26 красавіка, Ельскі раён /Кар. БЕЛТА/. Раённыя цэнтры і аграгарадкі ў бліжэйшыя гады трэба прывесці ў ідэальны стан. Такое даручэнне даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час наведвання аграгарадка Дабрынь у Ельскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У гэтым і двух наступных гадах трэба ўсе раённыя цэнтры і буйныя гарады абласнога падпарадкавання прывесці ў ідэальны стан. І пяць гадоў на тое, каб прывесці аграгарадкі вось у такі стан (як у Дабрыні. - Заўвага БЕЛТА), каб моладзь заставалася тут жыць і ганарылася гэтым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што аграгарадкі павінны выконваць ролю цэнтраў жыцця ў вёсцы. Разам з тым неабходна ўдзяляць увагу стварэнню належных умоў для жыцця і ў вялікіх вёсках. Гаворачы пра малыя, так званыя неперспектыўныя, населеныя пункты, Прэзідэнт адзначыў, што для мясцовых жыхароў, тым не менш, павінен прадастаўляцца хаця б мінімальна неабходны набор паслуг.
У час наведвання аграгарадка Дабрынь Прэзідэнту далажылі аб развіцці сацыяльнай інфраструктуры, стварэнні ўмоў для адукацыі, заняткаў спортам, правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай дзіцячага сада, Дома культуры і спартыўнага комплексу.
Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы ўдзяліў пытанню гандлю ў вёсцы, наведаў мясцовы магазін. Тут абмяркоўвалася работа арганізацый Белкаапсаюза, новыя падыходы ў арганізацыі гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва.-0-