Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 лютага 2018, 12:22

Лукашэнка расказаў аб найноўшым узбраенні, якое пастаўляецца ў армію Беларусі

23 лютага, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця Узброеных Сіл з'яўляецца іх аснашчэнне новым узбраеннем. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 лютага на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 100-годдзю Узброеных Сіл Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця Узброеных Сіл з'яўляецца іх аснашчэнне новым, а таксама мадэрнізаваным узбраеннем і тэхнікай, звярнуў увагу Прэзідэнт. Значную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае беларускі абаронна-прамысловы комплекс.

"Вывучаючы горкі вопыт апошніх канфліктаў, сутыкненняў і войнаў, мы зразумелі, што той вайны, якую мы перажылі, не будзе на нашай зямлі. Не будзе франтоў, танкаў і артылерыі, не будуць кучамі лятаць самалёты: вельмі развіта сучасная зброя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Сёння неабходна развіваць высокадакладную зброю. І Беларусь працуе ў гэтым напрамку, распрацоўваючы ўласнае ўзбраенне. За дапамогу ў гэтай сферы кіраўнік дзяржавы выказаў асаблівую ўдзячнасць кітайскаму боку.

Першым узорам высокадакладнай зброі, якая паступіла ў беларускую армію, стала айчынная рэактыўная сістэма залпавага агню "Паланэз". А ўжо ў кастрычніку 2017 года ў час выпрабаванняў пацверджаны магчымасці гэтай зброі з новай ракетай, якая дазваляе паражаць аб'екты на адлегласці амаль 300 км. "Гэта сістэма перасягнула нашы чаканні. Яна ўжо сёння карыстаецца попытам замежных дзяржаў. І мы пачалі вытворчасць гэтай вельмі дарагой зброі для некалькіх дзяржаў свету, аснашчаючы і сваю армію", - расказаў Прэзідэнт.

Для развіцця проціпаветранай абароны створаны новы айчынны зенітны ракетны комплекс сярэдняй далёкасці, які можа знішчаць паветраныя цэлі, у тым ліку беспілотныя лятальныя апараты і крылатыя ракеты.

Акрамя таго, распрацавана лінейка беларускіх лёгкабраніраваных аўтамабіляў. Пачата вытворчасць і спланавана пастаўка ў войскі айчынных баявых машын "Кайман". "Мы стварылі самыя сучасныя мабільныя падраздзяленні ў нашых Узброеных Сілах, у выпадку канфлікту яны разварочваюцца на працягу дзвюх-трох гадзін. Яны павінны быць мабільнымі, і перад намі стала задача: а як перакідваць падраздзяленні ў патрэбную кропку ваеннага канфлікту. І трэба было ствараць самыя сучасныя браніраваныя аўтамабілі. Мы іх стварылі", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прадаўжаюцца ў Беларусі і работы па мадэрнізацыі і выпрабаванні ўдарных і разведвальных беспілотных авіяцыйных комплексаў. "Вайна ўсё больш прыходзіць да таго, што ў самалётах не будуць сядзець людзі, у танках таксама не будзе ваеннаслужачых. Усё больш і больш гавораць аб тым, што будуць ваяваць робаты. Беспілотныя авіяцыйныя комплексы - гэта і ёсць тыя робаты, якія без знаходжання ўнутры людзей могуць нанесці непапраўную шкоду праціўніку", - сказаў Прэзідэнт.

На працягу бліжэйшых гадоў плануецца закупіць і паставіць у войскі станцыі спадарожнікавай сувязі і мабільныя тэлекамунікацыйныя комплексы.

Немалаважнае значэнне ў падрыхтоўцы войскаў удзяляецца абучэнню салдат і афіцэраў сучасным спосабам вядзення вайны, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Пры ўзнікненні ваеннай пагрозы мы павінны быць гатовы да забеспячэння ўсенароднай абароны Беларусі. 70 тыс. ваеннаслужачых нашай арміі не забяспечаць абарону нашай дзяржавы. Урокі мінулых войнаў і асабліва вайны, якая пракацілася па нас, вучаць нас, што зямлю трэба абараняць усім народам. Для гэтага прадаўжаецца ўдасканаленне сістэмы тэрытарыяльнай абароны. У выпадку ваеннага канфлікту мы можам на працягу кароткага прамежка часу паставіць пад ружжо паўмільёна чалавек і сіламі тэрытарыяльнай абароны забяспечыць абарону важнейшых аб'ектаў. У гэтым сутнасць нашай абароннай дактрыны", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі