Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 студзеня 2019, 11:18

"Перспектыўны партнёр у Сібіры" - Лукашэнка назваў прыярытэты ў рабоце з Новасібірскай вобласцю

24 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Новасібірская вобласць для Беларусі з'яўляецца адным з найбольш перспектыўных эканамічных партнёраў у Сібіры. Аб гэтым сёння на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Андрэем Траўнікавым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Размова пачалася з абмеркавання надвор'я. "Беларусы адразу адчулі, што да нас прыехалі не чужыя нам людзі з Сібіры. Надвор'е нармалізавалася. Стала бліжэйшае да сібірскага. Гэта для нас вялікая карысць", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў аснове двухбаковага ўзаемадзеяння ляжаць даўнія дружалюбныя і роднасныя адносіны паміж людзьмі, а таксама высокі ўзровень плённага супрацоўніцтва. У Новасібірскай вобласці пражываюць больш за 5 тыс. беларусаў, і многія з іх з'яўляюцца нашчадкамі тых, хто некалі асвойваў Сібір. "У рэгіёне вядуць паспяховы бізнес беларускія прадпрымальнікі. У вас рэгулярна праводзяцца кірмашы тавараў з нашай краіны. Вялікім попытам карыстаюцца нашы прадукты харчавання, абутак, тэкстыль, мэбля", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Новасібірск вядомы як навуковая сталіца Расіі. Апошнія гады гэта адзін з ключавых пастаўшчыкоў абсталявання для ўзводзімай Беларускай АЭС. "Супрацоўніцтва па запуску электрастанцыі ўзаемавыгаднае. Дзякуючы гэтаму праекту сфарміраваны новыя тэхналагічныя ланцужкі паміж прадпрыемствамі нашай краіны і вашага рэгіёна, - канстатаваў беларускі лідар. - Больш таго, мы вельмі ўдзячныя расіянам перш за ўсё за тое, што яны нас навучылі будаваць такія аб'екты. Думаю, што нашы будаўнікі і спецыялісты на ключавых напрамках будаўніцтва будуць вам карысныя ва ўсім свеце. Расіяне добра адзываюцца аб рабоце нашых спецыялістаў на АЭС".

Узаемадзеянне ў навуковай сферы Прэзідэнт назваў вялікай перспектывай, і ў бліжэйшы час будзе вывучана пытанне аб тым, як НАН Беларусі супрацоўнічае з Сібірскім аддзяленнем Расійскай акадэміі навук.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ёсць гатоўнасць пайсці на стварэнне сумесных вытворчасцей, падзяліцца ўжо апрабаванымі тэхналогіямі і выпускаць прадукцыю, запатрабаваную на рынках не толькі Беларусі і Расіі, але і трэціх краін. Беларусь валодае дастатковымі рэсурсамі, каб забяспечыць патрэбнасці Новасібірскай вобласці ў сучаснай грузавой, пасажырскай, сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхніцы, таварах лёгкай і харчовай прамысловасці.

У ліку перспектыўных напрамкаў далейшага супрацоўніцтва кіраўнік дзяржавы ўпамянуў сумеснае прадпрыемства па мадэрнізацыі трамваяў "БКМ-Сібір", створанае пры ўдзеле "Белкамунмаша", дзе магчыма арганізацыя зборкі тралейбусаў.

"Ёсць перспектывы работы і ў авіяцыйнай сферы. Вы ведаеце, што мы ў сувязі з будаўніцтвам новага авіязавода вынеслі яго з Мінска. Гэта новае прадпрыемства. Мы гатовы яго пашыраць, калі ў вас будзе інтарэс, для тэхнічнага абслугоўвання і рамонту сучасных тыпаў самалётаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь гатова сур'ёзна падключыцца і да праграмы развіцця сельскай гаспадаркі ў Новасібірскай вобласці, як гэта было зроблена з удзелам беларускага боку нават на Сахаліне. У тым ліку прапанавана рэалізаваць па беларускіх праектах будаўніцтва аграгарадкоў і аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры ў сельскай мясцовасці. "Расіі нікуды не дзецца ад гэтага варыянта развіцця сельскай гаспадаркі. Вы цудоўна разумееце і бачыце лепш, чым я, што Расія там, дзе раней вырабляўся хлеб, апусцела. Гэтак жа было б і ў нас, калі б мы не схапіліся за гэта пытанне", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў рэгіёне вядзецца будаўніцтва Усходняга абходу Новасібірска і Паўднёва-Заходняга транзіту. "Мы гатовы падключыцца да гэтых праектаў, калі вам будзе выгадна. Вы будуеце і да маладзёжнага чэмпіянату свету па хакеі лядовыя пляцоўкі. Калі патрэбны наш вопыт - калі ласка, паглядзіце нашы аб'екты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, прапанавана выкарыстоўваць ліфтавае абсталяванне "Магілёўліфтмаша" пры будаўніцтве і рамонце шматпавярховых жылых дамоў у рэгіёне.

"Словам, мы адкрыты не толькі для дыялогу, але і сумеснай работы. І гатовы выйсці на пэўныя дамоўленасці, калі гэта будзе патрэбна сібіракам. Беларусь як была вашым родным домам, так яна і застанецца. Мы поўныя рашучасці з нашымі старэйшымі братамі супрацоўнічаць. Але я заўсёды толькі папярэджваю: па-чалавечы. І заўсёды вы знойдзеце водгук у нашай душы. Калі вам патрэбна дзесьці пляцоўка для работы на захадзе з вашымі таварамі, лічыце, што гэта ваша зямля: прыязджайце і будуйце, развівайце свой інтарэс. Мы заўсёды вам дапаможам", - запэўніў беларускі лідар.

"Помніце, нам наканавана быць разам. Гэта будзе доўгі шлях, калі мы разарвём нашы адносіны. Мы ўсё роўна будзем разам. Гэтак жа і Украіна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы славяне, і мы павінны жыць разам. І будзем жыць. Мы нікому нідзе не патрэбны. Аб гэтым гаворыць уся наша гісторыя".

У сваю чаргу Андрэй Траўнікаў расказаў, што візіт дэлегацыі Новасібірскай вобласці планаваўся яшчэ ў 2017 годзе, аднак па розных прычынах яго тэрміны пераносіліся. Паездка ў Беларусь, паводле яго слоў, аказалася вельмі насычанай і плённай. Дэлегацыя наведала не толькі Мінск, але і іншыя гарады, пабываўшы там на буйных прадпрыемствах, сацыяльных і культурных аб'ектах і азнаёміўшыся з мясцовымі славутасцямі. Так, кіраўніцтва расійскага рэгіёна наведала Віцебск, Гомель, Магілёў, Бабруйск. Заехалі і на радзіму беларускага Прэзідэнта.

У Мінску адбылося IV пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Новасібірскай вобласці, пасля якога бакі падпісалі некалькі пагадненняў і дагавораў аб развіцці супрацоўніцтва ў сферах прамысловасці, транспарту, навукі і адукацыі.

"Мы тут адчулі не толькі роднае надвор'е, але і гасцінны прыём, жаданне прадаўжаць работу, - заявіў губернатар. - Вы абсалютна правільна сказалі, што мы не лічым, хто адзін аднаму дапамагае. На жаль, сучасны свет такі, што ёсць попыт на фэйкі. Але самае галоўнае, што сібіракі і беларусы не генерыруюць тэмы і не задавальняюць гэты негатыўны попыт. Мы проста разам працуем".

Паводле даных статыстыкі, у студзені-лістападзе 2018 года тавараабарот Беларусі з Новасібірскай вобласцю склаў $264,3 млн і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года павялічыўся на 51 працэнт. Экспарт - $123,3 млн, імпарт - $141 млн. Аснову экспарту склалі пастаўкі трактароў і седлавых цягачоў, грузавых аўтамабіляў, цукру, металаканструкцый з чорных металаў, пруткоў і профіляў алюмініевых, электрычных трансфарматараў, агародніны, панчошна-шкарпэтачных вырабаў. З Новасібірскай вобласці ў Беларусь пастаўляліся нафтапрадукты, абсталяванне для будаўніцтва БелАЭС, рухавікі і генератары электрычныя, пуцявое і сігнальнае абсталяванне, лямпы і трубкі электронныя, насенне рапсу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі