Сцяг Чацвер, 26 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 чэрвеня 2018, 19:12

Лукашэнка: стадыён "Дынама" стане родным домам для аматараў актыўнага адпачынку

21 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Абноўлены стадыён "Дынама" ў Мінску стане родным домам для аматараў актыўнага адпачынку. Аб гэтым сёння на цырымоніі адкрыцця стадыёна заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Абапіраючыся на традыцыі і вопыт, сёння мы пачынаем новы адлік жыцця вялікага культурна-спартыўнага цэнтра. Усімі рэстаўрацыйна-будаўнічымі работамі тут займаліся выключна беларускія спецыялісты. Выкарыстаўшы перадавыя тэхналогіі, яны беражліва захавалі гістарычную аснову, пры гэтым зрабілі яго сучасным і высокатэхналагічным. Сюды з гонарам можна запрашаць знакамітых спартсменаў з усяго свету, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Перакананы, стадыён абавязкова стане родным домам для аматараў актыўнага адпачынку. З гэтага часу на "Дынама" пастаянна будуць праходзіць самыя маштабныя і цікавыя мерапрыемствы".

Прэзідэнт Беларусі ад імя спартыўных балельшчыкаў, спартсменаў і ўсяго беларускага народа выказаў словы ўдзячнасці за выдатны стадыён. "Крыху асабістае. Мне аднойчы пашчаслівілася гуляць на гэтым стадыёне. І я памятаю, ведаю, што яшчэ вельмі шмат, на шчасце, жывых легенд гэтага стадыёна. І прымаючы рашэнне аб яго адраджэнні, а фактычна - аб нараджэнні на гэтай базе новага фізкультурна-спартыўна-культурнага цэнтра, я думаў аб тых, хто гуляў на гэтым стадыёне, хто звязаў свой лёс з гэтым стадыёнам, хто жыў гэтым стадыёнам, хто хадзіў на гульні, матчы, спаборніцтвы і канцэрты на гэты стадыён. А іх яшчэ мільёны - ад нашых каментатараў-журналістаў да найвялікшых спартсменаў", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб гісторыі легендарнага стадыёна, дзе праходзілі і спаборніцтвы Алімпіяды-80. А ўжо ў 2019 годзе стадыён "Дынама" стане сэрцам II Еўрапейскіх гульняў. Тут пройдуць цырымонія адкрыцця і спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы.

"Спорт і алімпійскі рух служаць высокім і высакародным мэтам. Яны прызначаны аб'ядноўваць краіны і народы, умацоўваць волю і характар атлетаў, дарыць мару падрастаючаму пакаленню. Дык няхай жа і наш абноўлены стадыён будзе адным з сімвалаў гэтых цудоўных ідэалаў!" - пажадаў Прэзідэнт Беларусі.

"Наш народ чакае ад спартсменаў вялікіх дасягненняў. Ён мае права на гэтыя дасягненні. І вы, спартсмены, будзьце дастойны гэтага вялікага народа!", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі