21 чэрвеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка высока ацэньвае ролю еўракамісара па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханеса Хана ў нармалізацыі адносін Беларусі і Еўрасаюза. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з Ёханесам Ханам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў еўракамісару "за ўдзел у палітычным, эканамічным развіцці Беларусі". "Ваша роля значная, перш за ўсё таму, што асноўныя нашы партнёры - Еўрапейскі саюз і Расія, - сказаў Прэзідэнт. - У тым, што ў нас прадаўжаецца нармалізацыя адносін, і, напэўна, яны выйшлі на нейкі ўзровень стабільнасці - велізарная ваша заслуга".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць таго, што ЕС - бліжэйшы сусед Беларусі. "А з суседзямі, паколькі яны ад бога, трэба сябраваць, выбудоўваць партнёрскія адносіны. Дык вось, мы ні ў якім разе не спяшаліся, не абяцалі вам таго, чаго мы не можам зрабіць. Вы прыглядаліся да нас, мы прыглядаліся да Еўрапейскага саюза, - прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. - І ў выніку трансфармацый, што адбываюцца і ў нас, і ў вас, мы прынялі рашэнне, што нядобра нам глядзець адзін на аднаго цераз агароджу і жыць, скоса паглядаючы адзін на аднаго. Мы вырашылі ісці насустрач адзін аднаму, аднаўляць дружалюбныя, партнёрскія адносіны".
"Мы не прасіліся ў Еўрасаюз, але мы хацелі б, каб у нас з ЕС былі такія адносіны, якім бы, можа, зайздросцілі нават члены ЕС. І калі Еўрапейскі саюз на гэта гатовы, мы свой шлях гатовы прайсці", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Закранаючы тэму падпісання дакументаў, што рыхтуюцца, аб партнёрстве паміж Беларуссю і ЕС, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што іх асновай павінны быць менавіта гандлёва-эканамічныя адносіны. "Размовы аб дэмакратыі, свабодзе слова, палітзняволеных, адмене смяротнай кары - гэта само сабой зразумела, мы не знімаем гэта з парадку дня, мы смела і адкрыта пра гэта гаворым. Але асновай з'яўляюцца нашы гандлёва-эканамічныя, фінансавыя адносіны", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.
"Калі мы будзем бачыць у адносінах з ЕС гэта, мы можам смялей ісці і на трансфармацыю, рэфармаванне нашага палітычнага ладу. У адваротным выпадку паўторым лёс Савецкага Саюза, калі не бачылі эканомікі, не бачылі людзей, не разумелі, чым жывуць людзі, а пачалі ламаць палітычную сістэму. Паламалі, разбурылі краіну. Мы робім пэўныя высновы, атрымліваем урокі з гэтага", - дадаў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што "калі трансфармаваць, то трансфармаваць трэба ўсё: паступова, планава, не забываючы пра эканоміку і жыццё людзей". "Гэта павінна быць у аснове", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.-0-