Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 сакавіка 2018, 10:04

Лукашэнка расказаў, за што любіць лыжныя віды спорту

5 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне "Снежны снайпер", расказаў журналістам, за што любіць лыжныя віды спорту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы не проста наведаў спаборніцтвы, але і сам прыняў удзел у біятлонным забегу разам з вядомымі алімпійцамі краіны. "Гэта была наша агульная ідэя. Мы дамовіліся, што народ павінен іх убачыць пасля гэтай бліскучай перамогі (на Алімпіядзе ў Пхёнчхане. - Заўвага БЕЛТА). Але хіба я мог застацца ўбаку як самы вялікі балельшчык? - спытаў Прэзідэнт. - Гэта прыклад таго, што спортам трэба займацца, асабліва лыжамі. Паверце, я займаюся многімі відамі спорту, але гэты самы карысны, асабліва для мужыкоў".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што спорт для яго як наркотык, і зімой ён заўсёды стараецца стаць на лыжы і правесці трэніроўку. "Калі заняты, позна вечарам прыходжу, дапусцім, у 10-11 гадзін, усё роўна хаця б кіламетраў 7-8 я павінен прабегчыся на лыжах. А калі выпадае больш часу, мы па 2-3 гадзіны бегаем па лыжнай трасе", - расказаў кіраўнік дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, у Беларусі не такая вялікая колькасць дзяцей захапляецца зімовымі відамі спорту, напрыклад біятлонам. Менавіта таму ў краіне вырашылі праводзіць спаборніцтвы "Снежны снайпер". "Мне Вакульчык (Валерый Вакульчык - старшыня КДБ і кіраўнік наглядальнага савета Беларускай федэрацыі біятлона. - Заўвага БЕЛТА) дакладвае, што каля тысячы дзетак у выніку ўзялі на кантроль. Цяпер праверым іх фізічны стан, мы закупілі добрае абсталяванне. Калі бацькі згодзяцца і дзеці будуць здольныя бегаць, яны будуць добрымі спартсменамі. А дзеці ёсць з добрымі задаткамі", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўдзел у "Снежным снайперы", асабліва ў фінальным этапе, юныя біятланісты запомняць на ўсё жыццё. Паколькі гэтыя спаборніцтвы былі арганізаваны на самым высокім узроўні, а ўзнагароды пераможцам уручалі алімпійскія чэмпіёны. "Каштоўнасць гэтых спаборніцтваў у тым, што гэтыя лепшыя дзеткі, гэтыя зярняткі нашай краіны, узяты на кантроль трэнерамі. Мы абавязкова зробім усё, каб з іх у будучым выраслі Домрачавы, Б'ёрндалены, Айдаравы, Паповы - вялікія спартсмены, - заявіў ён. - Рыхтуйцеся па ўсіх відах спорту правесці такія спаборніцтвы".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі