Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 студзеня 2017, 13:28

Лукашэнка: у аснову беларуска-егіпецкага супрацоўніцтва павінны быць пакладзены пытанні эканомікі і абароны

16 студзеня, Каір /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. У аснову беларуска-егіпецкага супрацоўніцтва павінны быць пакладзены пытанні эканомікі і абароны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Егіпта Шэрыфам Ісмаілам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы ўчора змаглі абмеркаваць шэраг праблемных пытанняў, напрамкаў стратэгічнага супрацоўніцтва на будучыню. Дамовіліся аб тым, што ў бліжэйшы час у выніку кантактаў нашых членаў урадаў сфарміруем план дзеянняў на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектывы, які будзе адлюстроўваць сутнасць нашых адносін. Зразумела, у аснову гэтага плана павінны быць пакладзены пытанні эканомікі і абароны, - перакананы Аляксандр Лукашэнка. - Было б вельмі добра, калі б у гэтай дарожнай карце былі канкрэтызаваны асобныя праекты".

Беларусь валодае вялікім прамысловым і навуковым патэнцыялам. "Гэта дасталася нам у тым ліку ад той вялікай краіны, Савецкага Саюза, у якой мы жылі. Тады Беларусь была самым высокатэхналагічным цэнтрам Савецкага Саюза. Тут былі сканцэнтраваны ўсе фінішныя вытворчасці той прадукцыі, якую мы пастаўлялі на экспарт. І пад гэту эканамічную базу была падведзена сур'ёзная навука. Мы гэта ўсё захавалі і вывелі на больш высокі, сучасны ўзровень. Таму мы зможам быць канкурэнтаздольнымі на вашым рынку. Але, як я гаварыў ужо Прэзідэнту, гэта будзе для вас значна танней, чым супрацоўніцтва па гэтых напрамках з іншымі краінамі, перш за ўсё з краінамі Захаду", - звярнуў увагу беларускі лідар.

У сваю чаргу Шэрыф Ісмаіл выказаў надзею, што візіт Прэзідэнта Беларусі ў Егіпет пакладзе аснову больш цеснаму супрацоўніцтву паміж краінамі ў эканамічнай і палітычнай сферах. "У прыватнасці, мы спадзяёмся на развіццё супрацоўніцтва ў вытворчасці мэблі, сельскай гаспадарцы, ачыстцы сцёкавых вод і вады для арашэння, - адзначыў прэм'ер-міністр. - Калі вы не супраць, мы на працягу двух тыдняў створым рабочую групу і накіруем яе ў Беларусь для вывучэння магчымасцей супрацоўніцтва ў гэтых галінах".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі