Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 мая 2017, 14:21

Мінскія гімназісты здзівілі Прэзідэнта макетамі страчаных помнікаў архітэктуры

26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Навучэнцы архітэктурна-мастацкай гімназіі нумар 75 горада Мінска ў рамках праекта "Нам засталася спадчына" аднаўляюць у макетах старадаўнія, у тым ліку страчаныя помнікі архітэктуры. Свае работы яны прадэманстравалі сёння Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку на выстаўцы дасягненняў дзіцячага і маладзёжнага руху "Лідарскія арыенціры - формула поспеху" ў сярэдняй школе нумар 61, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы аднаўляем тое, чаго на гэты момант ужо не існуе. Гэта помнікі архітэктуры, якія былі разбураны людзьмі, часам або войнамі. Некаторыя з іх цяпер знаходзяцца на рэстаўрацыі. Напрыклад, ад велізарнага сядзібнага комплексу Паўлінава застаўся адзін паўразбураны дом, а ад "беларускага Версаля" - сядзібнага ансамбля Шчорсы фактычна нічога не захавалася", - з захапленнем расказваюць гімназісткі Ганна Гамеза і Надзея Фралова.

Макеты ствараюцца па старых дакументах і фатаграфіях, шукаць якія навучэнцам даводзілася і ў замежных крыніцах. Некаторыя пабудовы былі адноўлены нават на аснове ўспамінаў людзей, якія некалі служылі і працавалі ў тых месцах. У рабоце навучэнцы выкарыстоўваюць кардон і падручныя матэрыялы, а памеры некаторых дэталей не дасягаюць нават міліметра.

На выстаўцы гімназісты паказалі, як выглядалі сядзібныя комплексы Паўлінава ў Баранавіцкім раёне, Шчорсы ў Навагрудскім раёне, сядзіба Бонч-Асмалоўскіх у Блоні. Усяго імі адноўлена больш за 30 аб'ектаў, большасць макетаў выстаўлены ў краязнаўчых музеях.

"Мы займаемся гэтым, каб людзі ведалі і помнілі сваю гісторыю. Верым, што наша работа дапаможа аднавіць гістарычную спадчыну нашай краіны. Пацвярджае гэта і ўважлівае стаўленне дзяржавы да такой тэмы. Прыкладам можа стаць Мірскі замак і Нясвіжскі палац", - адзначылі гімназісткі.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работамі навучэнцаў, шчыра здзівіўся іх якасці і дасканаласці. "Прыгажосць, бяры і будуй!" - захапіўся ён. Паводле слоў Прэзідэнта, у цяперашніх умовах і пры сучасных тэхналогіях гэтыя аб'екты нескладана аднавіць.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі