове інфармацыйных тэхналогій, у тым ліку правядзенне адпаведнага навучання, закупка неабходнага праграмнага і апаратнага забеспячэння.

Прадугледжваецца таксама будаўніцтва рэспубліканскага сімуляцыйнага цэнтра (цэнтр падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі ўрачоў), уключаючы біялабараторыю, а таксама рамонт лабараторый па адпрацоўцы навыкаў у 21 медыцынскай установе. Акрамя таго, плануецца рэканструкцыя аддзялення інтэнсіўнай неанатальнай дапамогі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры "Маці і дзіця".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі