Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
07 верасня 2017, 17:01

Нацыянальныя чэмпіянаты, тэлетрансляцыі і візы - топ-10 даручэнняў Лукашэнкі па выніках Выканкама НАК

7 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках пашыранага пасяджэння Выканкама НАК Беларусі па пытаннях правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе акцэнтаваў увагу на шэрагу важных момантаў. У іх ліку своечасовая падрыхтоўка і добраўпарадкаванне спаборніцкіх аб'ектаў і навядзенне парадку ў краіне ў цэлым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Нацыянальныя чэмпіянаты і падрыхтоўка аб'ектаў

"У 2018 годзе трэба ўсе беларускія чэмпіянаты па відах спорту правесці на самым высокім узроўні", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што гэта садзейнічае развіццю спорту і спаборнасці ў ім. Акрамя таго, будзе магчымасць апрабаваць спартыўныя аб'екты напярэдадні Еўрапейскіх гульняў. "Чэмпіянат павінен быць дастойным, з добрымі прызавымі. Не проста для паказухі. Гэта не толькі ў 2018 годзе павінна быць, але штогадова. Падключайце ўсіх. І ўрад, і губернатараў", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што спорт - гэта "кроўная справа" губернатараў, а таксама міністраў, якія з'яўляюцца старшынямі наглядальных саветаў у федэрацыях. "У вас рэсурс. Калі ласка, дзейнічайце, дапамагайце, накіроўвайце. Калі да вас (губернатараў) нехта будзе прыязджаць за якой-небудзь нібыта дапамогай - гэта не дапамога, гэта ваш абавязак. Закручвайце на месцах сваіх падначаленых і іншых, хто займаецца спортам, каб давалі рэзультат", - запатрабаваў беларускі лідар.

Урад павінен мець канчатковы пералік задзейнічаных аб'ектаў, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. "І калі Еўрапейскія алімпійскія камітэты не падганяюць нас сёння ўзгадняць гэтыя аб'екты, то мы павінны дыктаваць тэмпы работ і дзесьці ЕАК на гэта накіроўваць. Яны гэта ацэняць. Але пакуль размоў шмат, а канкрэтных рашэнняў мала. Не трэба адкладваць", - адзначыў ён.

Прэзідэнт прывёў у прыклад сітуацыю па мінскім стадыёне "Дынама". "Не трэба даводзіць да аўралу работы на аб'ектах і ў краіне наогул. Трэба пакрыху рухацца ў гэтым напрамку. Гэта ж застанецца. Яно нікуды не дзенецца, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае - усе гэтыя аб'екты павінны быць загадзя пабудаваны, мадэрнізаваны і апрабаваны. Там мы правядзём чэмпіянаты Беларусі, пра якія я сказаў, і будзем даводзіць аб'екты да розуму, калі нешта не так будзе. Інфраструктура - за губернатарамі і ўрадам".

Работа СМІ

"СМІ працуюць вельмі дрэнна. А працаваць умеюць. Вазьміце за ўзор, як вы працавалі на ўборцы ў гэтым годзе. Вы зрабілі так, што ўвесь народ жыў і перажываў, будзем мы з хлебам ці не", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Таму гэтак жа (трэба асвятляць. - Заўвага БЕЛТА) вучэнні "Захад-2017". Потым падрыхтоўка (Еўрапейскіх гульняў. - Заўвага БЕЛТА) у спакойным рэжыме. Але людзей трэба да гэтага падводзіць", - адзначыў беларускі лідар.

Ён даручыў працаваць з такімі буйнымі міжнароднымі каналамі, як "Еўраспорт" і "Еўраньюс", каб і там была інфармацыя аб маючых адбыцца гульнях у Беларусі.

Цяперашняе мерапрыемства, падкрэсліў Прэзідэнт, у цэлым дае старт сур'ёзнай падрыхтоўцы і асвятленню ў СМІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года.

Развіццё турыстычнай галіны

"Вядома, на такіх гульнях (гэта, можа, не галоўнае для нас, але адно з галоўных) усе хочуць зарабіць. Мы зможам як краіна, дзяржава зарабіць на турыстах. Турыстычная галіна павінна ўзняцца на гэтым. Выкарыстоўвайце ўсё для папулярызацыі, у тым ліку інтэрнэт", - сказаў Прэзідэнт.

"Па лібералізацыі візавага рэжыму вопыт ёсць - чэмпіянат свету па хакеі. Таму давайце ў гэтым напрамку дзейнічаць. Трэба з расіянамі дамовіцца аб вырашэнні пытання ўзаемнага прызнання віз і аб усім, што з гэтага вынікае", - даручыў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў важную ролю, якую павінна адыграць МЗС Беларусі ў арганізацыі і падрыхтоўцы да гульняў. "Зняць пытанні - візы, на граніцы, запрашэнні. Садзейнічаць будзем. У нас цэлая армія дыпламатычных работнікаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Спартыўныя вынікі

"Мінспорту і НАК галавой адказваюць за вынік. Наперадзе - урад, перш за ўсё Жарко (віцэ-прэм'ер Васіль Жарко. - Заўвага БЕЛТА)", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на важнасць таго, каб у час Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе разыгрываліся і алімпійскія ліцэнзіі на Токіа-2020. Гэта павінна прыцягнуць топавых спартсменаў і надаць іншы, больш высокі напал барацьбы. "Калі ласка, працуйце. Гэта вельмі важны момант. Гэта еўрапейская алімпіяда павінна быць этапам падрыхтоўкі нашых спартсменаў да Алімпіяды ў Токіа ў 2020 годзе", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Падрыхтоўка кадраў

"Валанцёры, спартыўныя суддзі, вадзіцелі... Усё, што неабходна. У кожнага павінна быць свая праграма. Падключайце, Андрэй Уладзіміравіч (Кабякоў. - Заўвага БЕЛТА), да гэтага міністраў, кіраўнікоў рэгіёнаў", - даручыў Прэзідэнт.

У час мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу на неабходнасці рабіць акцэнт у развіцці спорту на нацыянальных кадрах як сярод спартсменаў, так і трэнерскага складу. Пры гэтым падтрымка спорту будзе аказвацца па розных напрамках, сродкі для гэтага ёсць, але пытанне зарплат і матэрыяльнага стымулявання будзе строга залежаць ад паказанага рэзультату.

Фінансы

"Я не пачуў выразнай карціны па фінансах. Што мы ўкладваем, што атрымаем? Хацелася б, каб да канца года была поўная яснасць", - звярнуў увагу беларускі лідар.

"І галоўнае - як мы будзем выкарыстоўваць потым усё, што створым? Нават не створым, а тое, што набудзем", - паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Пражыванне і харчаванне

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што алімпійская вёска, якая будзе арганізавана на базе студэнцкага гарадка, павінна выглядаць дастойна. "Мы гаварылі тут аб харчаванні і гэтак далей. Не дай бог я зноў пачну ўмешвацца і рабіць заўвагі, што піва павінна быць беларускае, што бульба павінна быць беларуская, таму што ў свеце лепшай няма. Малочныя прадукты, якімі мы паўсвету забяспечваем... - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. - Як толькі нехта возьмецца за імпарт, пачынаючы ад саветнікаў, кансультантаў, кадраў, паставак якой-небудзь прадукцыі, мы адразу ж будзем разглядаць пытанне на прадмет карупцыі".

Тэлетрансляцыі

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Еўрапейскія гульні ў Баку глядзелі ў 145 краінах, але ў Беларусі ёсць шанцы перасягнуць гэты паказчык "у сувязі з тым, што краіна апошнім часам прагучала ў свеце".

Прэзідэнт падкрэсліў, што калі замежныя спецыялісты з лепшых кампаній свету прыцягваюцца для арганізацыі трансляцый, то побач павінны быць "трое-чацвёра з БТ, АНТ, СТБ". "Яны павінны вучыцца, а дзе-нідзе і самі зарабляць грошы на гэтым. Гэта таксама майце на ўвазе", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэба загадзя вызначыцца, па якім маршруце будуць праводзіцца спаборніцтвы па веласпорце, і вырашыць пытанні трансляцыі. Ён адзначыў, што ў свеце велагонкі гэта паказ не толькі самога спартыўнага спаборніцтва, але і асноўных культурных цэнтраў, прыроды і краіны ў цэлым. "Ужо сёння трэба вызначыць гэты маршрут - 250 км па шашы. Гэта ж вялікая адлегласць. Як мы будзе трансліраваць на ўвесь свет гэту карцінку?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Цырымонія адкрыцця

"Гэта настрой на ўсю еўрапейскую алімпіяду. Таму зрабіце так, каб гэта было нядорага, але вельмі душэўна. Грошай лішніх на гэта няма і не будзе. Не думайце раскідвацца грашыма, рыначным шляхам прыцягваючы сюды невядома каго", - падкрэсліў беларускі лідар.

У час пасяджэння Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не трэба ніякай пампезнасці, а трэба правесці гэта мерапрыемства, як і гульні ў цэлым, прыгожа і душэўна. "Мы не перасягнём адкрыццё Алімпіяды ў Сочы і мерапрыемствы ў Баку. І не трэба. Таму што там затрачаны сотні мільёнаў долараў толькі на адкрыццё і закрыццё... Трэба пабіць гэты рэкорд душэўнасцю, адкрытасцю свайго народа", - сказаў ён.

Шанц узварухнуць краіну

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на Еўрапейскіх гульнях 2019 года жыццё не заканчваецца, наперадзе шмат буйных міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку чэмпіянат свету па хакеі 2021 года.

"Гульні - гэта шанц не толькі ўзварухнуць краіну, народную гаспадарку, але і якасна рушыць наперад у тэхналогіях, адукацыі і кампетэнцыях нашых спецыялістаў. Усё, што мы зробім, усё, чаму навучымся, спатрэбіцца нам і, галоўнае, нашым дзецям. Таму я вельмі спадзяюся, што Андрэй Уладзіміравіч (Кабякоў. - Заўвага БЕЛТА) прымусіць усіх закасаць рукавы - дырэкцыю, міністэрствы, прадпрыемствы, рэгіёны - па ўсіх напрамках, якія мы тут абмяркоўвалі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі