Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 студзеня 2018, 12:08

Лукашэнка зацвердзіў Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2018 год

3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2018 год". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Грашова-крэдытная палітыка захавае стратэгічную накіраванасць на забеспячэнне цэнавай стабільнасці як аснову ўстойлівага і збалансаванага развіцця эканомікі Беларусі.

Асноўнай мэтай грашова-крэдытнай палітыкі ў 2018 годзе стане абмежаванне інфляцыі, што вымяраецца індэксам спажывецкіх цэн, у памеры не больш як 6 працэнтаў (снежань 2018 года да снежня 2017 года).

У 2018 годзе прадоўжыцца правядзенне грашова-крэдытнай палітыкі ў рэжыме манетарнага таргетавання. Яе прамежкавым арыенцірам застанецца шырокая грашовая маса. Прырост сярэдняй шырокай грашовай масы прагназуецца на ўзроўні 9-12 працэнтаў (снежань 2018 да снежня 2017 года).

У рамках пераходу ў сярэднетэрміновым перыядзе да рэжыму інфляцыйнага таргетавання будзе зменены аперацыйны арыенцір: з 2018 года замест рублёвай грашовай базы прадугледжваецца выкарыстанне працэнтнай стаўкі па аднадзённых міжбанкаўскіх крэдытах у нацыянальнай валюце.

Працэнтная палітыка будзе праводзіцца з улікам неабходнасці дасягнення мэтавага паказчыка па інфляцыі. Пры фарміраванні спрыяльных умоў захаваецца накіраванасць працэнтнай палітыкі на паступовае зніжэнне намінальных працэнтных ставак у эканоміцы. У рэальным выражэнні працэнтныя стаўкі плануецца падтрымліваць на дадатным узроўні, што садзейнічае росту зберажэнняў у нацыянальнай валюце, забеспячэнню фінансавай стабільнасці, устойліваму развіццю эканомікі.

З улікам пагашэння ўрадам Беларусі і Нацыянальным банкам унутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце міжнародныя рэзервовыя актывы на канец 2018 года складуць не менш як $6 млрд.

У 2018 годзе захаваецца агульная накіраванасць на лібералізацыю валютнай сістэмы па меры фарміравання адпаведных спрыяльных умоў. Прадоўжыцца рэалізацыя мер па зніжэнні ўзроўню даларызацыі эканомікі.

Чакаецца, што вынікам рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў 2018 годзе стане запаволенне інфляцыйных працэсаў, забеспячэнне макраэканамічнай і фінансавай устойлівасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі