Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
29 сакавіка 2019, 09:12

Прэзідэнт Беларусі і федэральны канцлер Аўстрыі адкрылі помнік ахвярам нацызму "Масіў імёнаў"

29 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц 28 сакавіка адкрылі помнік ахвярам нацызму "Масіў імёнаў" на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Трасцянец", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Візіт высокага госця быў прымеркаваны да адкрыцця помніка. "Масіў імёнаў" прысвечаны памяці больш як 10 тыс. аўстрыйскіх грамадзян яўрэйскага паходжання, забітых у Трасцянцы ў 1941-1942 гадах.

Аляксандр Лукашэнка і Себасцьян Курц устанавілі запаленыя лампады ля манумента "Брама памяці". Пасля выступлення перад прысутнымі Прэзідэнт Беларусі і федэральны канцлер Аўстрыі пад гукі жалобнай музыкі ўсклалі кветкі да помніка "Масіў імёнаў" і мінутай маўчання ўшанавалі памяць загінулых.

"Беларусь удзяляе асаблівую ўвагу ўвекавечанню памяці ахвяр нацысцкага тэрору. Стварэнне ў Трасцянцы мемарыяла агульнаеўрапейскага значэння - гэта вынік сумесных намаганняў беларускай дзяржавы, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый, кіраўніцтва і жыхароў гарадоў Еўропы і, вядома ж, сведкаў тых часоў, якія выжылі, і сваякоў загінулых", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, беларускі бок з вялікім натхненнем і гатоўнасцю падтрымаў ініцыятыву аўстрыйскіх сяброў, перш за ўсё Прэзідэнта і федэральнага канцлера, устанавіць манумент у памяць аб грамадзянах Аўстрыі, якія загінулі ў лагеры смерці Трасцянец.

"Тут было знішчана больш за 10 тыс. грамадзян Аўстрыі. Жанчыны і дзеці, старыя, маладыя людзі. Іх забівалі проста за этнічнае паходжанне, за веру ў чужую для катаў рэлігію, за прыхільнасць да іншай ідэалогіі, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Манумент "Масіў імёнаў", які мы адкрываем сёння, не проста вяртае з небыцця імёны тысяч ахвяр. Ён сімвалізуе імкненне новых пакаленняў ведаць аб трагічным лёсе сваіх продкаў і захоўваць памяць аб іх".

Гэты помнік - напамін аб тым, як далёка могуць завесці агрэсія, якая бярэ верх над разважлівасцю, празмерныя палітычныя амбіцыі, антынавуковыя і антычалавечыя тэорыі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Няхай гэты каменны сімвал стане вечным напамінам аб тым, што мір сапраўды вельмі няўстойлівы, а чалавечае жыццё бясцэнна. Наш святы абавязак - перадаць памяць аб гэтай вайне нашчадкам, перасцерагчы будучыя пакаленні ад паўтарэння фатальных памылак мінулага, зберагчы мір на зямлі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ад імя беларускага народа ён падзякаваў кіраўніцтву Аўстрыі і асабіста федэральнаму канцлеру Себасцьяну Курцу, дэлегацыі гэтай краіны, якая прыбыла ў Беларусь, каб аддаць даніну павагі і ўшанаваць памяць тых, хто бязвінна быў спалены і забіты тут у час вайны. "Гэта гераічны ўчынак з вашага боку, з боку грамадзян Аўстрыі, якія жывуць сёння. Вы паказалі прыклад іншым, як трэба ставіцца да ахвяр свайго народа, таму што тут пахаваны прадстаўнікі дзясяткаў народаў. Але Аўстрыя стала першай, якая прыйшла сюды з памяццю. Вось у гэтым каштоўнасць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Члены афіцыйнай дэлегацыі Аўстрыйскай Рэспублікі, прадстаўнікі яўрэйскай грамадскасці, ветэраны таксама ўсклалі кветкі і камяні, сімвал смутку ў яўрэйскага народа, да падножжа манумента. Асаблівымі гасцямі на мерапрыемстве былі былыя вязні і сем'і загінулых.

Праграмай двухдзённага візіту Себасцьяна Курца ў Беларусь прадугледжаны перагаворы з Прэзідэнтам Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі