Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 красавіка 2018, 11:55

"Помыслам Божым і рукамі чалавека" - Лукашэнка расказаў аб асабістай сувязі з Трафімавай крыніцай на малой радзіме

23 красавіка, Шклоўскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з трыма сынамі ў дзень рэспубліканскага суботніка працаваў на добраўпарадкаванні Трафімавай крыніцы на сваёй малой радзіме. Кіраўнік дзяржавы расказаў аб сваіх успамінах, звязаных з гэтым месцам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для мяне незвычайна тут усё. Гэта мая радзіма. Тут няма квадратнага метра, дзе я ў свой час не хадзіў босымі нагамі. Або кароў пасвілі - тут быў свабодны луг, ён зарос у наш час, тут мы нарыхтоўвалі дровы. Таму кожны метр стаптаны маімі дзіцячымі нагамі. Таму для мяне тут усё да гэтага часу незвычайна і ў той жа час прывычна", - адзначыў Прэзідэнт.

Што датычыцца лекавых уласцівасцей вады, Аляксандр Лукашэнка не схільны перабольшваць, але падкрэсліў, што месца гэта намоленае. Яшчэ ў часы яго дзіцянства на крыніцу прыходзілі людзі, маліліся.

"Мы яго асучаснілі, прайшло яшчэ пяць гадоў, і мы вырашылі яго аднавіць у больш шырокім плане. Таму што з усёй СНД сюды паехалі людзі, асабліва беларусы, расіяне, украінцы. Шмат людзей. Месца ўжо не хапала. Таму крыху пашырылі, але так, каб не парушыць усю гэту зямную прыгажосць. І сёння на суботніку мы вырашылі дабавіць тут штрыхі, каб відаць было, што чалавек да гэтага дакрануўся, і не забывалі, што гэту крыніцу трэба трымаць у добрым стане", - сказаў Прэзідэнт.

Усяго ў час суботніка на Трафімавай крыніцы працавалі тры брыгады, якія выконвалі розныя работы: займаліся пасадкай дрэў, кустоў, збіралі і ўстанаўлівалі на дрэвах шпакоўні, выкладвалі камянямі пешаходную дарожку, добраўпарадкоўвалі клумбы. Усе разам удзельнікі суботніка ўстанавілі памятны знак з кароткай гісторыяй гэтага месца.

Першае ўзгадванне аб крыніцы адносіцца да 1917 года. А ў 2013 годзе Трафімава крыніца была адноўлена па даручэнні Прэзідэнта. Вада ў ёй асвячоная і ўнікальна чыстая па сваіх уласцівасцях. Вядома, што крыніца была адным з любімых месцаў адпачынку Аляксандра Лукашэнкі ў дзяцінстве. З крыніцай яго звязвае і сямейная гісторыя. У свой час крыніцу добраўпарадкаваў дзед Прэзідэнта - цясляр Трафім. Па яго імені людзі і сталі называць гэта месца.

Цяпер каля крыніцы разбіты невялікі сад, у якім дрэвы высаджаны ў выглядзе літар Т і К, увекавечваючы тым самым назву крыніцы.

За апошні час, улічваючы ўсё большую папулярнасць месца, былі праведзены і іншыя работы па добраўпарадкаванні: разбіты клумбы, з'явілася некалькі альтанак, лаўкі і нават купель. Як знак міжканфесійнай згоды ў Беларусі, тут размешчаны сімвалы чатырох рэлігій - праваслаўя, каталіцтва, мусульманства і іўдаізму. На сцяне ўнутры купелі ёсць надпіс на беларускай мове: "Помыслам Божым i рукамi чалавека створана гэтая жыватворная крынiца, якая дадзена людзям для ўмацавання здароўя i духу".

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што рэгулярна бывае на крыніцы - прынамсі некалькі разоў у год, акунаецца ў крыніцу. Пры гэтым ніхто з суправаджаючых, хто таксама акунаўся ў купелі, ні разу не захварэў. "Напэўна, у гэтым нешта ёсць. Але мне здаецца, гэта псіхалогія з пункту гледжання навукі. А можа, і не толькі навука, а Гасподзь асвяціў гэта месца", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"За гэта лета ўсё тут зарасце травой, прымуцца нашы дрэўцы. І калі прыедзеце сюды ўжо дзесьці ў жніўні, вы ўбачыце зусім іншае месца", - дадаў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі