Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Лукашэнка заяўляе аб гатоўнасці аднавіць з Малдовай узровень супрацоўніцтва часоў Савецкага Саюза

Прэзідэнт 12.12.2017 | 10:57
У час сустрэчы
У час сустрэчы

12 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам заявіў аб гатоўнасці развіваць супрацоўніцтва з Малдовай, у тым ліку давесці яго да ўзроўню, што існаваў у часы Савецкага Саюза, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дзякуй богу, што ў нашых адносінах з Малдовай абсалютна адсутнічае суб'ектыўны фактар. Ёсць разважлівасць. Калі трэба, мы гатовы аднавіць той узровень эканамічных адносін, які быў у часы Савецкага Саюза. Таму што нічога іншага нам аднаўляць не трэба. Мы ніколі не лічылі Малдову нейкай чужой дзяржавай пасля распаду Савецкага Саюза. Мы перажываем за тое, што там адбываецца", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што як у Малдовы да Беларусі, так і ў Беларусі да Малдовы існуе вялікі інтарэс. Ён адзначыў, што яшчэ ў часы Савецкага Саюза не раз бываў у Малдове. "Квітнеючы, прыгожы край. Ён жа нікуды не знік. Цудоўныя людзі, такія, як беларусы, - працавітыя. Добрыя землі, якія даюць тое, што трэба нам. У нас у плане тэхнікі, якая патрэбна вам, таксама шмат чаго ёсць", - сказаў Прэзідэнт.

"Галоўнае, каб дзяржавы існавалі як адзіныя і цэласныя, не падзеленыя, не раздробленыя, не разарваныя на кавалкі. І каб на гэтых тэрыторыях шчасліва жылі людзі. Калі так будзе, тады прыйдзе і тавараабмен, да якога мы імкнёмся, каб ён быў усё большы і большы", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.

"Калі ў вас будуць якія-небудзь дадатковыя жаданні працаваць на беларускім рынку, у нас праблем не будзе, таму што вы да нас ідзяце з тымі таварамі, якія мы не вырабляем. Калі ў вас будзе магчымасць і жаданне, каб мы шырэй былі прадстаўлены ў Малдове, будзьце ўпэўнены ў тым, што мы гэта зробім хутка і аператыўна", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Павел Філіп падзякаваў беларускаму боку за падтрымку Малдовы ў самыя цяжкія часы, калі ўзнікалі складанасці на міжнародным узроўні. "За гэта вам асобнае дзякуй. Народ наш гэта заўсёды будзе помніць", - сказаў ён.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, на сённяшні дзень адносіны Малдовы і Беларусі даволі актыўна развіваюцца, у тым ліку на ўзроўні кантактаў паміж дзелавымі коламі. "Мы дамовіліся яшчэ пры першым маім візіце, што будзем праводзіць міжурадавыя камісіі два разы ў год. Таму што тады часцей можна падводзіць вынікі і разумець, што ўдалося, а што не ўдалося вырашыць з пастаўленых пытанняў. І гэта дае вынікі", - адзначыў Павел Філіп.

Дагаворная база беларуска-малдаўскіх адносін уключае амаль 70 дакументаў. Па выніках 2016 года тавараабарот склаў $227,1 млн. Аснову беларускага экспарту складаюць нафтапрадукты, цукар, трактары і седлавыя цягачы, лесаматэрыялы, тытунёвыя вырабы, керамічная плітка, плёнка з пластмас, шкловалакно. З Малдовы імпартуюцца вінаградныя віны, кукуруза, каньячная прадукцыя і іншыя тавары АПК, а таксама гіпс, дываны і падлогавыя пакрыцці.

У Малдове дзейнічае больш за 60 прадстаўніцтваў, даччыных прадпрыемстваў, суб'ектаў тавараправоднай сеткі і дыстрыб'ютараў беларускіх прадпрыемстваў. Створаны тры зборачныя вытворчасці: тралейбусаў "Белкамунмаш" у Кішынёве, садова-вінаградарскіх трактароў "Беларус-921" Смаргонскага агрэгатнага завода на базе ТАА "Аграферматэх", трактароў малой магутнасці Бабруйскага завода трактарных дэталей і агрэгатаў у Гагаузіі.

У Беларусі дзейнічае 25 прадпрыемстваў з малдаўскім капіталам, у тым ліку 12 сумесных і 13 замежных.

З 1993 года функцыянуе міжурадавая беларуска-малдаўская камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, яе 18-е пасяджэнне адбылося ў Мінску ў чэрвені 2017 года.

Чарговае пасяджэнне камісіі запланавана правесці ў Малдове ў першым квартале 2018 года.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Традыцыі Яблычнага Спаса Яблычны Спас прыпадае на 19 жніўня. Гэта другі па ліку Спас, што ідзе за Мядовым Спасам (14 жніўня) і папярэднічае Палатнянаму (29 жніўня).