Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 красавіка 2018, 13:51

Лукашэнка запатрабаваў неадкладна правесці кантрольныя праверкі па ўсіх выяўленых у АПК парушэннях

3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час рэспубліканскага семінара-нарады аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны краіны запатрабаваў неадкладна правесці кантрольныя праверкі па ўсіх выяўленых у АПК парушэннях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт звярнуўся да кіраўніцтва Генпракуратуры, МУС і КДК. "Правядзіце кантрольныя праверкі неадкладна, і вельмі строга трэба пакараць вінаватых па ўсіх выяўленых у АПК парушэннях і фактах, якія былі сёння даложаны. Далажыце мне - якія прыняты рашэнні, як пакараны вінаватыя", - запатрабаваў ён.

"Хопіць размаўляць на гэтыя тэмы, правядзіце кантрольныя праверкі і прывядзіце ўсіх да прытомнасці", - прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.

"Ігар Анатольевіч, мы з вамі дамаўляліся: да 15 красавіка ўсю тэхніку - на лінейку гатоўнасці", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Ён падкрэсліў, што на месцах гатоўнасць тэхнікі да пасяўной павінна быць у цэнтры ўвагі падраздзяленняў ДАІ. "Глядзіце ўсю тэхніку. Не дай бог, будзе разукамплектавана - неадкладна да адказнасці ўсіх, толькі так мы навядзём парадак. Тэрмін да 15 красавіка, і мне потым даложыце", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівая ўвага таксама павінна быць удзелена выплаце заработнай платы. "Такія пытанні - гэта адказнасць пракуратуры, вельмі сур'ёзна паглядзіце на гэта", - дадаў ён.

Акрамя таго, Прэзідэнт указаў на недастатковасць прымаемых мер па спыненні крадзяжу паліва. Ён упэўнены, што трэба вельмі строга караць за крадзеж як паліва, так і ў цэлым матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцей.

Закранаючы пытанні навядзення парадку ў АПК, кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Ніхто нікога не прымушае прыватызаваць гаспадаркі, і не трэба. Але калі народная гаспадарка, калі дзяржаўнае прадпрыемства - значыць, будзе забяспечаны кантроль з боку ўласніка, гэта значыць дзяржавы".

У ходзе дакладаў генпракурора і міністра ўнутраных спраў былі агучаны шматлікія факты парушэнняў у сферы сельскай гаспадаркі, з якімі Аляксандр Лукашэнка і запатрабаваў разабрацца вельмі строга.

У прыватнасці, генеральны пракурор Аляксандр Канюк праінфармаваў аб выяўленых парушэннях у выніку пракурорскіх праверак. Ён канстатаваў, што ўдалося скараціць колькасць непрацуючай тэхнікі, разам з тым ёсць праблемы з гатоўнасцю і захаванасцю тэхнікі. Згодна з патрабаваннямі ўрада, тэрмін гатоўнасці сельгастэхнікі для правядзення веснавых пасяўных работ - 25 сакавіка. Паводле даных Мінсельгасхарча, аблвыканкамаў, гатоўнасць трактароў, тэхнікі для ўнясення ўгнаенняў і пасяўных агрэгатаў складае 92-93 працэнты.

Разам з тым, як паказалі выбарачныя пракурорскія праверкі, некаторыя з гэтых лічбаў з'яўляюцца сумніўнымі. Так, паводле слоў генпракурора, не адпавядае рэчаіснасці інфармацыя аб гатоўнасці тэхнікі, напрыклад, у асобных гаспадарках Барысаўскага, Чэрвеньскага, Пухавіцкага раёнаў. Такім чынам, назіраецца ўтойванне рэальнай сітуацыі на месцах. Аляксандр Канюк назваў факты неабгрунтаванага спісання тэхнікі. Цяпер органы пракуратуры праводзяць праверкі дзеянняў асоб, якія дапусцілі парушэнні. Так, у мінулым годзе ўзбуджана 59 крымінальных спраў, з іх каля 70 працэнтаў складаюць крадзяжы, у тым ліку ў выніку злоўжывання службовым становішчам. Агульная сума нанесенага ўрону - каля Br250 тыс.

Генпракурор назваў канкрэтны факт, калі ў гаспадарцы Полацкага раёна быў неабгрунтавана спісаны камбайн. У выніку праверкі камбайн канфіскаваны і перададзены гаспадарцы па балансавым кошце.

Выяўлены факты безгаспадарчасці, калі ўваход на мехдвары і да тэхнікі свабодны, разукамплектаваная тэхніка і гнілое збожжа захоўваюцца пад адкрытым небам. "Цяпер гэтаму даецца крымінальна-прававая ацэнка", - сказаў Аляксандр Канюк.

Асобна ён закрануў пытанне забеспячэння палівам. Пракурорскія праверкі паказваюць, што рэальны запас паліва ў некаторых гаспадарках на 1-2 дні. Там сцвярджаюць, што праблемы няма, таму што ёсць магчымасць аператыўнага забеспячэння прадпрыемстваў ГЗМ, аднак па выніках пракурорскіх праверак гэтыя даныя не пацвярджаюцца. Акрамя таго, цалкам не вырашана пытанне з забеспячэннем угнаеннямі.

Генпракурор таксама выказаў занепакоенасць у сувязі з нясвоечасовай выплатай зарплаты ў шэрагу гаспадарак і прывёў канкрэтныя лічбы пратэрмінаванай запазычанасці. Асобна Аляксандр Канюк спыніўся на існуючых выпадках траўматызму, фактах п'янства і кіравання транспартам у стане алкагольнага ап'янення ў гаспадарках. Ён падкрэсліў, што ў адпаведнасці з заканадаўствам прымяняецца і такая мера, як канфіскацыя транспарту.

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч праінфармаваў аб барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ў сферы АПК. У ліку найбольш распаўсюджаных - парушэнні пры правядзенні закупак, за якія вінаватыя прыгавораны да розных тэрмінаў пазбаўлення волі. Цяпер расследуюцца крымінальныя справы ў адносінах да кіраўнікоў Лоеўскага, Ушацкага раёнаў.

Ігар Шуневіч расказаў аб канкрэтных фактах парушэнняў пры экспарце сельгаспрадукцыі, у тым ліку малочнай, пры расходаванні крэдытных сродкаў, атрыманых пад гарантыі ўрада, а таксама аб крадзяжах шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і растраце даверанай маёмасці.

Асабліва ён спыніўся на барацьбе з фіктыўным завышэннем вытворчых паказчыкаў і скажэнні справаздачнасці. "Да 30 працэнтаў злачынстваў, выяўленых у сферы сельскай гаспадаркі, звязаны з унясеннем недакладных даных у дзяржаўную статыстычную справаздачнасць. У большасці выпадкаў да адказнасці прыцягваюцца кіраўнікі і спецыялісты ніжэйшага звяна. Разам з тым асноўнымі ініцыятарамі прыпісак з'яўляюцца вышэйшыя кіраўнікі, якія вымушаюць выканаўцаў да проціпраўных дзеянняў пад пагрозай негатыўных вынікаў у выпадку іх невыканання", - паведаміў кіраўнік ведамства.

Міністр далажыў аб мерах, што прымаюцца па навядзенні парадку і спыненні злачынстваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі