Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 кастрычніка 2016, 11:28

Лукашэнка заклікае да большай празрыстасці ў дзейнасці WADA

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзейнасць Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) павінна быць больш празрыстай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час выступлення на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Па-ранейшаму востра стаяць пытанні барацьбы з допінгам. Беларусь - за чысты спорт. Але калектыўная адказнасць - не лепшы метад. Адхіленне цэлых каманд і краін ад удзелу ў Гульнях - неапраўдана і контрпрадукцыйна, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Пакаранне за парушэнне павінна быць кропкавым і непазбежным, а не ўсеагульным і паспешным. Правы сумленных спартсменаў павінны быць у аснове".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі вітаюць намаганні Міжнароднага алімпійскага камітэта па рэфармаванні сусветнай антыдопінгавай сістэмы. "Большая празрыстасць дзейнасці WADA, уключанасць у работу большай колькасці краін дасць магчымасць пазбегнуць многіх злоўжыванняў і павысіць эфектыўнасць работы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што такі працэс не можа быць кулуарным. "Рэгіянальныя асацыяцыі алімпійскіх камітэтаў павінны стаць пляцоўкамі для выпрацоўкі прапаноў па павышэнні надзейнасці гэтай сістэмы. І Еўрапейскія алімпійскія камітэты проста абавязаны адыгрываць адну з вядучых роляў. Мы гатовы актыўна ўключыцца ў такую работу", - сказаў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі