Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 сакавіка 2018, 11:37

Лукашэнка выступае за збалансаваны падыход пры рэфармаванні Падатковага кодэкса

27 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае за збалансаваны падыход пры рэфармаванні Падатковага кодэкса. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй Савета па развіцці прадпрымальніцтва, кіраўніком Апарату Савета Міністраў Аляксандрам Турчыным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У нас павінна быць падатковая сістэма сапраўды няцяжкая. Але дзяржава павінна функцыянаваць. І другое, што абсалютна правільна і дакладна, нас крытыкуюць часам за гэта, нам патрэбны Падатковы кодэкс зручны, просты, каб людзі разумелі яго. Але, рэфармуючы яго, каб мы ні ў той, ні ў іншы бок крэн не зрабілі. Гэта значыць не зрабілі нашу падатковую сістэму празмернай, каб яна не націскала на прадпрымальніцтва. І, з іншага боку, каб мы (гэта яшчэ больш небяспечна) не агалілі дзяржаву. Нельга агаліць асноўныя напрамкі дзейнасці дзяржавы. А гэта - падаткі, грошы", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся працэсамі, што адбываюцца ў прадпрымальніцкім асяроддзі, і работай абноўленага савета. "У сувязі з гэтым я хацеў бы ведаць, калі мы правядзём на ўзроўні Прэзідэнта пасяджэнне гэтага савета. Калі вы будзеце гатовы, каб ён не быў падобны да ранейшага савета, калі яны прыходзілі і пачыналі расказваць, як яны працуюць у сябе на канкрэтным прадпрыемстве і якія ў іх праблемы, і часам папросяць нешта. Мне хацелася б ведаць, як у цэлым ідуць справы і што ў цэлым трэба для прадпрымальніцкага асяроддзя", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як расказаў журналістам Аляксандр Турчын пасля сустрэчы з Прэзідэнтам, цяпер вядзецца вялікая і сістэмная работа над новай рэдакцыяй Падатковага кодэкса. "У Міністэрстве фінансаў створана рабочая група - амаль 60 чалавек. У яе ўваходзяць і прадстаўнікі Савета па развіцці прадпрымальніцтва, прадстаўнікі бізнес-супольнасці. Пасяджэнні рабочай групы праводзяцца 2-3 разы на тыдзень. Акрамя таго, ва ўрадзе пад старшынствам першага віцэ-прэм'ера створана рабочая група больш высокага ўзроўню для таго, каб тыя праблемныя пытанні, якія не вырашаюцца ў Мінфіне, мы маглі выносіць на гэты ўзровень і прымаць рашэнні", - адзначыў ён.

"Як і было даручана Прэзідэнтам, да 1 верасня 2018 года мы павінны ўнесці новую рэдакцыю Падатковага кодэкса. Ідэалогія павінна быць такая - максімальна спрасціць само падатковае адміністраванне. Але ўзровень збіральнасці і ўзровень даходаў бюджэту як мінімум павінен застацца на ранейшым узроўні", - дадаў Аляксандр Турчын.

Як паведамлялася, у кастрычніку 2017 года Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ нумар 370, які прадугледжвае павышэнне ролі Савета па развіцці прадпрымальніцтва за кошт надзялення яго дадатковымі паўнамоцтвамі.

Да кампетэнцыі савета належыць разгляд і ўзгадненне праектаў нарматыўных прававых актаў, у тым ліку тэхнічнага характару, што аказваюць уплыў на парадак і ўмовы вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці. Савет таксама надзелены правам уносіць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства непасрэдна ў Міністэрства эканомікі і ўрад. Гэтыя прапановы з'яўляюцца абавязковымі для разгляду.

Акрамя таго, члены савета могуць удзельнічаць у рабоце грамадска-кансультатыўных саветаў па развіцці прадпрымальніцтва, створаных пры рэспубліканскіх органах дзяржкіравання і іншых арганізацыях, падпарадкаваных ураду, мясцовых органах улады. Практыка паказвае, што менавіта на такіх пляцоўках шляхам дыскусій і абмену меркаваннямі выпрацоўваюцца, а потым і прымаюцца найбольш эфектыўныя рашэнні па рэгуляванні бізнес-сферы.

Указам таксама быў абноўлены склад савета. У яго ўвайшлі прадстаўнікі малога, сярэдняга і буйнога бізнесу, занятыя ў розных сферах эканамічнай дзейнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі