Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 жніўня 2019, 13:47

Лукашэнка заяўляе аб недапушчальнасці агульнага падыходу ў пытаннях аказання дзяржпадтрымкі

14 жніўня, Касцюковічы /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб недапушчальнасці агульнага падыходу ў пытаннях аказання дзяржаўнай падтрымкі развіццю тых ці іншых напрамкаў. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе ў Касцюковічах аб ходзе выканання ўказа нумар 235 і праграмы развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці на перыяд да 2020 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Рэагуючы на даклад губернатара Магілёўскай вобласці Леаніда Зайца, які агучыў шэраг просьбаў па падтрымцы і льгатаванні, у тым ліку ў жыллёвым будаўніцтве, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Вы тут выклалі свае патрабаванні па ўсёй вобласці як новы губернатар, але мы ў гэтым выпадку разглядаем сем раёнаў. Вось вы гаворыце наконт жылля - трэба гэта зрабіць, і ўсё - ракой пацячэ сюды народ. А колькі ў вас такіх людзей, якім патрэбна жыллё, і яны заўтра застануцца і будуць працаваць? Перш чым прасіць нешта, трэба бачыць гэтых людзей. Нічога агулам нават вам як маладому губернатару ніхто рабіць не будзе".

У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў недапрацоўкі ў сельскай гаспадарцы па паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці. "Вось скажыце, з каго цяпер спытаем?" - паставіў пытанне беларускі лідар.

У частцы падтрымкі вырашэння жыллёвага пытання Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным у першую чаргу арыентавацца на стварэнне вытворчых магутнасцей і працоўных месцаў. "Як было ў савецкія часы: будуецца завод - будуецца жыллё. Зразумела, не ўсім. Спецыялістам, а астатніх набіралі. Мы гатовы падтрымаць (гэта ўсюды па краіне, не толькі тут). Ёсць аб'ект, які будзе выдаваць прадукцыю, зарабляць грошы, ёсць людзі - ім трэба дапамагаць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Будзем падтрымліваць і вас. І перш за ўсё вас, вы няпростую вобласць прынялі. Але майце на ўвазе, што без напружання, пачынаючы ад кіраўніка прадпрыемства і заканчваючы губернатарам, мы не вырашым гэтыя пытанні. Усё павінны быць падлічана і паказана", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў падыход і на прыкладзе горада Касцюковічы: "Добры горад. Я не ведаю, як вы тут працуеце на зямлі, але што датычыцца прамысловасці, улічваючы, што нарэшце цэментны завод заварушыўся, гэта нядрэнны горад. Шчыра кажучы, я не бачу (тут неабходнасці. - Заўвага БЕЛТА) у вельмі вялікім ільгатаванні".

Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць дысцыпліны, як працоўнай, так і тэхналагічнай. "Не будзе дысцыпліны - усё гэта будзе пустое. Вы гаворыце, што тэхніку закупілі - 50 камбайнаў. А вы захаваць гэту тэхніку зможаце?" - паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў кіраўніцтве Магілёўскай вобласці найбольш дасведчаныя спецыялісты ў сельскай гаспадарцы. "Тэхналагічна больш дасведчаных у краіне людзей няма. Вы ведаеце, што рабіць. І трэба ў гэтым напрамку рухацца. Распыляць сродкі мы не будзем. Вы самі шукайце гэтыя сродкі, а мы гатовы вам падставіць плячо пад канкрэтныя аб'екты", - сказаў Прэзідэнт.

Напрыклад, размова пра такія вытворчасці, як фарэлевая гаспадарка "Лахва", якую кіраўнік дзяржавы наведаў у Касцюковіцкім раёне. "Вось рэнтабельнасць, рынак неабсяжны. І ўнутры свабодны рынак, і Расія побач. Чаму такія праекты не падтрымліваць? Будзем падтрымліваць! І такіх шмат праектаў. Трэба канкрэтна вызначыцца", - заявіў беларускі лідар.

Леанід Заяц, гаворачы ў цэлым аб праграме развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, выказаў меркаванне, што яна дзейсная. "За гэты час (2015 год - I паўгоддзе 2019 года. - Заўвага БЕЛТА) мы ўклалі Br770 млн у развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы гэтага рэгіёна, створаны 193 новыя камерцыйныя арганізацыі. І самае галоўнае, што мы не дапусцілі масавага адтоку людзей. Мы працаўладкавалі на гэтай тэрыторыі практычна 20 тыс. людзей. І пры гэтым знізіўся ўзровень датацыйнасці паўднёва-ўсходняга рэгіёна", - сказаў ён.

Губернатар папрасіў прадоўжыць дзеянне ўказа нумар 235 да 2025 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі