Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 чэрвеня 2016, 13:33

Лукашэнка: у чыстым спорце ў Беларусі больш шанцаў на медалі

27 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае за чысціню ў спорце. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе аб ходзе падрыхтоўкі беларускіх спартсменаў да Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Спорт - гэта вялікая палітыка. Вы бачыце, што адбываецца цяпер, якая ідзе барацьба. Напэўна, усё ж такі нейкі палітычны падтэкст у гэтым ёсць. Калі мы гэтымі допінгамі балаваліся, то мала не падасца. Я абсалютна за чысціню спорту, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Калі нехта прымае забароненыя прэпараты, то з гэтым трэба змагацца. І нам гэта выгадна. Калі мы не будзем прыхільнікамі чыстага спорту, мы прайграем. Таму што вялікія дзяржавы заўсёды знойдуць магчымасць нас у гэтым перайграць. Калі чысты спорт, у нас больш магчымасцей заваяваць медалі".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для спорту, у першую чаргу спорту вышэйшых дасягненняў, у Беларусі робіцца ўсё неабходнае. "Не думаю, што нехта можа сказаць, што не хапіла нейкіх сродкаў, каб падрыхтавацца да Алімпіяды", - сказаў беларускі лідар.

Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што "турыстаў" Беларусь у Бразілію не павязе. Ён пацікавіўся, у якіх відах спорту ў нацыянальнай каманды ёсць рэальныя шанцы на дастойнае выступленне, якая колькасць і якасць ліцэнзій. "Усе мы разумеем, што на Алімпіядзе слабых сапернікаў не бывае. З кожным годам усё складаней заваёўваць медалі. Але гэта не падстава для апраўданняў, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Мы адышлі ад практыкі канкрэтных медальных планаў. Напэўна, гэта правільна. Не трэба залішне ціснуць на спартсменаў. Аднак калі мы бачым, што шанцаў няма, няславіць краіну і траціць народныя грошы не трэба".

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў заклапочанасць у сувязі з тым, што адбываецца ў свеце на фоне і вакол Алімпійскіх гульняў. "Усе мы сочым праз СМІ за тым, што спорт пераходзіць у вялікую палітычную плоскасць. Гэта датычыцца і допінгавых пытанняў, асабліва мельдонію, які стаў раптоўна сусветна вядомым. У сувязі з гэтым важна ведаць, ці закранула гэта праблема нашых спартсменаў і наколькі. Утойваць нічога не трэба. Вы бачыце, пачалі калупацца ўжо ў прабірках васьмігадовай даўнасці", - сказаў Прэзідэнт.

"Майце на ўвазе, што не павінна быць сітуацыі, калі ў нас у ходзе выступлення ў Бразіліі або праз восем гадоў пачнуць адбіраць медалі. Гэтага быць не павінна. За такія факты будзе персанальная адказнасць. У Мінску восенню збярэцца ўся алімпійская эліта Еўропы - і нам не павінна быць сорамна на гэтым форуме", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама пацікавіўся, што робіцца для абароны добрасумленных атлетаў ад неспартыўных метадаў уздзеяння.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі