Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
28 чэрвеня 2016, 18:25

Лукашэнка вітае гатоўнасць моладзі плённа працаваць і праяўляць ініцыятыву

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на Рэспубліканскім балі выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў заявіў, што вітае гатоўнасць моладзі плённа працаваць і праяўляць ініцыятыву, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я бачу гатоўнасць маладога пакалення плённа працаваць і праяўляць ініцыятыву. І я гэта вітаю. Паколькі вам трэба асвойваць новыя тэхналогіі, развіваць вытворчасць, сферу паслуг, выводзіць беларускую культуру і навуку на лідзіруючыя пазіцыі ў свеце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў сімвалічнасць таго, што выпускнікі пачынаюць сваю дзейнасць у якасці спецыялістаў у першы год новай пяцігодкі, на якую краіна ўскладае вялікія надзеі ў плане дынамічнага развіцця, і падкрэсліў, што дзяржава робіць стаўку на моладзь. "Таму і ў нядаўна прынятай праграме (сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады. - Заўвага БЕЛТА) адным з дзяржаўных прыярытэтаў з'яўляецца палітыка ў адносінах да моладзі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, лёс моладзі неабыякавы дзяржаве, і яна робіць усё, што павінна, у прыватнасці прадастаўляе першае рабочае месца па спецыяльнасці. "Не кожная дзяржава сабе гэта можа дазволіць. Ды і ў нас ішлі вельмі сур'ёзныя дэбаты апошнім часам, як быць у гэтым плане, з-за таго што мы трапілі ў паласу сур'ёзнай турбулентнасці ў эканоміцы, - расказаў Прэзідэнт. - Прапаноўвалі адмовіцца: няхай моладзь, якая скончыла ВНУ, сама вызначаецца ў жыцці. Я катэгарычна супраць гэтага. Мы захавалі для ўсіх вас магчымасць працаўладкавацца, пайсці на работу, але астатняе - за вамі".

Прэзідэнт дадаў, што ў выпускнікоў настае новы, вельмі адказны этап прафесійнага станаўлення. Ён стане своеасаблівай праверкай таго, чаму яны навучыліся і як будуць выкарыстоўваць свае веды ў паўсядзённай практыцы. "Ужо не выкладчыцкія ацэнкі ў заліковых кніжках будуць вызначаць ваш аўтарытэт, а рэальныя справы, працоўныя дасягненні на канкрэтных участках самастойнай работы", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу выпускнікоў на тое, што яны, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, зрабілі свой першы крок у складанае жыццё. "Гэты час, які мы перажываем, складаны тым, што пачаўся, як мы часта гаворым, перадзел свету. Устанаўліваецца новы светапарадак, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - З'явіліся новыя дзяржавы, якія прэтэндуюць пад гэтым сонцам заняць лідзіруючае становішча, а гэтыя месцы ўжо заняты. Таму дзе-нідзе ўспыхваюць лакальныя канфлікты. І галоўнае сёння - уберагчы краіну, уберагчы свет ад глабальнай вайны". Беларускі лідар запэўніў, што дзяржава заўсёды ўдзяляла і будзе ўдзяляць пытанням абароны і бяспекі асаблівую ўвагу. "Будзе мір у краіне - я ўпэўнены, што мы не проста будзем жыць, мы вырашым свае праблемы і дасягнём тых мэт, якія ставім перад сабой", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

На Рэспубліканскім балі выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды выкладчыкам і кіраўнікам беларускіх вышэйшых навучальных устаноў за шматгадовую плённую працу, выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў. Шэрагу выкладчыкаў і студэнтаў была аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі