Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 красавіка 2018, 15:56

Лукашэнка раскрытыкаваў некаторыя СМІ за нагнятанне абстаноўкі ў свеце

24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу раскрытыкаваў некаторыя СМІ за нагнятанне абстаноўкі ў свеце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што адсочвае работу СМІ, у тым ліку расійскіх. Ён раскрытыкаваў паводзіны некаторых так званых гаворачых галоў. "Яны ўжо закасваюць рукавы, гатовы ўзяць мінімум кулямёты, гранатамёты, ваяваць з усім светам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Цяпер усе ў гэты касцёр падкідваюць палены. Усе, з усіх бакоў. Раней амерыканцаў папракалі, а цяпер самі туды скаціліся", - канстатаваў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым ён папярэдзіў, што такія падпальшчыкі першымі пацерпяць ад сваіх дзеянняў. "У грамадстве, не толькі ў нас, склалася такая абстаноўка: цяпер распалім гэту вайну, а хтосьці будзе тушыць. І нечыя дзеці сваімі целамі будуць закрываць гэты пажар. Не, пойдуць тыя, хто падпаліць. Разам са сваімі сем'ямі яны будуць тушыць першымі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Таму, перш чым распальваць істэрыю ў грамадстве, дэстабілізаваць абстаноўку, трэба тысячу разоў падумаць, да чаго гэта можа прывесці, дадаў Прэзідэнт. Ён заклікаў не прыпадабняцца да гаворачых галоў, аб якіх гаварыў раней. "Мы не тыя людзі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі народ, нагадаў кіраўнік дзяржавы, праходзіў праз ваеннае ліхалецце, прычым у кожным стагоддзі па некалькі разоў. У якасці прыкладу ён прывёў не толькі Другую сусветную, але і Айчынную вайну 1812 года, Першую сусветную вайну, у якіх найбольш пацярпелі беларусы. "Да гэтага часу ў гісторыі не можам разабрацца. Што там за БНР была, куды нашы нацыяналісты або інтэгратары тады рухаліся. Падзялілі краіну, праз некалькі гадоў паспрабавалі аб'яднаць, потым аб'ядналі, і да гэтага часу ў асобных краінах карты рысуюць з граніцай пад Мінскам", - заўважыў Прэзідэнт.

Беларусам не трэба паўтарэння такога мінулага, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Ад нас павінны зыходзіць толькі мірныя ініцыятывы і размовы, каб увесь свет бачыў у нас сапраўдных міралюбівых людзей, якія зазналі гэтага гора спаўна", - сказаў ён. "Ліміт рэвалюцый і войнаў мы вычарпалі даўно. Нам гэтага не трэба", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі