Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 красавіка 2016, 11:02

Пасланне Прэзідэнта да беларускага народа і Нацыянальнага сходу

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

Лукашэнка даручыў ураду падрыхтаваць да 1 ліпеня дзяржпраграму інавацыйнага развіцця

"Даручаю ўраду да 1 ліпеня 2016 года забяспечыць падрыхтоўку дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця, у якой вызначыць усе ключавыя падыходы, прыярытэтныя напрамкі, першачарговыя меры і інструменты для фарміравання эканомікі ведаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, стратэгіяй развіцця Беларусі становіцца пераход на шлях інавацыйнага развіцця. "І прычына не ў абмежаванасці мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Трэнд у эканоміцы сёння зусім іншы: галоўнае багацце - гэта мазгі, навука, інавацыі, а не тое, што Гасподзь паклаў у зямлю", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў рэалізацыі інавацыйнай стратэгіі першае месца адводзіцца Нацыянальнай акадэміі навук і Парку высокіх тэхналогій. "Мы даўно абмяркоўвалі новы фармат работы Нацыянальнай акадэміі навук, стварэнне навуковай інавацыйна-вытворчай карпарацыі, арыентаванай на фарміраванне высокатэхналагічнага сектара на ўласнай даследчай і тэхналагічнай базе. Думаю, што сёння акадэмія навук можа інтэнсіўна развіваць касмічную дзейнасць, нана- і біяіндустрыю, робататэхніку", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што сумесна з ДКНТ і ПВТ акадэмія навук павінна стаць рухаючай сілай тэхналагічнага развіцця нацыянальнай эканомікі.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што павышэнне эфектыўнасці інстытутаў інавацыйнага развіцця - НАН Беларусі, Парка высокіх тэхналогій, Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка і тэхнапаркаў - павінна быць пастаянна ў полі зроку кіраўніцтва краіны, і перш за ўсё ўрада. "Ацэньваць іх дзейнасць трэба не па затратным прынцыпе, а па рэальнай аддачы ад капіталаўкладанняў у навуковую сферу, каб яна сапраўды працавала на ўздым краіны, а не на задавальненне асабістай цікаўнасці вучоных за дзяржаўны кошт", - заявіў Прэзідэнт.

Гэты год павінен стаць пераломным у пераадоленні негатыўных тэндэнцый у эканоміцы

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што штогадовае Пасланне не прэтэндуе на ролю доўгатэрміновай праграмы стратэгіі развіцця краіны. Размова аб гэтым пойдзе на маючым адбыцца пятым Усебеларускім народным сходзе. Сённяшняя размова, паводле слоў Прэзідэнта, будзе аб мэтах бліжэйшай перспектывы і канкрэтных задачах на гэты год. "Я надаю яму, як і вы, асаблівае значэнне па многіх прычынах. Але ў першую чаргу з-за таго, што з яго пачынаецца новы пяцігадовы этап развіцця. Ён павінен стаць пераломным у пераадоленні негатыўных тэндэнцый у эканамічнай сферы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў апошнія 2-3 гады тэмпы развіцця ў эканоміцы запаволіліся. "І хоць асноўную ролю ў гэтым адыгралі знешнія фактары, тым не менш, трэба прызнаць і свае недапрацоўкі. Мы адстаём ад перадавых краін па ўзроўні прадукцыйнасці працы, затратах энергіі, матэрыялаў і ў канчатковым выніку па канкурэнтаздольнасці тавараў і паслуг. Пагрозам нашай эканамічнай бяспецы мы павінны проціпаставіць арганізаванасць і ініцыятыву, мабілізацыю ўсіх рэсурсаў і ўменне эфектыўна гаспадарыць. Аб гэтым мы гаварылі не раз", - нагадаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што 2016 год стане сур'ёзным экзаменам для ўсіх галін улады і кіраўніцкіх структур, ён пакажа, хто на што здольны ў пераадоленні цяжкасцей.

Лукашэнка абазначыў прыярытэтныя напрамкі для зніжэння затрат на прадпрыемствах

"Усе рашэнні, якія датычацца эканомікі, у гэтым годзе канкрэтызаваны і прыняты. Іх проста трэба рэалізаваць. Прамым указаннем да дзеяння з'яўляецца ўказ ад 23 лютага 2016 года нумар 78. У ім вызначаны асноўныя напрамкі работы, вельмі дакладна распісана кожнаму, што і як рабіць. Спынюся на галоўным - на фактарах росту і рэзервах, якія могуць забяспечыць устойлівае развіццё", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, першым з іх з'яўляецца зніжэнне ўсіх відаў затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. "Гэта стратэгічны напрамак павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі. Ён датычыцца кожнага рабочага месца, тэхналагічнага ўчастка, завода, сельгаспрадпрыемства, рэгіёна і галіны. Хачу асабліва падкрэсліць, што перад дзяржаўнымі органамі пастаўлена задача забяспечыць зніжэнне сабекошту не менш як на 25 працэнтаў. І яна павінна быць выканана", - адзначыў ён.

Прэзідэнт растлумачыў, што ў першую чаргу стаўку трэба рабіць на ўкараненне эфектыўных метадаў кіравання, выкарыстанне сучасных стандартаў якасці і тэхналагічных рэгламентаў. "Тут прамое даручэнне міністрам - значную долю зніжэння затрат трэба забяспечыць менавіта за кошт гэтых фактараў. Яшчэ раз прапрацуйце пытанне аб скарачэнні невытворчых расходаў, адмоўцеся ад тых капітальных укладанняў, якія ў бліжэйшы час не дадуць аддачы", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Істотным фактарам зніжэння сабекошту прадукцыі з'яўляецца адмова прадпрыемстваў і арганізацый ад нядобрасумленных пасрэднікаў, якія выкарыстоўваюць шэрыя схемы для накруткі цэн на сваю карысць пры пастаўках сыравіны, запчастак або камплектуючых дэталей, асабліва з-за межаў краіны. "І я папрасіў бы адказных асоб ва ўрадзе, міністэрствах, кіраўнікоў, калі я гавару аб пасрэдніках - не чакайце дадатковых указанняў і законапраектаў. Вы ведаеце, што такое пасрэдніцтва, дзе і як можна яго пазбегнуць", - заявіў ён.

Лукашэнка патрабуе ад урада і Нацбанка забяспечыць раўнавагу плацежнага балансу і бюджэтуЛукашэнка патрабуе ад урада і Нацбанка забяспечыць раўнавагу плацежнага балансу і бюджэту
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што макраэканамічная стабільнасць - гэта, перш за ўсё, нізкія цэны. "Каб іх захаваць, патрабую ад урада і Нацыянальнага банка забяспечыць раўнавагу плацежнага балансу і бюджэту.

У праблемныя прадпрыемствы неабходна ўдыхнуць новае жыццё за кошт інвестыцый і тэхналогій

"Асноўнай стратэгіяй развіцця і асновай дзяржаўных прадпрыемстваў павінны стаць эфектыўнасць і прыбытковасць. Кожнае праблемнае прадпрыемства неабходна разгледзець зыходзячы з перспектыў яго дзейнасці. Але закрыццё прадпрыемстваў - гэта не перспектыва, размова ідзе аб ліквідацыі неэфектыўнай дзейнасці, а не прадпрыемстваў і калектываў. Гэта значыць аб тым, каб удыхнуць у іх новае жыццё за кошт інвестыцый, новых тэхналогій, новых сістэм кіравання, новых вытворчасцей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі нейкае прадпрыемства і будзе закрыта, то на яго месцы абавязкова павінна з'явіцца новае прадпрыемства. "Каб людзі кожную раніцу мелі магчымасць пайсці на работу, сумленна ўкласці сваю працу, атрымаць зарплату і пракарміць сваю сям'ю. Вось адзінае патрабаванне", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка патрабуе актывізаваць дэдаларызацыю эканомікі

"Патрабуецца актывізаваць працэс дэдаларызацыі эканомікі, у гэтым плане нямала зроблена. Калі насельніцтва давярае сваёй валюце, захоўвае ў ёй зберажэнні, яно падтрымлівае нацыянальную эканоміку. Ужо многае зроблена для скарачэння выкарыстання замежнай валюты ў разліках на тэрыторыі краіны. Банкамі створаны прывабныя ўмовы, якія даюць магчымасць насельніцтву атрымліваць па сваіх укладах рэальны даход у рублях", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што дэдаларызацыя немагчыма без змянення свядомасці, псіхалогіі людзей, якія прывыклі ўсё лічыць ва ўмоўных адзінках. "Трэба пачынаць у першую чаргу з дзяржаўных органаў. Варта ўжо ў бягучым годзе прыняць усе неабходныя рашэнні, каб максімальна адмовіцца ад прывязкі ставак падаткаў, пошлін, арэнднай платы, тарыфаў да замежнай валюты і ўстанавіць іх выключна ў беларускіх рублях", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Урад і Нацбанк здольны пасля дэнамінацыі забяспечыць макраэканамічную стабільнасць у краіне

"Дэнамінацыя - гэта новы этап развіцця нацыянальнай грашовай сістэмы. Яна праводзіцца не толькі для зручнасці фінансавых разлікаў. Гэтым урад і Нацбанк падкрэсліваюць сваю рашучасць і здольнасць забяспечыць макраэканамічную стабільнасць у краіне. А значыць нізкую інфляцыю, нізкія працэнтныя стаўкі і аднаўленне эканамічнай актыўнасці", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Скарыстайцеся гэтым этапам - этапам дэнамінацыі - і вырашыце пытанне і па стаўках, і па дэдаларызацыі краіны", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка даручыў забяспечыць рэалізацыю патэнцыялу мадэрнізаваных прадпрыемстваў
"Задача ўраду - забяспечыць рэалізацыю патэнцыялу мадэрнізаваных прадпрыемстваў базавых галін прамысловасці і паскоранае развіццё новых высокатэхналагічных сектараў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Дыктатура якасці" павінна стаць паказчыкам прафесіяналізму ў арганізацыі вытворчасці

"Якасць прадукцыі - гэта важнейшы складнік канкурэнтаздольнасці. На кожным прадпрыемстве "дыктатура якасці" павінна стаць паказчыкам прафесіяналізму ў арганізацыі вытворчасці", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сёння аслаблена патрабавальнасць да кіраўніцтва прадпрыемстваў па ўкараненні сістэм кіравання якасцю. Галіновыя стандарты ніжэйшыя за лепшыя сусветныя практыкі. "Работу па пашырэнні перадавых методык у краіне павінен узначаліць Дзяржстандарт", - лічыць Прэзідэнт.

Таксама кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адной з новых кропак росту эканомікі, якія дадуць устойлівую дынаміку яе развіцця, павінна стаць "зялёная" індустрыя. "Размова ідзе аб новых бяспечных стандартах якасці выпускаемай прадукцыі. Гэта аснова дыверсіфікацыі нашага экспарту для выхаду на рынкі развітых краін і інвестыцыі ў будучыню", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнікі павінны ўмела арганізаваць справу і весці за сабой людзей, а не плысці па цячэнні

Прэзідэнт адзначыў, што асаблівую актуальнасць набывае падрыхтоўка кіраўнікоў новай фармацыі, здольных адаптавацца да складанай абстаноўкі. "У цяперашняй сітуацыі неабходна вырашаць наступныя задачы. Дзяржаўная кадравая палітыка павінна быць накіравана на рэалізацыю прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і забяспечыць падрыхтоўку і расстаноўку кадраў, здольных ажыццявіць эфектыўнае кіраванне галінамі эканомікі. Кіруючы склад павінен умела арганізаваць справу і весці за сабой людзей, а не плысці па цячэнні", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым беларускі лідар звярнуў увагу, што задача органаў улады - падтрымаць прафесійных і ініцыятыўных работнікаў, заахвочваць іх самастойнасць і высокую рэзультатыўнасць.

На кожнае скарочанае месца павінна быць створана новае, больш прадукцыйнае

"Для зніжэння затрат на вытворчасць не абысціся без аптымізацыі колькасці работнікаў. Гэта азначае, што на кожнае скарочанае месца павінна быць створана новае, больш прадукцыйнае. Задача няпростая. Патрэбны высокатэхналагічныя інвестыцыі і падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Я ўжо гаварыў, калі раптам на МАЗе, БелАЗе, МТЗ або іншых прадпрыемствах адбываецца аптымізацыя і вызваляецца энная колькасць работнікаў, то гэтых людзей кіраўнікі разам з мясцовымі органамі ўлады павінны працаўладкаваць на новым рабочым месцы, а не выкідваць на вуліцу.

"Я гэта гавару не першы раз, але патрабаванне за гэта ў бягучым годзе будзе строгае. У гэтых пытаннях ураду, губернатарам, усёй вертыкалі ўлады неабходна працаваць на апярэджанне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што задача штогод ствараць 50 тыс. новых рабочых месц з'яўляецца мінімальным патрабаваннем. "Падкрэсліваю, усяго толькі 50 тыс., нават не 100 тыс. і не мільён, як нам прапануюць. Каб стварыць мільён рабочых месц, трэба мець мільярды долараў. Гэта, па-першае. Па-другое, трэба мець высокакваліфікаваных работнікаў, па-трэцяе, рабочыя месцы не патрэбны ўчарашняга дня, патрэбны рабочыя месцы заўтрашняга дня. А гэта значыць, што нам трэба стварыць за год або пяць гадоў, як прапануецца, новую эканоміку Беларусі, каб на гэтыя прадпрыемствы працаўладкаваць мільён чалавек", - растлумачыў ён.

"Памятайце - рабочыя месцы ствараюцца не для справаздач, а для людзей. І яшчэ адзін аспект праблемы. Пакуль ствараюцца новыя рабочыя месцы, неабходна забяспечыць умовы і для самазанятасці людзей. Сёння сітуацыя на рынку працы даволі зменлівая, і нам трэба хутка на гэта рэагаваць", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да старшынь аблвыканкамаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мясцовыя органы ўлады павінны сканцэнтраваць намаганні на стварэнні неабходнай інфраструктуры для новых рабочых месц у малым бізнесе і ўмоў для яго росту. "Вы, губернатары, адказваеце за тое, каб малы бізнес развіваўся ў сярэдні і буйны. Калі вам хто-небудзь або што-небудзь перашкаджае, уносьце канкрэтныя прапановы", - канстатаваў Прэзідэнт.

Лукашэнка лічыць неабходным надаць імпартазамяшчэнню новы імпульс і сэнс

"Беларусь ужо не першы год займаецца імпартазамяшчэннем. Аднак цяпер гэтаму напрамку трэба надаць новы імпульс і сэнс. Сфер прымянення даволі шмат", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, асноўным элементам дынамічнага імпартазамяшчэння з'яўляецца пашырэнне аб'ёмаў лакалізацыі вытворчасці на сумесных прадпрыемствах. "Маючы ў Беларусі вялікія зборачныя вытворчасці, мы да гэтага часу завозім камплектацыю з-за мяжы: крэслы, аддзелачныя матэрыялы, аўтамабільнае шкло, аўтакампаненты. А іх жа трэба рабіць у нас. Вось дзе ніша для нашых прадпрымальнікаў і напрамкі канкрэтнай работы эканамічнага штаба краіны", - сказаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ключавы параметр выніковасці работы ўрада ў гэтым напрамку вызначаны: прырост не менш як на $600 млн імпартазамяшчальнай прадукцыі штогод. "Усе рычагі для падтрымкі бізнесу, які займаецца вытворчасцю, у губернатараў ёсць - продаж маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, здача яе ў арэнду па даступных цэнах і іншыя", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка прапануе сфарміраваць вакол БелАЭС кластар энергаёмістых вытворчасцей
"Мы павінны выкарыстоўваць перавагі ядзернай энергетыкі для фарміравання вакол АЭС кластара энергаёмістых вытворчасцей і павышэння канкурэнтаздольнасці ўсёй эканомікі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Рацыянальны і прагматычны падыход да фарміравання тарыфаў будзе забяспечаны ва ўсіх сферах

"Рацыянальны і прагматычны падыход да фарміравання тарыфаў будзе забяспечаны ва ўсіх сферах, якія аказваюць паслугі насельніцтву нашай краіны. Работа ў гэтым напрамку, як вы ведаеце, вядзецца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў гэтым годзе давядзецца "ўціснуцца" ўсім. "Так, як гэта мы зрабілі ў жыллёва-камунальнай сферы, забяспечыўшы баланс інтарэсаў насельніцтва і прадпрыемстваў", - канстатаваў ён.

Магутны антыманапольны орган неабходна стварыць на базе Мінгандлю - Прэзідэнт
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што адзін з буйных прадпрымальнікаў паабяцаў арганізаваць у адным з раёнаў сучасную гандлёвую сетку як альтэрнатыву Белкаапсаюзу.

Праграма з МВФ не панацэя, але індыкатар адкрытасці беларускай эканомікі

У супрацоўніцтве з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі закладзены вялікі інвестыцыйны патэнцыял. "Гэта адкрые дзверы для многіх буйных інвестараў. Асаблівай увагі патрабуе развіццё супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам. Праграма з МВФ - гэта не панацэя, але індыкатар адкрытасці нашай эканомікі", - выказаў упэўненасць беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, размаўляць з МВФ беларускі бок павінен, абараняючы свае інтарэсы, "даказваючы, расказваючы, патрабуючы таго, каб нас разумелі на перагаворным працэсе".

Міжнародны валютны фонд - спецыялізаваная ўстанова ААН са штаб-кватэрай у Вашынгтоне (ЗША), створаны ў 1945 годзе. Беларусь з'яўляецца членам МВФ з 1992 года.

Лукашэнка: $600 млн з партфеля праектаў Сусветнага банка для Беларусі да гэтага часу не задзейнічаны
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што да канца года гэтыя пытанні павінны быць вырашаны.

Ураду да 1 верасня даручана прааналізаваць заканадаўства на прадмет зразумеласці для інвестараў

"Галоўны стымул для інвестыцый - гэта выразныя і зразумелыя правілы і законы, якія выконваюць усе: як нашы айчынныя, так і замежныя інвестары. Але калі ў нас у эканоміцы ёсць такія законы, якія тармозяць працэс прыцягнення капіталаўкладанняў, то неабходна хутка рэагаваць і гібка адаптаваць да зменлівай рэальнай сітуацыі", - адзначыў беларускі лідар. У сувязі з гэтым ён даручыў ураду да 1 верасня прааналізаваць і сістэматызаваць інвестыцыйнае заканадаўства і ўнесці адпаведныя прапановы.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым назваў прынцыпы, якім павінна адпавядаць інвестыцыйная палітыка ў 2016 годзе. Гэта максімальнае прыцягненне прамых замежных інвестыцый, канцэнтрацыя ўкладанняў у актыўныя асноўныя сродкі (у перадавыя тэхналогіі, інфармацыйныя сістэмы, робататэхніку) і павышэнне аддачы ад укладзеных сродкаў за кошт эфектыўнасці кіравання праектамі.

Лукашэнка запатрабаваў устараніць бюракратычныя бар'еры для прыцягнення ў эканоміку сродкаў МФА

"Патрабую ў самыя кароткія тэрміны ўстараніць усе так званыя заканадаўчыя перашкоды для прыцягнення ў эканоміку краіны сродкаў міжнародных фінансавых арганізацый. Гаворачы простай мовай, устараніць усялякія бюракратычныя бар'еры", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама даручыў ураду завяршыць у самыя кароткія тэрміны спрашчэнне парадку заключэння міжнародных дагавораў.

Не менш як $1,5 млрд замежных інвестыцый трэба прыцягнуць за год у краіну для росту эканомікі

"У гэтым годзе для аднаўлення эканамічнага росту неабходна прыцягнуць не менш як $1,5 млрд прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, што дасць магчымасць замясціць адсутныя ўнутраныя рэсурсы знешнімі крыніцамі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што сёння ў свеце адным з найбуйнейшых інвестараў з'яўляецца Кітай. "Для Беларусі цяпер адкрыта крэдытная лінія на $8 млрд і абяцана пры асваенні мільярдаў долараў столькі, колькі трэба для краіны", - сказаў ён.

Лукашэнка лічыць нездавальняючай работу па стварэнні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка
"Работа (па стварэнні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". - Заўвага БЕЛТА) вядзецца вельмі дрэнна. У бліжэйшы час там будуць прыняты вельмі строгія меры, у тым ліку кадравыя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пазіцыя ўрада па ініцыятыве спалучэння пояса Шаўковага шляху і ЕАЭС павінна быць актыўнай - Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Найважнейшым прыярытэтам з прыярытэтаў быў і застаецца экспарт, яго рост і абавязкова дыверсіфікацыя".

Беларусь зацікаўлена ў стварэнні ўсёабдымнай сістэмы бяспекі Еўразійскага рэгіёна

"Наша краіна асабліва зацікаўлена ў стварэнні ўсёабдымнай і справядлівай сістэмы забеспячэння бяспекі шырокага і, на жаль, выбухованебяспечнага Еўразійскага рэгіёна", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым, паводле яго слоў, Беларусь прымае меры і на ўзроўні міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, і ва ўмацаванні абароннага патэнцыялу сваёй краіны. "Мы не бразгаем нейкай зброяй. Не. Мы сур'ёзна і адкрыта гаворым аб тым, што ствараем сучасны, абаронны комплекс нашай краіны. Дарэчы, частка рэгіянальнай абароннай сістэмы Беларусі і Расіі на заходнім напрамку, у аснове якога беларуская армія", - дадаў ён.

У глабальным маштабе гэтай мэце служыць Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы, адзначыў Прэзідэнт. Павышэнне боегатоўнасці Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання дае магчымасць процістаяць такім выклікам, як міжнародны тэрарызм, наркатрафік, незаконная міграцыя і арганізаваная злачыннасць.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь з улікам абвастрэння сітуацыі ў далёкім і блізкім замежжы вымушана нарошчваць свой абаронны патэнцыял, каб не аказацца безабаронным аб'ектам лакальнага ваеннага канфлікту. Значнай вяхой у павышэнні абараназдольнасці ён назваў прыняцце ў гэтым годзе новай рэдакцыі Ваеннай дактрыны беларускай дзяржавы. "У ёй дакладна вызначаны міралюбівы характар нашай знешняй палітыкі. Разам з тым у дакуменце падкрэслена, што для абароны сваёй краіны ў выпадку вычарпання мер неваеннага характару мы гатовы да прымянення ваеннай сілы як супраць знешняй агрэсіі, так і для нейтралізацыі ўнутранага ўзброенага канфлікту", - заўважыў Прэзідэнт. Для процідзеяння пагрозам гібрыдных войнаў і "каляровых рэвалюцый" створаны Сілы спецыяльных аперацый і распрацавана сістэма тэрытарыяльнай абароны. Пры гэтым ён дадаў, што ўнутраны канфлікт, асабліва ў Беларусі, магчымы толькі пры падтрымцы знешніх сіл. "Таму мы арыентуем узброеныя сілы на процідзеянне такім "унутраным канфліктам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Ваеннай дактрыне ўпор зроблены і на развіццё абароннай прамысловасці як высокатэхналагічнага сектара эканомікі, прызначанага не толькі задавольваць патрэбнасці сілавых структур краіны ў сучасных відах узбраення і спецыяльнай тэхнікі, але і пастаўляць на экспарт сваю прадукцыю.

"Галоўная задача ўсіх сілавых структур - забяспечваць недатыкальнасць нашай Радзімы, яе тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны парадак, пастаянна падтрымліваць спакойную абстаноўку, неабходную для ўстойлівага развіцця краіны і мірнага жыцця людзей", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь адзначае важную ролю партнёрства з Кітаем і разлічвае на раўнапраўны дыялог з Захадам

У рэалізацыі курсу на шматвектарнасць знешняй палітыкі важную ролю адыгрывае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства Беларусі з Вялікім Кітаем. Цяпер на парадку дня выкананне шэрага ўзаемавыгадных дамоўленасцей і канкрэтных праектаў, нагадаў Прэзідэнт.

Закранаючы адносіны і дыялог з Захадам, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яны павінны быць раўнапраўнымі.

"У супрацоўніцтве з Захадам нас цікавяць перш за ўсё інвестыцыі, трансфер тэхналогій, стварэнне перадавых сумесных вытворчасцей, удзел беларускіх кампаній у міжнародных вытворчых ланцужках", - сказаў Прэзідэнт.

Прынцыпова важна не дапусціць з'яўлення новых раздзяляльных ліній у Еўрапейскім рэгіёне, каб узаемаадносіны ЕС і ЕАЭС мелі не ўзаемавыключальны, а ўзаемадапаўняльны характар, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт нагадаў, што ў гісторыі Беларусі нямала негатыўных прыкладаў, калі яна была ў эпіцэнтры такога падзелу. Таму для краіны, якая, калі што здарыцца, можа зноў стаць такой раздзяляльнай лініяй, гэта не проста палітычная траскатня, рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: парламенту важна забяспечыць пераемнасць
"Спадзяюся, наш новы дэпутацкі корпус будзе мець высокую палітычную культуру, умець весці пастаянны дыялог з іншымі галінамі ўлады, грамадзянскім грамадствам, рэгіёнамі, жыхарамі, міжнароднай супольнасцю", - сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка заклікае не захапляцца "гаварыльняй" пры нармалізацыі адносін з Захадам
Кіраўнік дзяржавы з задавальненнем адзначыў сур'ёзны пералом у адносінах Беларусі з Захадам. "Не "загаварыць" бы гэты нармальны працэс. І Захад павінен гэта разумець, і мы, што калі страцім тэмпы нашых адносін, то станем не цікавымі адзін аднаму", - перасцерагае Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь можа і павінна адыгрываць больш актыўную і значную ролю ў сусветнай палітыцы

Прэзідэнт падкрэсліў, што не Беларусь ірвецца да таго, каб адыгрываць больш актыўную і значную ролю ў сусветнай палітыцы. "Ад нас гэтага патрабуюць ужо сусветныя дзяржавы, а па нейкіх пытаннях і просяць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння Беларусь - гэта апора бяспекі ў рэгіёне. У нас няма канфліктаў ні па рэлігійнай, ні па нацыянальнай прыкметах. Мы ніколі не стваралі і не ствараем праблем суседзям. І ніколі не будзем іх ствараць", - гарантаваў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што шматвектарнасць знешняй палітыкі як была, так і застаецца асноўным прынцыпам Беларусі.

Беларусь гатова працаваць над уступленнем у СГА, але абараняючы свае інтарэсы

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі адкрытая эканоміка, краіна не можа быць ізалявана ад усяго свету, яна зацікаўлена ў рабоце на знешніх рынках. "Для нас вельмі важна быць часткай гэтага сусветнага эканамічнага арганізма, імя якому СГА", - сказаў ён. Між тым беларускі лідар адзначыў, што кожная з краін, з'яўляючыся членам гэтага маштабнага аб'яднання, адстойвае ўласныя інтарэсы. "Мы гатовы ў гэтым напрамку працаваць, але, як і ўсе, абараняючы свае інтарэсы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, перагаворны працэс прадугледжвае, перш за ўсё, кампраміс паміж краінамі-партнёрамі. "Калі мы ўбачым, што не страчваем у ходзе перагаворнага працэсу, мы на гэта пойдзем. Калі не, то і хацець не трэба", - лічыць ён.

У Беларусі на сёння няма перашкод для ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, у тым ліку падтрымку і дапамогу ў гэтым пытанні прапануюць ЗША і ЕС. "Мы ім за гэта ўдзячны, але будзем весці перагавары, каб захаваць інтарэсы па ўсіх напрамках - і прамысловасці, і сельскай гаспадаркі. Усе сектары для нас важны і маюць патрэбу ў абароне", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама лічыць важным прааналізаваць вопыт партнёраў па Еўразійскім эканамічным саюзе, якія ўжо сталі паўнапраўнымі членамі гандлёвай арганізацыі.

Лукашэнка звяртае ўвагу на сусветную тэндэнцыю халоднай вайны
"Выклікае трывогу і такая негатыўная сусветная тэндэнцыя, як новы этап халоднай вайны, які набірае абароты. Паказаўся прывід новых блокавых процістаянняў, якія падрываюць фундаментальныя асновы глабальнай і рэгіянальнай бяспекі. І гэта асабліва сумна ўсведамляць у год 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь павінна быць гатова процістаяць міжнароднаму тэрарызму

"У апошнія гады сур'ёзна змянілася абстаноўка ў свеце. Імкліва множыцца колькасць рэгіянальных канфліктаў, якія правакуюць маштабныя міграцыйныя крызісы. Узнікаюць цэлыя тэрарыстычныя квазідзяржавы, якія нясуць пагрозу для ўсёй сусветнай супольнасці. Нават паспяховая Еўропа сёння не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Хваля тэрарызму літаральна захліснула многія краіны. Крывавыя падзеі ў Паражы, Бруселі ўзрушылі ўвесь свет. Пагроза захоўваецца для іншых дзяржаў, аб чым нельга забываць", - таксама сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Канструктыўны ўдзел у забеспячэнні бяспекі прымае ўсё беларускае грамадства, дэманструючы з'яднанасць перад тварам новых пагроз і разуменне прымаемых сілавымі структурамі мер", - таксама адзначыў Прэзідэнт.

Асобным сілам у Расіі трэба спыніць размовы аб развароце Беларусі

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Расійская Федэрацыя - гэта саюзніца і стратэгічны партнёр Беларусі. "Таму нам трэба дынамічна развіваць усебаковае супрацоўніцтва на міждзяржаўным і рэгіянальным узроўнях", - упэўнены Прэзідэнт.

"Прыкра слухаць з некаторых ангажыраваных рупараў з Расіі, што ў нас ледзь ці не мяккая беларусізацыя, яшчэ штосьці тут адбываецца - ледзь ці не разварот. Не ведаю толькі, куды мы можам развярнуцца?" - задаўся рытарычным пытаннем кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён лічыць, што "асобным сілам, структурам у Расіі трэба ўжо спыніць гэту цягамоціну". "Куды нам разварочвацца? Мы былі і ёсць браты, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта гістарычна, стагоддзямі прадвызначана".

У той жа час кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Расіі павінны разумець, што беларусы не будуць хлопчыкамі на пабягушках.

Беларусь - самастойная суверэнная дзяржава, вобразна кажучы, якая жыве з Расіяй у адным доме, але мае сваю кватэру. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гэта і словы цяперашняга Прэзідэнта Расіі, які гатовы на гэтым будаваць адносіны з Беларуссю.

"У сувязі з гэтым беларускі лідар зноў выказаў недаўменне наконт таго, што некаторыя, у тым ліку праўладныя рупары, зацыкліваюцца на іншым, даходзячы да паклёпу. "Трэба гэта завяршаць, гэта да дабра не прыводзіць", - перасцярог кіраўнік беларускай дзяржавы.

Беларусь і Расія поплеч развіваюць Саюзную дзяржаву, а цяпер і ЕАЭС. Аляксандр Лукашэнка заклікаў расійскіх партнёраў прытрымлівацца выпрацаваных прынцыпаў. Напрыклад, дамоўленасці аб тым, што на тэрыторыі дзвюх краін не будуць стварацца альтэрнатыўныя вытворчасці. Прэзідэнт нагадаў аб прэтэнзіях расійскага боку наконт таго, што Беларусь нібыта адмовілася прадаваць МЗКЦ, і аб прапановах наладзіць аналагічную вытворчасць на КамАЗе. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што на апошніх перагаворах з кіраўніцтвам Расіі адзначаў: "Хочаце купіць - купляйце, калі ваш інтарэс". Але звяртаў увагу, што і ў Беларусі ёсць свой інтарэс у Расіі - у здабычы на яе тэрыторыі нафты. Аднак дамоўленасці па гэтым пытанні так пакуль і не дасягнуты, канстатаваў Прэзідэнт.

СНД трэба мадэрнізаваць і захаваць як міжнародную арганізацыю

Прэзідэнт згадаў аб негатыўных тэндэнцыях у Садружнасці Незалежных Дзяржаў: колькасць яе членаў скарачаецца, адносіны паміж некаторымі краінамі абвастраюцца, аб чым сведчыць нядаўні канфлікт паміж Азербайджанам і Арменіяй. Гучаць прапановы нават скасаваць СНД.

"Падзяляючы меркаванне аб безумоўнай неабходнасці мадэрнізацыі Садружнасці, Беларусь лічыць патрэбным захаваць яе як міжнародную арганізацыю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт растлумачыў, што Беларусь бачыць задачу мадэрнізацыі ў тым, каб зрабіць СНД больш моцнай і прывабнай для дзяржаў-удзельніц, адаптаваць яе да сучасных рэалій.

Няма больш высокай каштоўнасці, чым мір і бяспека

"Няма больш высокай каштоўнасці (гэта Украіна паказала і іншыя дзяржавы, цяпер асабліва - Сірыя), чым мір і бяспека", - сказаў Прэзідэнт.

"Калі на галаву сыплюцца бомбы, калі ў грамадстве разлад, калі адзін на аднаго пайшлі з кулямётамі і гранатамі, калі чалавек не можа жыць на сваёй зямлі, - аб чым можа ісці размова? Аб дэмаграфічных нажніцах? Хто будзе ў гэты час нараджаць?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Менавіта па гэтай прычыне, як лічыць кіраўнік дзяржавы, неабходна заўсёды падкрэсліваць, што мір, бяспека, абараназдольнасць - гэта вельмі важна. Прэзідэнт заклікаў гаварыць аб гэтым, не саромеючыся крытыкаў.

"Усё астатняе мы знойдзем, купім. Гэта другараднае", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што ні ў якое параўнанне з "бяспекай і мірам на гэтым кавалку зямлі, дзе жывуць беларусы", гэта не ідзе.

"Ад таго, наколькі эфектыўна мы зможам адстаяць свой суверэнітэт, не дапусціць пранікнення да нас хаосу і насілля звонку, пазбегнуць памылак суседзяў, залежыць будучыня нашай Беларусі. Мы проста абавязаны зберагчы галоўны здабытак - мір, стабільнасць, міжнацыянальную, міжканфесійную згоду, адкрытасць да супрацоўніцтва", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка лічыць Беларусь узорам па мірным суіснаванні рэлігій

Наконт магчымасці ўвядзення ў беларускіх школах (па аналогіі з іншымі краінамі) асобных рэлігійных прадметаў кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Я гэтага рабіць не буду, як бы гэта ні крыўдна было камусьці пачуць, па многіх прычынах. Дай бог іншым краінам, у тым ліку Расіі, мець такую талерантнасць, такія ўзаемаадносіны рэлігій, як у Беларусі". Аляксандр Лукашэнка перакананы, што Беларусь з'яўляецца ўзорам у гэтым плане.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што не трэба рабіць нейкія захады, каб актуалізаваць далікатнае пытанне міжрэлігійных узаемаадносін, асабліва сярод школьнікаў. "Нам не трэба без асаблівай патрэбы лезці ў гэтыя далікатныя пытанні. Давайце тут праплывём па цячэнні, вобразна кажучы, каб не ўзбаламуціць грамадства і не сутыкнуць на гэтай праблеме нашы асноўныя рэлігіі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка гарантуе абарону правоў прадпрымальнікаў, якія сумленна вядуць сваю справу

"Дзяржава абараняе і будзе абараняць правы, уласнасць і годнасць усіх прадпрымальнікаў, якія сумленна вядуць сваю справу. Але мы маем права чакаць няўхільнага выканання законаў, "выхаду з ценю" і адмовы ад нявыплаты падаткаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што паляпшэнне дзелавога асяроддзя - гэта пастаянны працэс. Станоўчыя вынікі ёсць і пацвярджаюцца міжнароднымі экспертамі. "У апошняй справаздачы Сусветнага банка "Вядзенне бізнесу 2016" па паказчыку "Падаткаабкладанне" наша краіна заняла 63 месца сярод амаль 200 дзяржаў, рушыўшы наперад за пяць гадоў на 126 пазіцый. Але мы не спыняемся на дасягнутым. Мэта - увайсці ў першую трыццатку краін па ўмовах вядзення бізнесу", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Што ў краіне нашай перашкаджае займацца бізнесам? Усе крычалі, што дазвольны прынцып, дайце заяўны. Далі - калі ласка, ідзі, пішы заяву і займайся бізнесам. Але калі нехта хоча займацца бізнесам ва ўласных інтарэсах і так, як ён лічыць патрэбным, не ўлічваючы наша заканадаўства, тады вам не месца работы ў Беларусі. Трэба спыніць гэту спрэчку, нікому яна не патрэбна, таму што маса бізнесменаў ні на што не крыўдзіцца, яны сёння зарэгістраваліся і працуюць сумленна. Галоўнае - выплаці падаткі і можаш спакойна спаць, можаш не спаць, гэта тваё права. Але толькі аддай тое, што ты павінен аддаць дзяржаве, як і ва ўсім свеце", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Некаторыя гавораць - ах, некага там затрымалі, арыштавалі, заўтра нібы прыйдуць за іншымі. Ну, вядома, прыйдуць, калі вы будзеце так працаваць, калі вы будзеце абдзіраць дзяржаву і не плаціць падаткі. Пакажыце яшчэ адзін факт за выключэннем выплаты падаткаў, па прычыне якога затрыманы хоць адзін прадпрымальнік або бізнесмен. Пакладзіце на стол такія факты - іх няма. І маліце бога, што вы жывяце не ў Злучаных Штатах Амерыкі - я звяртаюся да тых бізнесменаў і прадпрымальнікаў, якія гэта заяўляюць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

У аснове дзяржпалітыкі ляжыць клопат аб чалавеку

"Намечаныя меры павінны садзейнічаць пераадоленню негатыўных тэндэнцый і аднавіць дынаміку сацыяльна-эканамічнага развіцця. Для гэтага патрэбна ініцыятыўная і зладжаная работа на агульны вынік як у цэнтры, так і на месцах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"У аснове дзяржаўнай палітыкі ляжыць клопат аб чалавеку, аб павышэнні дабрабыту і якасці жыцця людзей. Гэта наш галоўны прынцып і магістральны шлях развіцця", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Галоўная задача ў дэмаграфічнай сферы - стварэнне ўмоў для росту насельніцтва

"Што датычыцца задач у дэмаграфічнай сферы, то галоўнае застаецца нязменным: стварэнне ўмоў для росту насельніцтва краіны, - адзначыў беларускі лідар. - За дзесяцігоддзе з таго часу, як была прынята першая дзяржаўная праграма вырашэння дэмаграфічных праблем, мы атрымалі вынік, да якога імкнуліся: практычна сціснуты дэмаграфічныя нажніцы! У 2015 годзе ўзровень нараджальнасці практычна зраўнаваўся з узроўнем смяротнасці, нарадзілася амаль 120 тыс. дзяцей. Такой нараджальнасці не было больш як 20 гадоў".

За 10 гадоў дзіцячая смяротнасць у рэспубліцы знізілася амаль у 3 разы. Па гэтым паказчыку Беларусь выйшла на перадавыя пазіцыі ў свеце. "Гэта самы галоўны наш здабытак, калі жанчына нараджае і поўнасцю ўпэўнена ў тым, што дзіця будзе здаровае, - сказаў Прэзідэнт. - Радуе і тое, што павялічваецца памер беларускай сям'і, больш як 56 працэнтаў нованароджаных - гэта другія і наступныя дзеці. Гэта прарыў".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, дэмаграфічныя праграмы даказалі сваю рэзультатыўнасць, прадоўжыцца іх рэалізацыя ў поўным аб'ёме. Ужо задзейнічаны такі механізм падтрымкі сям'і, як мацярынскі капітал, а таксама дапамога ў вырашэнні жыллёвых праблем. "Мы і ў далейшым будзем перш за ўсё ўдзяляць увагу шматдзетным сем'ям у плане жылля", - дадаў ён.

"Інвестыцыі ў сям'ю - гэта інвестыцыі ў будучае развіццё, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Але сёння неабходна зрушыць акцэнты з эканамічнага складніка, які дастаткова важкі, на палітыку сямейнага дабрабыту, псіхалагічнай устойлівасці і стабільнасці. Што граху таіць, некаторыя сем'і, нарадзіўшы траіх-чацвярых дзяцей, гавораць - гэта Лукашэнкі дзеці, няхай ён імі займаецца. Не, дарагія мае, я гатовы падставіць плячо, але клопат аб дзецях праходзіць перш за ўсё праз сям'ю".

Развіццё сямейнай інфраструктуры, стварэнне ўмоў для сямейнага адпачынку, культурна-масавых забаў, сумесных заняткаў спортам як у гарадской, так і ў сельскай мясцовасці - яшчэ адна немалаважная ўмова ў справе з'яднання сям'і, лічыць ён.

Дзяржава і ў далейшым будзе клапаціцца аб інвалідах, ветэранах вайны

"Яшчэ адзін акцэнт, на якім павінны быць сканцэнтраваны намаганні ўрада, - аказанне сацыяльнай падтрымкі людзям з абмежаванымі магчымасцямі", - паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

"Мы заўсёды з асаблівай увагай ставіліся да патрэб і патрэбнасцей ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і іншых войнаў. Мы раней, чым іншыя дзяржавы Усходняй Еўропы і СНД вырашылі іх праблемы, у тым ліку самыя цяжкія - жыллёвыя, памятаючы аб іх бяспрыкладнай мужнасці і стойкасці. Усе гэтыя гады мы праводзілі і будзем праводзіць меры па паляпшэнні якасці жыцця гэтых людзей", - падкрэсліў беларускі лідар.

Лукашэнка не супраць стварэння грамадскай арганізацыі па ахове памяці аб Вялікай Айчыннай вайне

Парламентарый Галіна Філіповіч звярнулася да кіраўніка дзяржавы з просьбай падтрымаць ідэю стварэння грамадскай арганізацыі абаронцаў памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне. Паводле яе слоў, гэта арганізацыя прадоўжыць работу па доглядзе месц пахавання загінулых у гады вайны, захаванні багатага вопыту ваенна-патрыятычнага выхавання новага пакалення.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтай праблемай у Беларусі займаюцца многія маладзёжныя, грамадска-палітычныя аб'яднанні, дзяржаўныя органы і рэлігійныя дзеячы. Аднак калі пытанне стаіць настолькі глабальна і для яго вырашэння неабходна выдзеліць асобную арганізацыю, гэта можна зрабіць, паколькі яе стварэнне не забаронена беларускім заканадаўствам.

"Калі яна з'явіцца, будзем яе падтрымліваць, таму што вы будзеце займацца святой справай - не разбураць помнікі, а даглядаць іх, не прыніжаць памяць аб тым часе, як гэта вакол робіцца, а захоўваць праўду аб мінулай вайне. Давайце будзем дзейнічаць у гэтым напрамку, калі ёсць неабходнасць", - сказаў Прэзідэнт.

У паліклініках не павінна быць чэргаў

"У паліклініках не павінна быць чэргаў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба завяршыць інфарматызацыю рабочых месц урачоў для ўкаранення тэхналогіі электроннага рэцэпта і пераходу на электронныя карткі пацыента".

У забеспячэнні дабрабыту ўсіх слаёў насельніцтва асаблівую ролю адыгрывае дынамічнае развіццё аховы здароўя. Гэта сфера з'яўляецца прыярытэтам беларускай дзяржавы, падкрэсліў Прэзідэнт.

У сусветным рэйтынгу па доступе да медыцынскіх паслуг Беларусь займае першае месца, а па спрыяльных умовах для мацярынства знаходзіцца на 25-м месцы сярод амаль 200 краін. За апошнія гады ў Беларусі мадэрнізаваны ўсе звёны сістэмы аховы здароўя - ад фельчарска-акушэрскіх пунктаў да абласных бальніц і сучасных медыцынскіх цэнтраў. Высокатэхналагічныя аперацыі праводзяцца ва ўсіх рэгіёнах краіны.

"Разам з тым у медыцынскай сферы трэба зрабіць яшчэ вельмі шмат, - лічыць беларускі лідар. - У 2016 годзе трэба ўзмацніць прафілактыку захворванняў, паколькі хваробу прасцей папярэдзіць, чым лячыць. У насельніцтва неабходна сфарміраваць навыкі культуры здароўя, пачынаючы з ладу жыцця, правільнага харчавання, адмовы ад курэння і алкаголю".

Трэба ўскалыхнуць настаўніцтва

"Веды многіх выпускнікоў навучальных устаноў прымушаюць, на жаль, жадаць лепшага. Нямала гучыць прэтэнзій і наконт падручнікаў. Але самая галоўная праблема... гэта праблема настаўнікаў. Таму трэба зрабіць усё, каб выхаваць, "нарадзіць" калі хочаце, новага настаўніка", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Трэба ўскалыхнуць наша настаўніцтва, трэба прымусіць настаўніка, як раней, працаваць з сям'ёй, з вучнямі, як гэта было ў наш час, калі настаўнік такі ж час, як у школе, быў у сям'і свайго вучня. Давайце паглядзім, ці так гэта сёння. І колькі вы сустракаліся з настаўнікамі сваіх дзяцей у сябе дома, ці цікавіліся яны гэтым, ці жыве настаўнік праблемамі вучня? Не. Таму гэта наша галоўная задача. Усе астатнія - вырашальныя", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што сістэма адукацыі сёння патрабуе якаснага ўдасканалення. "Я не гавару аб нейкай рэформе, ломцы, як у нас прывыклі гэта рабіць. Трэба рабіць наступны крок. Шчыра кажучы, я ўжо ўчора думаў аб тым, што мы сістэму адукацыі адрэфармавалі, удасканалілі і больш яе не трэба чапаць", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у апошнія гады адбыўся неверагодны касмічны скачок у развіцці грамадства. Новыя тэхналогіі, інтэрнэт проста запаланілі ўвесь свет. "Нам ад гэтага адстаць нельга, перш за ўсё ў адукацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што стаіць задача падрыхтоўкі і выпуску для школ, ССНУ і ВНУ сучаснай вучэбнай літаратуры на самым высокім узроўні. Прычым такое выданне павінна быць і ў электроннай версіі.

Выкладанне ў ВНУ не арыентавана на вырашэнне сённяшніх задач

"Нам трэба часцей - і парламентарыям, і мне, і ўраду - бываць у ВНУ, дзе рыхтуюць і перападрыхтоўваюць кадры. Няхай не крыўдзяцца на мяне кіраўнікі і выкладчыкі ВНУ, але выкладанне ў пераважнай большасці не арыентавана на вырашэнне тых задач, пра якія мы сёння гаворым. Як былі жоўтыя канспекты, закасцянелыя веды, так яны і засталіся. Нам патрэбны новыя людзі з новымі ведамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яшчэ адной важнай задачай застаецца падрыхтоўка і перападрыхтоўка спецыялістаў у адпаведнасці з патрэбнасцямі эканомікі. "У сучасных умовах нельга дапусціць разрыву паміж навукова-тэхнічным узроўнем новай вытворчасці і кваліфікацыяй кадраў. І перападрыхтоўку кадраў трэба весці не ў інстытутах павышэння кваліфікацыі, а непасрэдна на вытворчасці, на тых участках, дзе будуць працаваць спецыялісты і кіраўнікі. Каб людзі бачылі новыя тэхналогіі, новыя ўзоры прадукцыі, новыя методыкі", - упэўнены Прэзідэнт.

Беларускі лідар дадаў, што крызісы прыходзяць і адыходзяць, а людзі застаюцца галоўным рэсурсам краіны. "Кваліфікаваныя кадры - ад рабочага і інжынера да вучонага і кіраўніка - трэба выхоўваць паўсядзённай карпатлівай працай! Даручаю ўраду прыняць неабходныя меры па ўстараненні існуючых праблем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусі не трэба бяздумна капіраваць заходнюю сістэму адукацыі

"Выступаючы за паляпшэнне вышэйшай адукацыі, многія сёння з надзеяй глядзяць на нядаўняе ўступленне Беларусі ў Балонскі працэс. Зразумела, важна, што мы ўліваемся ў нейкую агульнаадукацыйную еўрапейскую "раку". Зможам рэалізаваць цесныя кантакты з замежнымі ВНУ, праводзіць студэнцкія абмены, удзельнічаць у сумесных навуковых праектах. Але пры гэтым не трэба бяздумна капіраваць заходнюю сістэму адукацыі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. У гэтай сістэме, паводле яго слоў, разам з плюсамі ёсць і мінусы, якія трэба адсейваць.

"Беларуская вышэйшая школа яшчэ з савецкіх часоў мае багаты вопыт арганізацыі вучэбнага працэсу, і мы не павінны страціць станоўчыя якасці, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Размова ідзе перш за ўсё аб сістэме патрыятычнага, маральна-этычнага і эстэтычнага выхавання, якая патрабуе ўсялякай падтрымкі і развіцця ў сучасных умовах".

"І тут мне бачыцца асаблівая роля нашай сістэмы адукацыі, якая павінна, па-першае, навучыць моладзь жыць у цяперашнім насычаным і вельмі інфармацыйным асяроддзі. Па-другое, выхоўваць духоўную асобу, прывіваць пачуццё грамадзянскай адказнасці чалавеку з маладых гадоў, каб кожны змог бачыць розніцу паміж дабром і злом і выбіраць менавіта той станоўчы бок любой з'явы", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар адзначыў, што персанальную адказнасць за выхаваўчую работу ў вучэбных калектывах нясуць кіраўнікі ўстаноў адукацыі. Але ў больш шырокім кантэксце гэтыя пытанні пастаянна павінны знаходзіцца ў зоне асаблівай увагі ідэалагічнага актыву краіны і такіх канструктыўных грамадскіх аб'яднанняў, як БРСМ, "Белая Русь", Саюз жанчын, ветэранскія аб'яднанні і, вядома ж, Федэрацыя прафсаюзаў, у якой яшчэ больш шырокія функцыі выхавання чалавека працы і абароны яго правоў.

"Аб задачах і перспектывах далейшага развіцця сістэмы адукацыі і выхавання моладзі мы больш падрабязна, як мною абяцана, і прадметна пагаворым на жнівеньскіх нарадах з педагогамі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Культура павінна адыгрываць больш актыўную ролю ў з'яднанні народа

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што сярод асаблівасцей 2016 года тое, што ён аб'яўлены Годам культуры. "Выклікана гэта тым, што культура, у шырокім сэнсе слова, павінна адыгрываць больш актыўную ролю ў з'яднанні народа вакол стваральных мэт, высокіх маральных прынцыпаў і нашых добрых традыцый. У бесперапынным глыбокім працэсе фарміравання працавітай, адукаванай, духоўна багатай і здаровай нацыі!" - упэўнены Прэзідэнт.

Акцэнт будзе зроблены на мастацкай, творчай сферы. На думку кіраўніка дзяржавы, вялікую ўвагу трэба ўдзяляць і іншым напрамкам: культуры вытворчасці і земляробства, побыту і чалавечых адносін, добраўпарадкавання гарадоў і вёсак, беражлівага захавання гістарычнай спадчыны. "Усё гэта задачы Года культуры", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кожны ўкладзены ў будаўніцтва аб'ектаў культуры рубель павінен прыносіць карысць

Прэзідэнт адзначыў, што на рэалізацыю дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2016-2020 гады закладзены значныя сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. "Урад і мясцовая ўлада абавязаны помніць, што кожны рубель, укладзены ў будаўніцтва і рэканструкцыю аб'ектаў культуры, павінен прыносіць карысць. Нясвіж і Мір, музей Вялікай Айчыннай вайны - добрыя прыклады. Але што далей?" - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць сістэмных падыходаў у сферы культуры. "Калі будзе ўкаранёны сістэмны падыход да мадэрнізацыі ўстаноў культуры, маючых важнае рэспубліканскае значэнне?" - спытаў Прэзідэнт.

Народ Беларусі мае права чакаць ад алімпійцаў дастойнага выступлення

"Мы многага дабіліся ў развіцці спорту вышэйшых дасягненняў. У нас наперадзе галоўны экзамен чатырохгоддзя - Алімпіяда 2016 года. Для спартсменаў і трэнераў у цяперашніх няпростых умовах зроблена ўсё магчымае, каб яны змаглі паказаць у Рыа-дэ-Жанэйра высокія вынікі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І народ Беларусі мае права чакаць ад іх дастойнага выступлення, якім можна будзе ганарыцца".

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі