Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 верасня 2017, 13:58

Пералік відаў рамеснай дзейнасці будзе павялічаны на 30 працэнтаў

19 верасня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Пералік відаў рамеснай дзейнасці плануецца павялічыць на 30 працэнтаў. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў праект указа, накіраваны на далейшае развіццё рамесніцтва, які абмяркоўваўся сёння на рабочай сустрэчы з міністрам эканомікі Уладзімірам Зіноўскім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Праект указа прадугледжвае пашырэнне пераліку матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца для вырабу рамеснай прадукцыі, месц і спосабаў яе рэалізацыі. Сёння рамеснікі маюць права ажыццяўляць продаж сваіх вырабаў на рынках, кірмашах і іншых месцах, вызначаных мясцовымі органамі ўлады. У адпаведнасці з праектам указа яны змогуць прадаваць іх непасрэдна ў майстэрнях, дастаўляць і перасылаць пакупнікам па пазначаным адрасе. Рамеснікі таксама змогуць рэкламаваць сваю прадукцыю, у тым ліку ў інтэрнэце.

Асобна на сустрэчы абмяркоўвалася прапанова ўстанавіць магчымасць перадачы невыкарыстоўваемай або неэфектыўна выкарыстоўваемай нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца ў рэспубліканскай або камунальнай уласнасці, у бязвыплатнае карыстанне, а пасля заканчэння трох гадоў - ва ўласнасць рамеснікам па цане, роўнай адной базавай велічыні. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да гэтага пытання неабходна падыходзіць узважана, не дапускаючы разбазарвання дзяржаўнай уласнасці. "Трэба вельмі акуратна ставіцца да прыватызацыі, а фактычна гэта прыватызацыя дзяржаўнай уласнасці, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта створана народам, і тут нам трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі. Тым не менш, я хацеў бы, каб вы мне далажылі па гэтым праекце ўказа, спыніліся больш на гэтым пытанні".

Як расказаў журналістам па выніках сустрэчы міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, прынята рашэнне ў праекце ўказа, накіраваным на далейшае развіццё рамеснай дзейнасці, гэту норму не прапісваць. "Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што такая норма ў заканадаўстве існуе, толькі трэба больш сур'ёзна ёю карыстацца і губернатарам, і міністрам. І сёння можна ў бязвыплатнае карыстанне аддаваць плошчы і можна прадаваць плошчы - тыя, якія знаходзяцца (у арэндзе. - Заўвага БЕЛТА) тры і больш гадоў. Пытанне - за якую велічыню", - расказаў міністр.

У цэлым, паводле слоў Уладзіміра Зіноўскага, Прэзідэнт падтрымаў праект указа. "Мы лічым, што пасля прыняцця ўказа колькасць рамеснікаў можа падвоіцца", - сказаў міністр. Цяпер у Беларусі зарэгістравана амаль 23,5 тыс. рамеснікаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі