Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 ліпеня 2018, 10:51

На дзяржслужбу трэба прыцягваць самых лепшых і вопытных кіраўнікоў - Лукашэнка

26 ліпеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. На дзяржаўную службу трэба прыцягваць самых лепшых і вопытных кіраўнікоў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе па пытаннях сацыяльна-прававых гарантый дзяржаўных служачых і павышэння прэстыжу дзяржслужбы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што рэалізацыя маштабных праектаў, выкананне тых або іншых рашэнняў шмат у чым залежыць ад прафесіяналізму кіраўніцкіх кадраў. "Ёсць талковыя кіраўнікі - ёсць развіццё і перспектывы ў краіне. Таму да дзяржслужачых выстаўляюцца павышаныя патрабаванні. Гэта павінны быць спецыялісты, якія валодаюць шырокім кругаглядам, здольныя вызначаць стратэгічныя задачы і правільна ацэньваць вынікі прымаемых рашэнняў. Але перш за ўсё дзяржслужачы - чалавек з найвышэйшымі маральнымі якасцямі", - лічыць Прэзідэнт.

На яго думку, у дзяржаўным апараце не павінна быць і намёку на карупцыйныя праявы. "Я думаю, не толькі вы, увесь народ бачыць маю палітыку ў гэтым плане, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Прытым тут няма нічога надзвычайнага і нечаканага для дзяржаўнага служачага. Аб гэтым я гавару пастаянна і гэта краевугольны камень любой маёй прэзідэнцкай кампаніі".

На нарадзе была адзначана неабходнасць перагледзець закон аб дзяржаўнай службе, прагучала таксама прапанова распрацаваць статут або кодэкс дзяржслужачага. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такі дакумент павінен быць абсалютна справядлівым і празрыстым.

"Размова не ідзе сёння аб раздачы нейкіх прэміяльных або падарункаў. Размова павінна ісці аб тым, якія патрабаванні ў якіх нарматыўна-прававых актах павінны выстаўляцца дзяржаўнаму служачаму. Калі гэта будзе, як у ваенных, адпаведны статут - добра, няхай будзе статут. Але людзі і грамадства павінны бачыць, што Прэзідэнт тым самым прад'яўляе вельмі строгія патрабаванні да дзяржслужачых, а за гэта ім належыць гэта, гэта і гэта. За парушэнні пакідаеш пасаду, ідзеш у турму. Людзі павінны гэта ўсё разумець. Таму спачатку патрабаванні да дзяржслужачага, якія ён павінен вельмі строга выконваць, а затым пернікі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за апошнія гады ў краіне праведзена маштабная работа па аптымізацыі колькасці дзяржслужачых: "Іх колькасць скарацілася на чвэрць і складае крыху больш як 30 тыс.", - удакладніў ён. Разам з гэтым Прэзідэнт канстатаваў, што ў дзяржорганах назіраецца негатыўная тэндэнцыя, калі падбор кандыдатаў на вакантныя пасады зацягваецца на месяцы, а тое і гады. "Таму важна вырашыць, як менавіта прыцягнуць у гэту сферу самых лепшых і вопытных кіраўнікоў. Было даручана ўраду ўнесці адпаведныя прапановы, накіраваныя на тое, каб работа ў дзяржапараце была ганаровай і прывабнай", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, наколькі прапанаваныя меры дазволяць павысіць эфектыўнасць работы дзяржаўных служачых - гэта галоўнае, а таксама фінансавым складнікам пытання - на гэта будзе звернута асаблівая ўвага. "Калі вы прыйшлі да мяне з прапановамі аб павышэнні грашовага забеспячэння і зарплат дзяржслужачым, нават не ўзнімайце гэта пытанне, яно раз і назаўсёды вырашана", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе абмяркоўвалася і мэтазгоднасць заснавання медаля "За бездакорную дзяржаўную службу".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі