Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 красавіка 2016, 15:29

Лукашэнка згадзіўся з датай 11 верасня для правядзення выбараў у Палату прадстаўнікоў

27 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з датай 11 верасня для правядзення выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Аб гэтым сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына па выніках праведзенай у кіраўніка дзяржавы нарады.

"Сёння абмяркоўвалася пытанне аптымальнай даты выбараў. Прэзідэнт згадзіўся, што гэта 11 верасня. Выбарчая кампанія павінна пачацца не пазней за 10 чэрвеня. Аднак кіраўнік дзяржавы згадзіўся, што выбары павінны быць назначаны (гэта значыць павінен быць падпісаны адпаведны ўказ аб назначэнні даты выбараў. - Заўвага БЕЛТА) крыху раней. Таму плануецца, што выбарчая кампанія будзе пачата на тры дні раней за гранічны тэрмін, а менавіта 7 чэрвеня гэтага года. А 8 чэрвеня Цэнтральная камісія плануе зацвердзіць план арганізацыйных мерапрыемстваў, бюджэт выбараў, межы выбарчых акруг", - паведаміла Лідзія Ярмошына.

"Да гэтага (афіцыйнага назначэння даты выбараў. - Заўвага БЕЛТА) мы стрыманы ў сваіх дзеяннях, і адзінае мерапрыемства, якое плануе Цэнтральная камісія, - гэта зацвярджэнне метадычных рэкамендацый, на аснове якіх будуць працаваць участковыя, тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі. Усё гэта мы плануем зрабіць у сярэдзіне мая, каб да пачатку выбарчай кампаніі ўсе арганізатары выбараў, патэнцыяльныя кандыдаты ўжо мелі дакументы, якімі будзе рэгулявацца выбарчы працэс", - расказала Лідзія Ярмошына.

"У тым ліку ў гэтых дакументах будуць часткова ўлічаны прапановы АБСЕ, выпрацаваныя пасля назірання за выбарамі Прэзідэнта Беларусі", - дадала яна.

Што датычыцца выбараў у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, прадугледжваецца, што яны пройдуць з 18 чэрвеня па 18 верасня гэтага года. Яны праводзяцца паэтапна ў трохмесячны перыяд. "Кожная вобласць і горад Мінск вызначаюць самастойна даты правядзення сходаў дэпутатаў, дзе будуць выбірацца члены Савета Рэспублікі. Супадае толькі перыяд, які вызначае закон, на працягу якога ажыццяўляюцца выбары на тэрыторыі кожнага рэгіёна", - растлумачыла кіраўнік ЦВК.

Чатырохгадовы тэрмін паўнамоцтваў палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання адлічваецца ад іх першых пасяджэнняў і заканчваецца 17 кастрычніка 2016 года для Палаты прадстаўнікоў (першае пасяджэнне адбылося 18 кастрычніка 2012 года) і 18 кастрычніка 2016 года для Савета Рэспублікі (першае пасяджэнне адбылося 19 кастрычніка 2012 года).

Згодна з артыкулам 84 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь выбары ў абедзве палаты парламента назначае Прэзідэнт.

Выбары новага складу палат парламента назначаюцца не пазней за чатыры месяцы і праводзяцца не пазней за 30 дзён да заканчэння паўнамоцтваў палат дзеючага склікання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі