Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 чэрвеня 2017, 18:11

Лукашэнка выпускнікам: вы патрэбны Беларусі, тут ваш дом

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Моладзь - адзін з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час Рэспубліканскага балю выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Не бойцеся складаных задач, стаўце перад сабой амбіцыйныя мэты і ўвасабляйце іх у жыццё. Пастаноўка правільнай мэты - гэта палова поспеху. І помніце - вы патрэбны Беларусі, таму што тут ваш дом. Мы чакаем ад вас актыўнага прыкладання сіл і старанняў. Заўсёды дапаможам і падтрымаем, - сказаў Прэзідэнт. - Але калі хтосьці рызыкне паехаць за мяжу, за граніцу, мы не перашкаджаем гэтаму. Але вы павінны ведаць: лепш, чым дома, вам не будзе. Так, вам могуць даць больш грошай, аб якіх чамусьці ўсе апошнім часам толькі і гавораць. Але помніце: вам не дадуць самага галоўнага - у вас не будзе пад нагамі свайго кавалка зямлі. Гэта дорага каштуе. І, ступіўшы ў сапраўднае жыццё, вы хутка гэта адчуеце".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо заўтра сённяшнія выпускнікі прыйдуць на прадпрыемствы прамысловасці і сельскай гаспадаркі, у школы і медыцынскія цэнтры, у канструктарскія бюро і навуковыя лабараторыі, праявяць свае таленты ў мастацтве, культуры. Магчыма, нехта адкрые сваю справу, стане паспяховым прадпрымальнікам. "Створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны змог рэалізаваць свае здольнасці. Не сумнявайцеся - так і будзе. Але помніце: у асноўным усё будзе залежаць толькі ад вас", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яму асабліва прыемна сустракацца з выпускнікамі беларускіх ВНУ напярэдадні Дня моладзі. "Вы ўвасабляеце лепшыя якасці маладога пакалення краіны. Калі бачыш вашы ажыўленыя твары, іскрыстыя вочы, сэрца напаўняецца верай у дастойную будучыню суверэннай Беларусі. Упэўнены, вы заўсёды зможаце адстаяць нашу незалежнасць, умацаваць эканоміку і аўтарытэт дзяржавы на міжнароднай арэне, захаваць мір і згоду на роднай зямлі", - сказаў ён.

На Рэспубліканскім балі выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды і аб'явіў падзякі Прэзідэнта выкладчыкам і выпускнікам устаноў вышэйшай адукацыі. Пасля заканчэння афіцыйнай цырымоніі гасцей свята чакала насычаная канцэртная і забаўляльная праграма.

Усяго на мерапрыемства запрошаны больш за 270 гасцей, у іх ліку службовыя асобы, кіраўнікі беларускіх дзяржаўных і прыватных ВНУ, выкладчыкі і выпускнікі з усіх абласцей рэспублікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі