Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 жніўня 2019, 13:16

Лукашэнка ўзгадніў назначэнне кіраўнікоў у тры раёны Магілёўскай вобласці

19 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ўзгадніў назначэнне кіраўнікоў мясцовых органаў улады ў трох раёнах Магілёўскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраваць Бялыніцкім райвыканкамам будзе Васіль Захарэнка, цяпер ён старшынствуе ў Клімавіцкім раённым Савеце дэпутатаў. Першы намеснік гендырэктара ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Аграмашсэрвіс" Мікалай Сцяпанаў узгоднены на пасаду старшыні Дрыбінскага райвыканкама. Аляксандр Яфімчыкаў, выканаўчы дырэктар па вытворчасці і сельскай гаспадарцы прадпрыемства "Магілёўскае насенне траў", узначаліць Чавускі райвыканкам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўным напрамкам гаспадарчай дзейнасці ў гэтых раёнах з'яўляецца сельская гаспадарка і ёй трэба будзе ўдзяляць асаблівую ўвагу. Акрамя таго, наваспечаным старшыням райвыканкамаў неабходна акунуцца ў цэлым у пытанні эканомікі, вывучыць асаблівасці прамысловасці ў сваіх раёнах і нават заняцца ідэалогіяй - комплекс пытанняў вельмі шырокі. "Будзе няпроста, паколькі вы на перадавой, твар у твар з людзьмі. І кожны дзень вам трэба даказваць ім сваю слушнасць, што вы не дарэмна прыехалі ў гэты раён, - сказаў Прэзідэнт. - Мы выпакутавалі шляхі вырашэння праблемных пытанняў. Гэта вялікая справа, калі ты не проста ведаеш, што трэба рабіць, але ведаеш, як трэба рабіць".

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ў гэтых раёнах ёсць некалькі стратных гаспадарак - з імі неабходна працаваць у першую чаргу. Гэтыя арганізацыі павінны пераймаць вопыт паспяховых сельгаспрадпрыемстваў, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Стратныя гаспадаркі - ваша сфера адказнасці, і туды трэба кінуць усе намаганні, каб іх вывесці на адпаведны ўзровень", - паставіў задачу Прэзідэнт.

Яшчэ адзін важны напрамак дзейнасці - работа з прадпрыемствамі, якія яшчэ ў савецкія гады мелі вялікае значэнне для кожнага раёна. Сельгастэхніка, ПМК - кіраўнік дзяржавы настойліва рэкамендаваў звярнуць увагу на адраджэнне гэтых арганізацый. Паводле яго слоў, у іх ёсць патэнцыял, бо гаспадаркі трэба забяспечваць запчасткамі і палівам, прадпрыемствы маюць патрэбу ў новых вытворчых памяшканнях, а насельніцтва - у жыллі.

"Сельгастэхніка павінна аказваць усе інжынерныя паслугі для насельніцтва раёна і вёскі. Сякеру падвастрыць, касу накляпаць, падрамантаваць машыну, электразварка, газазварка - гэта ўсё было сканцэнтравана ў сельгастэхніцы, цяпер райаграсэрвісе. Некалькі гадоў таму ўсё кінулі - гэта не трэба, цяпер адраджаем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Будаўнічыя ж арганізацыі ў раёнах могуць канкурыраваць з абласнымі і нават рэспубліканскімі прадпрыемствамі, адзначыў Прэзідэнт. Таму ПМК трэба адраджаць нават у невялікіх раёнах, лічыць ён.

"Як у гаспадароў, у вас павінны быць пад рукамі такія прадпрыемствы. У некага яшчэ льнозавод, малаказавод, яшчэ нейкія перапрацоўчыя прадпрыемствы, можа, камбікормавы завод. Выбудоўвайце жыццё ў раёнах. А ў гэтых раёнах ёсць чым займацца, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Вы новыя людзі, прыехалі і вам трэба вывучыць раён, вычленіць з вялікай колькасці праблем тыя, якія трэба вырашыць у бягучым годзе і якія будзеце вырашаць у перспектыве".

На развіццё, у прыватнасці, Бялыніцкага раёна Прэзідэнт звяртаў увагу яшчэ ў ліпені мінулага года ў час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць. "Па Бялыніцкім раёне мы дамовіліся, што да канца 2020 года ўсё павінна быць зроблена. Ніякай шалёнай дапамогі не будзе", - падкрэсліў тады Аляксандр Лукашэнка. Сацыяльна-эканамічныя паказчыкі ў той час у раёне ўпалі, за што кіраўнік дзяржавы строга раскрытыкаваў работу раённай і абласной улады, а таксама членаў урада, адказных за вобласць. Разам з тым Прэзідэнт адзначыў вопыт калгаса "Радзіма", дзе створана паспяховая вытворчасць дзякуючы інавацыйным падыходам да работы і гаспадарчаму стаўленню да справы, і заклікаў арыентавацца на гэту гаспадарку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі