Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 лютага 2018, 13:47

Лукашэнка ставіць задачу вырашыць пытанне прывабнасці жыцця ў вёсцы для моладзі

9 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу вырашыць пытанне прывабнасці для моладзі жыцця ў вёсцы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод лепшым працаўнікам аграрнай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Жыццё імкліва ідзе наперад. На палі і фермы прыходзяць робаты, укараняюцца біятэхналогіі. Каму, як не моладзі, уключыцца ў гэты сучасны рабочы рытм? Пытанне прыцягнення ў сельскую мясцоваць маладых спецыялістаў на гэты момант адно з самых актуальных. Вырашаць яго неабходна як у вёсцы, так і ў гарадах. Думаю, каб дзейнічаць у гэтым напрамку больш эфектыўна, для пачатку трэба аб'ектыўна паглядзець на тое, што перашкаджае жыць і працаваць у вёсцы", - заявіў беларускі лідар.

"Трэба паставіць сябе на месца працаўнікоў вёскі, каб зразумець, што яшчэ неабходна зрабіць для паляпшэння ўмоў іх працы, жыцця і адпачынку. Не менш важна падумаць аб тым, чым можа быць прывабная сёння вёска для моладзі. Што трэба зрабіць, каб яны - сучасныя, актыўныя, адукаваныя людзі - не пакідалі вёску, а, наадварот, імкнуліся прыехаць туды жыць і працаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў свой час у Беларусі ўдзялілі шмат увагі гэтаму пытанню, узнялі на новы ўзровень амаль паўтары тысячы вёсак, ператварыўшы іх у сучасныя аграгарадкі. "Будучыня будзе фарміравацца вакол гэтых аграгарадкоў і ўнутры", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, усім разам трэба будзе яшчэ многае зрабіць, каб жыццё ў глыбінцы стала не толькі камфортным, але і цікавым. Прэзідэнт звярнуў увагу, што прыгожыя і дагледжаныя вёскі і гарадкі, даступнасць для іх жыхароў элементарных даброт цывілізаванага свету - гэта паказчык узроўню культуры ўсёй нацыі. "І няважна, хто будзе жыць і працаваць у вёсцы будучага, чыя яна малая радзіма, - мы ўсе за яе адказныя. Таму што кожны куток краіны - гэта частка Беларусі, нашай агульнай зямлі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта тэма павінна прайсці чырвонай ніткай праз увесь Год малой радзімы, якім у Беларусі аб'яўлены 2018 год. "Ёсць мэта, ёсць напрамак работы, ёсць канкрэтныя аб'екты для прымянення творчай, стваральнай і іншай прыкладной дзейнасці - значыць, павінен быць і рэзультат! А вынікі мінулага года сёння паслужылі добрай падставай адкрыць вялікае рэспубліканскае свята аграпрамысловага комплексу. Спадзяюся, яно стане нашай новай традыцыяй ушаноўвання працаўнікоў вёскі", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі