Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 кастрычніка 2018, 12:36

Прынятая на Усебеларускім народным сходзе праграма павінна быць выканана - Лукашэнка

16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшыя гады, прынятая на V Усебеларускім народным сходзе ў 2016 годзе, непахісная, яна павінна быць выканана. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Сяргеем Румасам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сяргей Румас праінфармаваў Прэзідэнта аб праграме дзейнасці ўрада на бліжэйшыя два гады. Яе палажэнні заснаваны на рашэннях V Усебеларускага народнага сходу і даручэннях кіраўніка дзяржавы, дадзеных у час Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў гэтым годзе.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ўважліва азнаёміўся з усімі матэрыяламі, і падкрэсліў, што праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, прынятая ў 2016 годзе, непахісная, яна павінна быць выканана. "У адваротным выпадку з чым мы прыйдзем да народа? У рамках гэтай праграмы - калі ласка, любыя мерапрыемствы ўрада. Я буду толькі вітаць. Галоўнае, каб быў вынік. Усе мерапрыемствы павінны быць вывераны, мы людзі вопытныя, нам ужо эксперыментаваць няма чаго. Наўрад ці знойдуцца пытанні для якіх-небудзь эксперыментаў", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што не супраць прапаноў, якія ўносіў яшчэ папярэдні ўрад, аб стварэнні на некаторых прадпрыемствах наглядальных саветаў. "Але будзе вельмі сур'ёзны кантроль і за дзейнасцю ўрада па рэалізацыі гэтых прапаноў, і асабліва за тымі старшынямі, якія будуць назначаны на гэтыя пасады. Калі ласка - любыя мерапрыемствы, але трэба помніць аб тым, што асноўную праграму, нашы абяцанні народу мы павінны выканаць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Асобна на сустрэчы былі разгледжаны пытанні сацыяльнай сферы, у прыватнасці прапановы ўрада па павышэнні пенсій.

"Урад палічыў, што ў гэтым годзе мы рэальныя пенсіі павысім недзе на 8-9 працэнтаў. Гэта будзе нядрэннае павышэнне, але ў будучым годзе трэба рухацца далей. Мы плануем, што ў нашай краіне заработная плата перасягне ўжо Br1 тыс. за кошт таго, што мы паднімем заработную плату ў нізкааплатных слаёў насельніцтва. Па гэтых пытаннях рашэнні прыняты, яны таксама на кантролі. І ўрад няхай у гэтым напрамку рухаецца. Усе людзі павінны разумець, што грошы павінны быць зароблены, ніхто нам іх не скіне", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі